Чаму з крамаў знікае цукар? Спыталі ў заводу і гандлёвай сеткі


Па ўсёй Беларусі праблемы з цукрам у крамах. Гэта яшчэ не татальны дэфіцыт: дзесьці цукар знікае, з’яўляецца і зноў знікае; дзесьці цэны будуць павышэй; дзесьці можна знайсці пустыя паліцы, а ў суседняй краме цукар будзе. «Белсат» спрабуе высветліць, што адбываецца.

Цукар беларускай вытворчасці.
Фота: cukar.by

Шмат дзе знікае цукар-пясок, хоць рафінад застаецца ў продажы. У Менску з другой паловы мінулага тыдня рэгулярна можна пабачыць у пустыя паліцы там, дзе быў цукар, але ў іншай краме побач цукар будзе. У Барысаве бывае, што можна знайсці толькі цукар катэгорыі «экстра» па 2 рублі 11 капеек за 1 кг, калі цана «стандартнага» была 1,78 р. У Быхаве звычайны цукар ужо бачылі па 2,05 р. У райпа Івацэвіцкага раёну цукру прывозяць крыху, ён адразу знікае. Чытач з Мядзеля кажа, цукру «няма і не прадбачыцца». У Віцебскай вобласці продаж цукру абмежавалі 2 кілаграмамі на чалавека…

Амаль пустая паліца, дзе калісьці быў цукар. Рэчыца, Беларусь. 24 верасня 2021 года.
Фота: чытач Белсату

Версіі выказваліся такія:

  • Магчыма, справа ў росце цэнаў у свеце і ў тым ліку ў суседняй Расеі: выгадней вывозіць цукар за мяжу, чым прадаваць у Беларусі па замарожанай цане.
  • Магчыма, праблема ў кепскім ураджаі: праз спёку буракі не набралі ў час дастатковую масу і цукарнасць.
  • Магчыма, бяда ў песімістычных чаканнях пастаўнікаў і зацягванні паставак, каб потым прадаць цукар падаражэй.
  • Магчыма, гэта везці не хочуць: цэны на паліва выраслі, а расцэнкі на перавозку засталіся ранейшымі.
На Жабінкаўскі цукровы завод дастаўляюць буракі, з якіх потым зробяць цукар.
Фота: sahar.by

Што кажуць на цукровым камбінаце?

Высокапастаўлены супрацоўнік аднаго з цукровых камбінатаў кажа «Белсату»: праблемаў з вытворчасцю няма, сыравіны было дастаткова. Працуе і ягоны завод, і іншыя. І ўсе машыны, што прыязджаюць на камбінат, загружаюць цукрам, а адгрузка за апошні месяц адгрузка вырасла за месяц удвая.

Ілюстрацыйная выява. На Слуцкім цукрова-рафінадным заводзе.
Фота: sugar.by

«Проста рэзкі ажыятаж насельніцтва, гандаль быў не гатовы, – запэўніваюць на цукровым камбінаце. – На цукровых камбінатах цукар ёсць, адгружаем, падоўжаныя дні адгрузкі. Цукру было дастаткова, проста рэзкі ўсплёск. Накруцілі насельніцтва, што падаражае цукар, і насельніцтва кінулася купляць.

Гандаль мо недзе эканоміць: не хочуць пасылаць аўтатранспарт, чакаюць чыгунку, а вагоны замаўляюцца загадзя. Калі б захацелі, забяспечылі насельніцтва цалкам. Цукар на складах ёсць, уся праблема ў гандлі».

Ды асноўная праблема, кажа прадстаўнік заводу, у тых пакупніках, якія замест кілаграму цукру бяруць дзесяць, бо чакаюць падаражэння і «робяць дома склады». На думку суразмоўцы, усплёск разавы: міне хіба яшчэ тыдзень, і людзі пабачаць, што цукар ёсць, дык попыт спадзе.

А што кажуць у крамах?

Прадстаўнік адной з найбуйнейшых сетак кажа «Белсату», што нават не чуў нараканняў на адсутнасць цукру ці праблемы з пастаўкамі, хоць пра пустыя паліцы паведамлялі ў тым ліку ў краме ягонай сеткі.

Цукар у сціках.
Фота: gsr.by

У іншай сетцы запэўніваюць: рост попыту бачаць, робяць павялічаныя замовы. Ды для дастаўкі і выкладкі тавару патрэбны час. А попыт большы і ў параўнанні з мінулым месяцам, і ў параўнанні з тым жа месяцам мінулага году.

«Мы бачым, што прадаем больш – і замаўляем больш, выстаўляем тавар на паліцы, – кажуць у гандлёвай сетцы. – Попыт вырас у некалькі разоў. Дакладныя лічбы агулам не скажу, але гаворка можа ісці пра рост у два-тры разы ў залежнасці ад канкрэтнага рэгіёну, канкрэтнай крамы».

АА belsat.eu

Стужка навінаў