379 дзяцей загінулі ва Украіне ў выніку расейскай агрэсіі


Ва Украіне ў выніку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі загінулі 379 дзяцей, больш як 735 былі параненыя, паведамляе Офіс Генеральнага пракурора Украіны.

Паводле звестак ювенальных пракурораў, ад вайны ва Украіне пацярпелі 1114 дзяцей. 379 з іх – загінулі, 735 былі параненыя.

«Гэтыя лічбы не канчатковыя, бо працягваецца пастаянная праца ў месцах актыўных баявых дзеянняў, на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях», – тлумачыць Офіс Генеральнага пракурора Украіны.

Найбольшая колькасць пацярпелых зафіксаваная ў Данецкай вобласці – 388. У Харкаўскай вобласці – 202, Кіеўскай – 116, Чарнігаўскай – 68, Мікалаеўскай – 67, Луганскай – 61, Херсонскай – 55, Запарожскай – 46.

28 жніўня ў выніку расейскіх абстрэлаў жылой інфраструктуры гораду Арыхаў Запарожскай вобласці былі параненыя двое дзяцей 3 і 6 гадоў.

У выніку бамбаванняў і абстрэлаў расейскімі войскамі тэрыторыі Украіны былі пашкоджаныя 2328 установаў адукацыі, 289 з іх былі цалкам знішчаныя.

Пачаўся 187-ы дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Расея ўварвалася ў незалежную Украіну 24 лютага 2022 года. Расейцы не толькі захопліваюць вайсковыя часткі, аэрапорты і іншыя стратэгічныя аб’екты, але страляюць у мірных жыхароў і па цывільных абʼектах. Як паведамляюць украінскія медыі, толькі за мінулыя содні ахвярамі вайны сталі восем цывільных грамадзянаў у Данецкай вобласці.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў