«Мая адказнасць – дарога і адстрэльвацца». Украінскі муфтый змяніў мячэць на машыну парамедыкаў


З пасады муфтыя пасля 13 гадоў службы – у экіпаж парамедыкаў. Мусульманскі духоўны лідар Саід Ісмагілаў склаў паўнамоцтвы, каб дапамагаць эвакуяваць параненых на вайне ўкраінцаў. Расказваем, як змянілася ягонае жыццё пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання, і як Расея ўплывае на арабска-мусульманскія краіны.

Мы сустракаемся з Саідам Ісмагілавым перад ягоным ад’ездам на перадавую. Ён – кіроўца-стралок экіпажу парамедыкаў.

«Вось чуеце зыходны? Вось ён, вось прылёт. Так, гэта па нас лупілі», – Саід Ісмагілаў, кіроўца-стралок экіпажу парамедыкаў паказвае на сваім тэлефоне фрагмент варожага абстрэлу.

Так выглядае звыклы дзень яго працы. Відэа з медпункту, куды ён прывозіць параненых украінскіх вайскоўцаў на Данбасе.

«Калі яны бачаць медычную вайсковую машыну, абавязкова імкнуцца яе падбіць, знішчыць, таму што разлік такі: знішчаеш медыкаў – адпаведна, няма каму дапамагаць параненым».

Саід – кандыдат філасофскіх навук. У мірны час выкладаў ісламазнаўства. Чытаў лекцыі ў Інданезіі, Іярданіі, Турцыі і Катары. 13 гадоў быў на пасадзе муфтыя. Але перад паездкай на фронт – склаў паўнамоцтвы і надзеў вайсковую форму.

«Калі пачалася вайна, калі гінулі і працягваюць гінуць людзі, у тым ліку і цывільнае насельніцтва, дзеці, то насамрэч нармальны мужчына не павінен заставацца ў баку, ён павінен зрабіць тое, што ад яго максімальна залежыць, каб дапамагаць, ратаваць сваю краіну, свой народ».

Саід родам з Данецку, але ў 2014 годзе яму давялося пакінуць родны горад праз рэпрэсіі і пераслед акупацыйных уладаў.

«У тым ліку прыйшлі да мяне дадому, каб мяне арыштаваць. Зразумелая справа, што я ўжо там не жыў».

Вырашыў адразу ж паехаць на перадавую займацца капеланскім служэннем. Там пазнаёміўся з добраахвотнікамі-парамедыкамі. Наступная сустрэча з імі адбылося, калі вораг ужо быў у Кіеўскай вобласці.

Саід Ісмагілаў – былы муфтый, а цяпер кіроўца-стралок экіпажу парамедыкаў. 8 жніўня 2022 года. Украіна.
Фота: Саід Ісмагілаў / Facebook

«Яны якраз у гэты час эвакуявалі вайскоўцаў і цывільных каля ўзарванага мосту ў Раманаўцы. Калі нашы адступалі, для таго, каб расейская бранятэхніка не змагла прасоўвацца на Кіеў, гэты мост праз раку Ірпінь і іншыя масты былі 25 лютага ўзарваныя».

Паколькі рэгіён усесь час заставаўся пад абстрэламі, катастрафічна не хапала экіпажаў. Саід выклікаўся на дапамогу. Акрамя людзей, вывозіў жывёлу, у паніцы кінутую гаспадарамі. Пасля – разам з камандай у ролі кіроўцы-стралка зноў адправіўся на Данбас.

«Я працую на Кей Саваку. Кей Савак – гэта самы небяспечны адрэзак шляху. Наша задача – жывымі давезці да стабпункту, да стабілізацыйнага пункту. Мая як кіроўцы адказнасць – гэта дарога і адстрэльвацца ў выпадку, калі, дапусцім, на нас будзе напад».

Кажа, у працы бывала ўсякае. І страх прысутнічае абсалютна ва ўсіх. Ён дае магчымасць хутка прымаць рашэнні ў стрэсавых сітуацыях. Успамінае, як пры эвакуацыі параненага вайскоўца лопнула кола..

«Гэта значыць, нават калі і ёсць запаска, гэта трэба спыняцца, дамкратам падымаць, раскручваць, ставіць новае кола, але пасярод поля нас у любы момант могуць абстраляць. Прыйшлося з лопнутым колам проста ехаць на вобадзе аж да самага стабпункту, да самага Лісічанску. Вобад кола тытанавага сцёрся аб асфальт так, што яго давялося выкінуць».

Рэпартаж Дудзінскага: Людзі вайны
Беларуска паказала, як трэба дбаць пра жаўнераў на перадавой
2022.07.24 11:05

Нягледзячы на рызыкі, экіпажу кожны раз удаецца быць нябачным для ворага. Саід упэўнены: усё не без Божай дапамогі.

«Адзін мой таварыш, які выходзіў з Ілавайскага акружэння яшчэ ў 2014 годзе, казаў, што калі яны выходзілі з Ілавайску, гучней за ўсіх маліліся тыя, хто да гэтага казаў, што ў Бога не вераць».

Прыхільнікі ісламу па іншы бок фронту – кадыраўцы – не раз пагражалі Саіду за ягоныя поглядаў. Ён з гэтага толькі цешыцца. Таму што разумее, што ўсе іхныя Тык-Ток-войскі створаныя, каб уплываць на сваіх суайчыннікаў.

«Там рэальна да гэтага часу вераць, што свет двухпалярны, што ёсць добрая Расея, якая змагаецца са злоснай Амерыкай. І, зразумелая справа, яны хочуць быць на баку Расеі, таму што яна змагаецца супраць Амерыкі, якая ўводзіла свае войскі ў Ірак, Афганістан, падтрымлівае Ізраіль і гэтак далей».

Інфармацыйна ў арабска-мусульманскіх краінах Расея выйграла – лічыць Саід. Краіна-агрэсар ішла да гэтага мэтанакіравана. І хадзіць далёка не трэба. Дастаткова проста ўключыць «Russia Today», якая ўжо шмат гадоў на арабскай мове транслюе прарасейскія наратывы.

Аналітыка
Паўгода з расейскага ўварвання ва Украіну. Як за гэты час змяніліся бакі канфлікту і навакольны свет
2022.08.24 08:00

Юлія Макаранка, Аляксандр Страційчук, Белсат, Кіеў, Украіна / ІР

Стужка навінаў