Пуцін афіцыйна аформіць анексію акупаваных тэрыторыяў Украіны 30 верасня


Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што цырымонія падпісання дамоваў аб далучэнні да Расеі акупаваных тэрыторыяў Украіны адбудзецца 30 верасня. Пра гэта піша «РИА Новости».

«Заўтра ў вялікім Крамлёўскім палацы, у Георгіеўскай зале, у 15:00 адбудзецца цырымонія падпісання дамоваў аб уступленні ў склад РФ новых тэрыторыяў. Будзе аб’ёмнае выступленне прэзідэнта Пуціна на гэтым мерапрыемстве», – сказаў Пяскоў.

Ён адзначыў, што гэта не пасланне прэзідэнта РФ Федэральнаму сходу, а іншы фармат.

Нагадаем, 27 верасня ў самаабвешчаных «ЛНР», «ДНР», а таксама на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай вобласцяў завяршыліся незаконныя псеўдарэферэндумы аб далучэнні да Расеі. На падставе гэтай фіктыўнай працэдуры акупацыйныя ўлады захопленых тэрыторыяў звярнуліся да Крамля з просьбай уключыць чатыры ўкраінскіх вобласці ў склад РФ.

Расейскі бок пагражае, што цяпер спробы ЗСУ вызваліць акупаваныя тэрыторыі будуць расцэньвацца як агрэсія супраць Расеі. 24 верасня міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў адзначыў, што на далучаныя тэрыторыі будзе распаўсюджвацца ядравая дактрына РФ.

Аналітыка
Анексія, абвяшчэнне вайны, ядравы шантаж. Чаго чакаць пасля акупацыйных псеўдарэферэндумаў
2022.09.27 17:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў