У пашкоджаным пажарам Будслаўскім касцёле завяршылі будаўнічыя работы

У Будслаўскім касцёле, які моцна пацярпеў пасля пажару ў траўні 2021 года, афіцыйна завяршылі будаўнічыя работы, паведамляе тэлеграм-канал «Адновім Будслаў разам!».

Будслаўскі касцёл пасля рамонту. Фота: budslau/Telegram

«Сёння быў падпісаны акт аб увядзенні ў эксплуатацыю рамонтных прац – афіцыйна завершана будаўніцтва. Дзякуем усім ахвярадаўцам і валанцёрам за дапамогу! Наперадзе яшчэ рэстаўрацыя, новыя клопаты і цяжкасці, але разам мы адновім Будслаў», – напісана ў канале.

Для наведвання Будслаўскі касцёл адкрылі яшчэ напрыканцы чэрвеня сёлета – там праходзяць рэгулярныя службы, а ў ліпені на яго базе прайшоў Будслаўскі фэст.

На Будслаўскім фэсце вернікі маліліся за спакой

Будслаўскі касцёл пасля рамонту. Фота: budslau/Telegram

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі моцна пацярпеў пасля пажару. Касцёл у Будславе загарэўся раніцай 11 траўня 2021 года. Пажар удалося згасіць, а таксама ўратаваць галоўны скарб святыні – абраз Маці Божай Будслаўскай. Аднак у касцёле цалкам згарэў і абваліўся дах. У дзень пажару абвесцілі збор сродкаў на аднаўленне помніку сакральнай архітэктуры і мастацтва, валанцёры дапамагалі і фізічнай працай. На аднаўленне вернікі сабралі 1,5 млн руб., але грошы на аднаўленне яшчэ збіраюць.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – парафіяльная каталіцкая святыня, помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння, названы адным з «сямі цудаў Беларусі». Будынак у стылі позняга барока паўстаў у 1783 годзе, а першая згадка пра капліцу на тым месцы была ў 1504 годзе.

Чырвоны касцёл у Менску падазрона зачынілі і нікога не пускаюць. Што кажуць святары, вернікі і ўлады

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны