Токенаў на $ 5 млн. Чаму Беларуская чыгунка ідзе ў лічбавыя актывы?


Чыгуначны вакзал. 22 красавіка 2021. Менск, Беларусь.
Фота: ТК / Белсат

Беларуская чыгунка выйшла на рынак лічбавых такенізаваных актываў, выпусціўшы токены на $ 5 млн. Belsat.eu запытаўся ў эканаміста Дзмітрыя Крука, з чым звязаныя такія дзеянні БЧ, а таксама наколькі гэта паўплывае на фінансавае становішча кампаніі.

Прэс-цэнтр Беларускай чыгункі сцвярджае, што кампанія размясціла на інвестыцыйнай платформе банку БелВЭБ Finstore.by токены на суму $ 5 млн пры заяўленым кошце аднаго токена $ 100. Прыбытковасць для інвестараў складае 7,5 % гадавых, а заяўлены тэрмін звароту токенаў – 3 гады. БЧ пакідае за сабой магчымасць датэрміновага выкупу токенаў кожныя паўгода, пачынаючы з верасня 2022 года.

Беларускі эканаміст Дзмітрый Крук не лічыць ICO (выпуск токенаў) ад Беларускай чыгункі важнай падзеяй, бо гэты сегмент фінансавага рынку пачаў паступова развівацца пасля падпісання Дэкрэту № 8 у 2017 годзе: «Ужо ёсць некалькі платформаў, праз якія адбываецца фінансаванне кампаніяў праз ICO. Асноўныя перавагі для пазычальнікаў – гэты працэс вельмі падобны да эмісіі аблігацыяў, але нашмат прасцейшы тэхнічна (у разы менш дакументацыі) і таннейшы. Галоўны мінус для іх – наўрад ці можна разлічваць на сур’ёзныя сумы пазыкаў. Хутчэй гэта свайго роду прыемнае дапаўненне для традыцыйных формаў пазыкаў».

Чыгуначны вакзал. 22 красавіка 2021. Менск, Беларусь.
Фота: ТК / Белсат

У прэс-рэлізе БЧ гаворыцца, што інвестарамі могуць стаць фізічныя і юрыдычныя асобы, а самі токены як лічбавы фінансавы інструмент дапамогуць ім захаваць і павялічыць свае накапленні. Дзмітрый Крук сцвярджае, што для інвестараў ICO таксама нясе свае плюсы і мінусы:

«Галоўная перавага ICO палягае ў рэчышчы прасторы інвеставання. Дадаткова ў нашых умовах многія пазычальнікі прапаноўваюць больш высокую даходнасць у параўнанні, напрыклад, з аблігацыямі. Больш за тое, той самы Дэкрэт № 8 ад 2017 года прапаноўвае яшчэ і падатковыя ільготы. Галоўны мінус для інвестараў – больш высокія рызыкі і меншая ступень абароненасці ў параўнанні з традыцыйным сегментам рынку каштоўных папераў, не кажучы пра банкаўскія дэпазіты».

На думку Дзмітрыя Крука, выхад Беларускай чыгункі на ICO – гэта следаванне апісанаму трэнду. І БЧ тут не першая, нават сярод буйных дзяржаўных кампаніяў. Напрыклад, на той жа платформе раней былі размешчаныя токены Мотавелазаводу і МАЗу, а прыкладаў токенаў кампаніяў з прыватнага сектару нашмат больш.

«Што да Беларускай чыгункі, магчыма, да размяшчэння токенаў падштурхнула і даволі праблемнае фінансавае становішча з, імаверна, недахопам доступу да больш традыцыйных крыніцаў пазыкаў. Але нават калі так, то гэта не робіць з падзеі істотную навіну. Па-першае, заяўлены аб’ём ICO – 5 мільёнаў долараў – даволі сціплы ў адносінах агульнага маштабу Беларускай чыгункі. Па-другое, далёка не факт, што ўвесь гэты аб’ём будзе выкуплены (у публічным доступе няма статыстыкі рынку ICO ў Беларусі)».

Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 21 снежня 2017 года. Згодна з ім, у Беларусі лібералізаваліся ўмовы вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы інфармацыйных тэхналогіяў. Праект быў ініцыяваны беларускім IT-прадпрымальнікам Віктарам Пракапенем і распрацаваны супольна з Паркам высокіх тэхналогіяў і прадстаўнікамі беларускага рынку інфармацыйных тэхналогіяў. Прыняцце Дэкрэту № 8 зрабіла Беларусь першай у свеце краінай, якая ўзаконіла смарт-кантракты (камп’ютарныя алгарытмы, прызначаныя для фармавання, кантролю і давання інфармацыі пра валоданне чым-небудзь)».

Hавiны
«Беларуская чыгунка» масава скасоўвае электрычкі. На днях яна падняла кошты на праезд
2021.08.15 13:55
Hавiны
У Парку высокіх тэхналогій за год – страты больш чым на 20 мільёнаў долараў
2021.08.28 17:30

ВК belsat.eu

Стужка навінаў