«Ён павінен быў разумець, што гэта адназначная параза». Псіхолаг пра паводзіны Андрэя Зельцара


Беларусы Варшавы правялі спантанную акцыю памяці Андрэя Зельцара ля амбасады Беларусі ў польскай сталіцы. У аўторак 28 верасня ў Менску сілавікі ўварваліся ў кватэру супрацоўніка «Epam Systems» Андрэя Зельцара, якога нібыта падазравалі ў датычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці. Завязалася страляніна, падчас якой загінуў Андрэй і адзін з сілавікоў – супрацоўнік КДБ. Варшава, Польшча. 29 верасня 2021 года.
Фота: Святлана Фар / Белсат

Гісторыя з кватэрным рэйдам КДБ, якая скончылася смерцю гаспадара кватэры ды аднаго з супрацоўнікаў, выклікае мноства пытанняў. Асабліва шмат увагі надаецца паводзінам сям’і Зельцараў, якія, нягледзячы на стрэсавую сітуацыю, трымаліся спакойна. Псіхолаг Ала Марціновіч падзялілася з Belsat.eu сваім бачаннем паводзінаў удзельнікаў трагедыі.

Ала Марціновіч прапаноўвае разглядаць Андрэя Зельцара як свядомага чалавека, і ўжо на падставе гэтага дае ацэнку ягоным дзеянням.

– Андрэя мы разглядаем як адэкватнага чалавека, які разумее, з кім ён мае справу. Ён, з’яўляючыся адэкватным, павінен быў разумець, што калі ён адкрывае агонь, то агонь у адказ неадкладна будзе. Натуральна, як чалавек адэкватны, які ведае палітычную сітуацыю ў краіне, які чуе, што там адбываецца за дзвярыма, ён павінен быў разумець, што там, як мінімум, пяцёра чалавек, а можа і дзесяць. Ён павінен быў разумець, што гэта адназначная параза: яго або заб’юць, або схопяць.

Інтэрв’ю
«Андрэй не мог не даць адпор». Размова з сябрам забітага сілавікамі менчука
2021.09.29 15:26

На думку псіхолага, паводзіны Андрэя Зельцара можна патлумачыць лагічна, калі ўлічыць, што ён быў нечым даведзены да адчаю.

– З увагі на тое, што асабісты пратэст даўно сышоў з вуліцаў, як псіхолаг я магу з адказнасцю сказаць, што шмат якія людзі перажываюць не толькі палітычную дэпрэсію, але і адчай, пачуццё бездапаможнасці. Шмат хто паставіў на карту ў рэвалюцыі ўсё: не толькі ўласнае жыццё, свой матэрыяльны дабрабыт, але жыцці і здароўе сваіх блізкіх людзей. То бок у адчаі чалавек мог такое зрабіць, ён мог кінуць выклік уладам, павесці сябе як мужчына. Чаму не? Або, як гэтае відэа паказвае, «вось так можна змагацца з рэжымам, глядзіце». Даведзены нейкай сітуацыяй да адчаю, безумоўна, мог – чаму б і не.

Hавiны
Што вядома пра забітага сілавікамі Андрэя Зельцара
2021.09.29 18:51

Паводле Алы Марціновіч, успрымаць лагічна паводзіны Зельцара не дазваляе наяўнасць у кватэры ягонай жонкі.

– Калі дапускаць ступень адэкватнасці і развіваць далей, то з ім побач маладая жанчына – жонка, з якой, магчыма, у яго добрыя дачыненні. Адна рэч, калі чалавек у адчаі, у стане шоку ці афекту – і адказвае толькі за сябе, але ёсць яшчэ чалавек, за якога ён нясе адказнасць. А адказнасць дае дадатковае пачуццё кантролю, таму тут сітуацыя зусім не зразумелая і не стыкуецца.

Яшчэ больш пытанняў у псіхолага выклікаюць паводзіны жонкі Андрэя Зельцара.

– Тое, што ён мог так зрабіць, калі б ягонай жонкі ўвогуле не было на відэа, я думаю, так, тут было б менш пытанняў. Але пераканаць іншага чалавека, разумеючы, што ён будзе забіты? Я не магу патлумачыць спакой жанчыны. Ёсць інстынкт самазахавання, у кожнага нармальнага чалавека ён спрацоўвае, акрамя шызафрэніка, яшчэ ён не спрацоўвае ў алкаголіка. У яе не спрацаваў інстынкт самазахавання. Вось гэты момант выбівае ўсю шчырасць таго, што адбывалася. Ейныя паводзіны разбураюць цэльнасць усёй канцэпцыі. Яна паводзіла сябе зусім спакойна і адэкватна пры перастрэлцы, працягваючы рабіць тое, што яна рабіла першапачаткова.

Hавiны
Следчы камітэт: Жонка Зельцара затрыманая як саўдзельніца забойства
2021.09.29 00:41

ВК belsat.eu

Стужка навінаў