«Нам цяжка іх адпраўляць, але мы проста робім сваю працу». Жыццё Бураціі на фоне мабілізацыі


21 верасня ў Расеі афіцыйна абвясцілі мабілізацыю. І ўжо праз некалькі гадзінаў Бурацію, нацыянальную рэспубліку на ўсходзе Сібіры, захліснула хваля паведамленняў аб уручэнні позваў у вёсках і гарадах. Пра будні рэгіёну, які займае другое месца паводле колькасці загінулых на вайне ва Украіне, мы паказваем у фотагісторыі, якую публікуем з дазволу мясцовай фатографкі, чыё імя не пішам з меркаванняў бяспекі.

Прыкладна аб 11-й гадзіне вечара 21 верасня, быўшы ў адной з вёсак Закаменскага раёну Бураціі, я пачула брэх сабак. Да нас дадому ніхто не пагрукаў, але на раніцу стала вядома, што вясковая адміністрацыя ноччу ўручала позвы з патрабаваннем прыбыць з рэчамі ў прызыўны пункт да 1-й гадзіны ночы.

Насельніцтва вёскі складае прыкладна 500 чалавек, у спісе прызваных – 22 мужчыны (сярод іх ёсць мой 49-гадовы дзядзька, які ніколі не служыў). Паводле жыхароў суседняй вёскі (насельніцтва 323 чалавекі), з яе прызвалі 16 чалавек. Мужчынам давалі дзве гадзіны на зборы або патрабавалі з’явіцца ў прызыўны пункт раніцай для адпраўкі ў вайсковыя часткі, размешчаныя ва Улан-Удэ.

Дом культуры Закаменску, дзе разгарнуўся прызыўны пункт. Да прызыўной працы актыўна прыцягваюць працаўнікоў бюджэтных установаў. Так, афармленнем дакументаў у прызыўным пункце Закаменску займаліся работніцы Дому культуры.
Фота: А. Ш.

Дарэчы, у Закаменскім раёне прызыўныя пункты сутыкнуліся з праблемай – многія з мужчынаў, унесеных у спісы, адсутнічалі па месцы рэгістрацыі: яны на вахце альбо ў лесе – у Бураціі цяпер самы сезон збору кедравых арэхаў. На трэці дзень мабілізацыі ў раёне пайшлі чуткі, што паліцыя і Нацгвардыя шарсцяць лясы ў пошуках мужчынаў.

Прызыўны пункт у Доме культуры. Закаменск, Бурація.
Фота: А. Ш.

Да прызыўной дзейнасці актыўна прыцягваюць працаўнікоў бюджэтных установаў. Так, афармленнем дакументаў у прызыўным пункце Закаменску займаліся супрацоўніцы Дому культуры. У некаторых з іх заплаканыя вочы.

«Вы думаеце, нам лёгка? Мы адпраўляем сваіх мужчынаў! Нам цяжка, але мы проста робім сваю працу», – пракаментавала адна з жанчын.

У першыя дні мабілізацыі ва Улан-Удэ не працавала некалькі школаў – педагогі хадзілі па кватэрах і хатах з позвамі. Знаёмая настаўніца распавяла, што яна плакала, калі ўручалі позвы, але мабілізацыю лічыць неабходнай, паколькі інакш Захад знішчыць Расею.

Мабілізаваныя мужчыны п’юць гарэлку перад пасадкай у аўтобус да Улан-Удэ. Мужчыны выказваюць незадаволенасць і нежаданне ехаць на вайну, але толькі ў размове адзін з адным. Людзі не ведаюць, што званок ад працадаўцы з патрабаваннем з’явіцца ў прызыўны пункт незаконны. Супрацоўніцы прызыўнога пункту адказваюць на пытанне мужчыны аб адказнасці за няяўку, вылупіўшы вочы: «Там велізарны штраф і турма!»
Фота: А. Ш.
Банер ля ўваходу ў прызыўны пункт вайсковага камісарыяту Закаменскага раёну Бураціі.
Фота: А. Ш.
Машына аднаго з мабілізаваных мужчынаў. Нягледзячы на налепку, актыўнага жадання ехаць на фронт мужчына не выказваў.
Фота: А. Ш.

Мужчыны незадаволеныя і не выказваюць жадання ехаць на вайну, але толькі ў размове адзін з адным. Яны разгубленыя і напалоханыя. Людзі не ведаюць, што званок ад працадаўцы з патрабаваннем з’явіцца ў прызыўны пункт незаконны. Супрацоўніцы прызыўнога пункта адказваюць на пытанне мужчыны аб адказнасці за няяўку, вылупіўшы вочы: «Там велізарны штраф і турма!»

Аднак нават калі чалавек ведае свае правы і не падпісвае позвы, яго могуць гвалтоўна зацягнуць у аўтобус да мабілізаваных і адправіць на зборы. Закаменскі таксовец распавёў, як да ягонага суседа прыйшлі раніцай з позвай. Той адмовіўся прыходзіць у прызыўны пункт і днём паехаў па сваіх справах. Калі ён запраўляў аўтамабіль, міма ехаў аўтобус з мабілізаванымі. Яго ўбачылі, спыніліся і без рэчаў пасадзілі да астатніх. Машына засталася стаяць на бензастанцыі, пазней яе адбуксіравалі.

Банер з памылкамі рэкламуе ў Закаменску вайсковую службу паводле кантракту. Звесткі з адкрытых крыніц кажуць аб непрапарцыйна высокай смяротнасці сярод вайскоўцаў з Бураціі ў параўнанні з жаўнерамі з Масквы і агулам Расеі. Вялікая колькасць кантрактнікаў у Бураціі тлумачыцца цяжкой сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй і вялікай колькасцю вайсковых частак на тэрыторыі рэспублікі. Маладыя мужчыны вымушаныя выбіраць паміж вахтай, працоўнай эміграцыяй (напрыклад, у Паўднёвую Карэю або Ізраіль) і службай паводле кантракту.
Фота: А. Ш.
Закаменск, Бурація.
Фота: А. Ш.

Шмат якія жыхары рэспублікі пакідаюць краіну і з’язджаюць у Манголію. Эвакуацыяй мужчынаў на аўтобусах бязвыплатна займаюцца фонды «Свабодная Бурація» і «Азіяты Расеі». У гэтыя арганізацыі таксама звяртаюцца з прапановамі дапамагчы з жыллём, працаўладкаваннем і афармленнем дакументаў. Мангольская авіяперавозца «Hunnu Air» абвясціў аб дадатковых рэйсах з Улан-Удэ ва Улан-Батар.

Аляксей і Крысціна хочуць ажаніцца перад мабілізацыяй Аляксея. Яны сустракаліся два гады. Позву за Аляксея падпісаў ягоны бацька. Да сімвалаў Z і V у юнака негатыўнае стаўленне. «Ды я думаю, тры месяцы там пабуду і назад прыеду», – лічыць малады чалавек.
Фота: А. Ш.
Пабрацца шлюбам займае 5–6 хвілінаў. Шлюбы рэгіструюць у парадку жывой чаргі. У горадзе і ў раёнах – чэргі ў банкі, каб аплаціць мыта на рэгістрацыю шлюбу і іншыя паслугі.
Фота: А. Ш.
Галубы перад загсам. Мужчына, які прапаноўвае маладым сфатаграфавацца з галубамі, украінец па бацьку. Сваё стаўленне да вайны і мабілізацыі ён каментаваць адмовіўся.
Фота: А. Ш.
Пярсцёнкі Аляксея і Крысціны, маладзёны пабраліся перад мабілізацыяй Аляксея.
Фота: А. Ш.

Іншыя ж пакорліва чакаюць позву. У крамах, якія гандлююць адзеннем і аксэсуарамі для вайскоўцаў, чэргі. Сваякі мабілізаваных закупляюць паводле спісу ўсе неабходныя рэчы, уключаючы берцы, на суму прыкладна 25 тысяч рублёў.

«Калі прыйдзе позва – пайду, што рабіць», – адказвае на маё пытанне аб мабілізацыі малады бурат, кіроўца.

«Нас трэба ратаваць не ад мабілізацыі, а ад прапаганды», – думаю я.

Загсы рэспублікі абвясцілі аб дадатковым прыёме мабілізаваных для рэгістрацыі шлюбу і ўстанаўлення бацькоўства. Шлюбы рэгіструюць у парадку жывой чаргі, на ўвесь працэс сыходзіць пяць-шэсць хвілінаў. Дацаны перажываюць наплыў вернікаў: людзі ходзяць да ламаў і заказваюць малітоўныя службы, каб мужчына быў цэлы і здаровы.

У красавіку невядомыя сапсавалі расцяжку з літарай Z на помніку Леніну, у той жа дзень улады павесілі новую, але з літарай V.
Фота: А. Ш.
Антываенныя надпісы на вуліцах Улан-Удэ практычна не сустракаюцца. А калі сустракаюцца, змест застаецца загадкай. 22 і 24 верасня ў цэнтры гораду адбыліся нешматлікія мітынгі, на якіх затрымалі 11 жанчын.
Фота: А. Ш.
Аэрапорт «Байкал» абвясціў аб дадатковых рэйсах у сталіцу Манголіі Улан-Батар.
Фота: А. Ш.
У крамах, якія гандлююць адзеннем і аксэсуарамі для вайскоўцаў, чэргі. Сваякі мабілізаваных закупляюць паводле спісу ўсе неабходныя рэчы, уключаючы берцы, на суму прыкладна 25 тысяч рублёў.
Фота: А. Ш.
Рэклама вайсковай службы ва Улан-Удэ, Бурація.
Фота: А. Ш.
У крамах, якія гандлююць адзеннем і аксэсуарамі для вайскоўцаў, чэргі.
Фота: А. Ш.
Перад тым, як сесці ў аўтобус да Улан-Удэ. Закаменск, Бурація.
Фота: А. Ш.
Развітанне з мабілізаванымі. Сітуацыя для вёсак Бураціі можа быць крытычнай: наперадзе сібірская зіма, і без мужчынаў, якія сякуць дровы і робяць іншую працу па гаспадарцы ў вёсцы, жанчынам і старым будзе складана. Закаменск, Бурація.
Фота: А. Ш.
Від на горад дарогаю ў вайсковую частку ва Улан-Удэ, дзе трымаюць мабілізаваных мужчынаў перад адпраўкай на зборы. Ад 18-й да 20-й гадзіны штодня сваякі могуць перадаць мужчынам ежу, цыгарэты і рэчы.
Фота: А. Ш.

Генацыд бурацкага народу – так актывісты называюць эфект ад так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі і мабілізацыі ў Бураціі. Звесткі з адкрытых крыніцаў кажуць аб непрапарцыйна высокай смяротнасці сярод вайскоўцаў з Бураціі ў параўнанні з Масквой і агулам з Расеяй.

Ваяваць сыходзяць мужчыны розных узростаў, у тым ліку зусім маладыя жыхары сельскай мясцовасці, якія валодаюць бурацкай мовай. Носьбітаў мовы робіцца ўсё менш, мужчынаў робіцца ўсё менш. Тыя, хто з’язджае, будуць асімілявацца і, магчыма, губляць сваю бурацкую ідэнтычнасць. Такі вынік барацьбы Расеі за «русский мир» для буратаў.

А. Ш. /ММ belsat.eu

Стужка навінаў