Ядравы ўдар па Беларусі не выключаны? Ці праўда ўсё так сур’ёзна і як з гэтым жыць


Калі Расея ўдарыць па Украіне тактычнай ядравай зброяй, NATO можа адказаць ударам па Беларусі як саюзніцы Расеі. А можа адказаць іначай. А можа не ўдарыць. Разбіраемся, як ставіцца да навінаў пра пагрозу Беларусі.

Ядравы выбух у Менску. Ілюстрацыя: Белсат. Калаж з фота: amanderson2 і GPA Photo Archive / Flickr

Чаму пра гэта загаварылі?

Уладзімір Пуцін 21 верасня адкрыта пагражаў ужываннем ядравай зброі ў выпадку «пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці» – якраз на тле таго, што Расея збіраецца прысабечыць яшчэ частку Украіны. Экс-прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў пазней заявіў, што NATO не стане ўмешвацца, калі Расея ўжыве ядравую зброю супраць Украіны. Але Злучаныя Штаты «наўпрост, прыватна» абяцалі Крамлю «катастрафічныя наступствы» ядравага ўдару па Украіне.

Беларусь – ваенны саюзнік Расеі і саўдзельнік расейскага нападу на Украіну. На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расейскія войскі, з тэрыторыі Беларусі страляюць па Украіне. А Аляксандр Лукашэнка апошнім часам кажа, што «ўсё гатова» для пераабсталявання беларускіх самалётаў пад нясенне ядравых зарадаў, і сцвярджае, што размаўляў з Пуціным пра размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядравай зброі. І яшчэ летам Пуцін падкрэсліваў, што дамовіўся даць Беларусі ракетна-тактычныя комплексы «Іскандэр-М», якія могуць несці ў тым ліку ядравыя ракеты.

Аналітыка
Эксперты: Пуцін патрабуе ўдзелу Беларусі ў вайне, Лукашэнка ў нашай краіне больш нічога не вызначае
2022.09.28 15:52

Калі ў БССР была ядравая зброя, беларускія землі афіцыйна разглядаліся як мішэнь для ядравага ўдару ў адказ на агрэсію СССР. З рассакрэчаных планаў ЗША вядома, што яшчэ ў 1956 годзе Штаты разглядалі як патэнцыйныя цэлі дзясяткі беларускіх гарадоў, дзе былі вайсковыя або прамысловыя аб’екты (а ў скрайнім выпадку – і проста буйныя канцэнтрацыі насельніцтва).

І нават без ядравай зброі тэрыторыя Беларусі можа стаць мішэнню. На ваенных вучэннях 2016 года кіраўнікі Рады нацыянальнай бяспекі ЗША разглядалі, як можна адказаць на ўдар Расеі па войсках NATO тактычнай ядравай зброяй падчас гіпатэтычнага нападу Расеі на адну з краінаў Балтыі. Біць па Расеі – рызыкнуць выклікаць узаемную анігіляцыю, не ўжыць ядравай зброі ў адказ – паказаць нерашучасць. Адна з ідэяў – ударыць па Беларусі, хоць тая і не была ўцягнутая ў сцэнар канфлікту.

Стрыжак: «Лёс выпаў жыць у такі час»

Даведка
Андрэй Стрыжак. Скрыншот: Свои/Чужие / Youtube

Пра тыя ваенныя гульні нядаўна згадваў Андрэй Стрыжак – беларускі праваабаронца, кіраўнік фонду BYSOL і аўтар Youtube-каналу «Свои-чужие». У відэаблогу ён адзначаў, што такія думкі ў галовах людзей на пасадах высокага ўзроўню былі яшчэ тады, калі Беларусь не давала сваю тэрыторыю для расейскай агрэсіі і не дапамагала расейскім войскам. Ён прыйшоў да высновы, што ў Беларусі нулявыя шанцы пазбегнуць ролі цэлі ў выпадку ядравага канфлікту.

І як з гэтай інфармацыяй жыць беларусам? Спыталі Стрыжака. Ён адказаў: не хацелася б, каб гэтыя прагнозы спраўдзіліся, але трэба быць рэалістам і глядзець праўдзе ў вочы.

«Улічваючы, што жыццё ў нас адно, а жыць трэба сёння, то я б параіў, па-першае, супакоіцца, гэта самае галоўнае, – кажа Стрыжак. – Не скроліць увесь час навіны, бо самую галоўную навіну вы не прапусціце. Па-другое, прыгадаць тое, што хацелася б зрабіць даўно і што не было зробленае, адкладалася на лепшыя часы. Улічваючы, што цяпер важна падтрымліваць станоўчы псіхалагічны фон, то пастарайцеся сябе радаваць чымсьці».

Таксама Стрыжак параіў перачытаць парады аб паводзінах у выпадку тэхнагенных катастрофаў або канфліктаў, трымаць запас харчоў, вады, батарэек і свечак, рэгулярна абнаўляць запасы. Маўляў, не будзе лішнім у такім турбулентным свеце. І трэба спакойна пагутарыць з блізкімі аб паводзінах у надзвычайных сітуацыях.

Ён разважае: «Лёс выпаў жыць у такі час», упадаць праз гэта ў дэпрэсію не варта. І пералічвае свежыя навіны: ЗША рэкамендуе сваім грамадзянам неадкладна пакінуць Расеі, у Беларусі пачалі раптоўную праверку мабілізацыйнай гатовасці ў вайсковай частцы ў Мачулішчах, хтосьці падарваў газаправод «Паўночная плынь»… Бачна, што канфлікт разрастаецца, а калі вайна носіць не лакальны, а рэгіянальны характар, дык раней ці пазней яна прыйдзе ў Беларусь, упэўнены Стрыжак.

Разбор
Бачу навіны пра пагрозу ядравай вайны. Што зрабіць проста зараз, каб падрыхтавацца?
2022.09.30 10:49

Сур’ёзна, ядравая вайна, удар па Беларусі? Ці далей за словы не зойдзе?

Даведка
Мікалай Сокаў.
Фота: vcdnp.org

Вядучы супрацоўнік Венскага цэнтру раззбраення і нераспаўсюду зброі Мікалай Сокаў даследуе кантроль узбраенняў, тэорыю і практыку міжнародных рэжымаў, стасункі дзяржаваў і альянсаў. У размове з «Белсатам» ён тлумачыць, што гіпатэтычны выбар Беларусі як цэлі ядравага ўдару нічога не значыць.

Тое, што падчас мадэлявання ў 2016 годзе на Беларусь вырашылі скінуць бомбу, значыць толькі тое, што на той момант «так і не прыдумалі, што рабіць», перакананы ён. А пасля ўжо мусіла пачацца сур’ёзная праца над такім сцэнаром.

Сокаў лічыць нават імавернасць ядравага ўдару Расеі па Украіне вельмі малой: з боку Масквы не было нічога, што паказвала б на верагоднасць такога варыянту развіцця падзеяў. Заявы адносна ядравай зброі былі адрасаваныя ЗША і NATO, а не Украіне, і з улікам «істэрыкі, якая паднялася», Сокаў не выключае, што Расея толькі ўзмоцніць свае сігналы:

«Істэрыка наконт ядравай зброі, істэрыка перадусім на Захадзе – гэта адзін з пажаданых вынікаў, гэта адна з прычынаў, чаму робяцца тыя самыя заявы».

Да заявы аб магчымым размяшчэнні расейскай ядравай зброі ў Беларусі ён ставіцца больш сур’ёзна: чакае, што Расея ў бачнай будучыні будзе павялічваць «напор» на ядравую зброю, бо арсенал звычайнай высокадакладнай зброі «вычарпаны» цяперашняй вайной. Гэта лагічна рабіць да таго, пакуль не будзе адноўлены арсенал звычайных узбраенняў, і гэтак раней рабілі і Расея, і NATO. Але гэта не значыць непазбежнай ядравай вайны, а значыць толькі «сігнал».

«Прырода ядравай зброі такая, што часам зусім нічога не трэба рабіць на практыцы, дастаткова зрабіць заяву, – тлумачыць Сокаў. – Гэтая заява была зробленая, а ці паследуюць за гэтым практычныя дзеянні – адкрытае пытанне. Пакуль яны зрабілі заяву, нібыта дасягнулі дамоўленасці, а напраўду нічога абсалютна зроблена не было».

Эксперт прагназуе, што любая эскалацыя між Расеяй і NATO калі і пачнецца, то не з ядравых, а звычайных узбраенняў. Ён дапускае, што Беларусь можа быць уцягнутая ў гэта, асабліва калі ў вайну на ўкраінскай тэрыторыі будзе наўпрост уцягнутая Польшча. Сцэнар з ядравай зброяй нерэалістычны, а хутчэй можна чакаць, напрыклад, няядравага ўдару па чыгуначным пераходзе між Польшчай і Украінай, каб спыніць пастаўкі зброі. Гэта ўжо можа прывесці да далейшай эскалацыі. Але пакуль Беларусь, на ягоную думку, «пакуль што застаецца збоку».

Аналітыка
Анексія, абвяшчэнне вайны, ядравы шантаж. Чаго чакаць пасля акупацыйных псеўдарэферэндумаў
2022.09.27 17:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў