«Спадзяваліся, што зʼязджаем часова». Як дзеці беларускіх уцекачоў за мяжою рыхтуюцца да школы


Першага верасня не за гарамі, а гэта значыць, што для бацькоў беларускіх школьнікаў цяпер гарачая пара. Заплаціць за падручнікі, набыць сшыткі, алоўкі, асадкі, школьную форму… і шмат іншага, без чаго вучню не абысціся. А як пачуваюцца тыя, каму давялося пакінуць радзіму разам з дзецьмі ды пачаць новае жыццё ў іншай краіне? «Белсат» паразмаўляў з беларусамі, якія рыхтуюць дзяцей да школы ў Польшчы, Украіне ды Літве.

Літва

Сям’я Насты (імя змененае) пераехала ў Літву за месяц да пачатку навучальнага года. Залічэнне ў літоўскую школу адбываецца звычайна ў сакавіку, таму Наста вельмі перажывала, зможа ейнае дзіця пайсці ў мясцовую школу ці давядзецца прапусціць цэлы год.

«У Літве ўсе, назавем іх бюракратычныя, працэдуры звязаныя з асабістым кодам. Яго маюць грамадзяне і тыя, хто атрымаў від на жыхарства. Без яго досыць складана, але літоўскія ўлады ідуць насустрач беларусам. У нашым выпадку адміністрацыя сама адправіла дакументы ў мэрыю і дапамагла вырашыць усе пытанні. Якіх, дарэчы, было няшмат: досыць заявы ад бацькоў, пашпарта, медычнай даведкі і некалькіх фота. Дарэчы, дзіця можа атрымаць від на жыхарства на падставе навучання ў школе».

Здымак мае ілюстрцыйны характар. Віленская гімназія імя Францыска Скарыны.
Фота: skorinosgimnazija.lt

Усё рыхтаванне да навучальнага года, са словаў Насты, палягае на тым, каб набыць адмысловую форму, кошт якой вагаецца ў залежнасці ад навучальнай установы. Купіць яе можна толькі ў адным спецыялізаваным атэлье.

«Пінжак пацягне недзе на 35 еўраў, спадніца – каля 25, нашыўка з эмблемай школы – 4 еўры, гальштук – 5. Кашулі, панчошкі і іншае можна набыць у розных крамах па самых розных коштах. Заплечнік каштаваў яшчэ 20. Боцікі – ад 10 еўраў.

Агулам тут няма культу падрыхтоўкі да першага верасня. Стэнды з усім неабходным ёсць ва ўсіх крамах, але крэдыты на збор дзіця ў школу тут адсутнічаюць».

Наста кажа, што параўноўваць беларускую і літоўскую адукацыю пакуль ранавата, бо ейная дачка ў школу яшчэ не пайшла. Але заўважае, што пакуль аніякіх асаблівых складанасцяў не было.

«Натуральна, прастора тут выглядае больш страката: ёсць беларускія, расейскія, польскія, ангельскія, нямецкія, габрэйскія школы. Ва ўсіх выкладаюць літоўскую мову, якую трэба здаць, каб мець магчымасць атрымаць бясплатную вышэйшую адукацыю. Але, як паказала практыка, літоўская мова стала, бадай, найменшым з нашых выпрабаванняў, бо пытанне мовы стаіць не так востра, як пытанне пошуку свайго месца».

Украіна

Андрэю (імя змененае) давялося дужа хутка з’язджаць з радзімы пад пагрозай пераследу. А гэта значыць, што часу на тое, каб забраць са школы дакументы дзяцей, зусім не было.

«З чатырох нашых дзяцей двое – школьнага веку. Выпадкова мы даведаліся пра ініцыятыву «Першая беларуская онлайн-школа ва Украіне». Яе заснавала акторка, музыка, лідарка гурта «Naka» Анастасія Шпакоўская для тых, хто з’ехаў з Беларусі, але хацеў бы, каб дзеці працягвалі адукацыю па-беларуску. Праз дамоўленасці з украінскімі прыватнымі школамі онлайн-школа дае ўкраінскі дыплом, але праграма навучання пры гэтым беларуская з беларускай мовай, гісторыяй і літаратурай. Апошнія прадметы вельмі важныя для нас, тым больш што ў Беларусі дзеці навучаліся ў беларускамоўнай гімназіі. З украінскай праграмы тут – гісторыя Украіны, украінская мова і літаратура і, відаць, замежная літаратура. Мы напісалі Анастасіі і ў выніку непрацяглых перамоваў падалі дакументы на навучанне нашай старэйшай дачкі».

Здымак мае ілюстрцыйны характар. Сузаснавальнікі праекту «Kompola» распавядаюць школьнікам, як сартаваць адходы. Кіеў, Украіна. 5 лістапада 2019 года.
Фота: Валянцін Агірэнка / Reuters / Forum

Але праз тое, што навучанне вядзецца онлайн, онлайн-школа Анастасіі Шпакоўскай можа прыняць толькі дзяцей, пачынаючы з 4 класу, якія ўжо здольныя гэтак навучацца. Таму для малодшага сына Андрэя, які ідзе ў трэці клас, давялося шукаць украінскую школу.

«Калі мы прыйшлі ў найбліжэйшую да нас школу, то нам адразу сказалі, што бяруць яго да сябе. Сказалі прыйсці 1 верасня ў вышыванцы. Нашыя дзеці беларускамоўныя. Яны глядзяць фільмы і мультфільмы па-ўкраінску, чытаюць украінскамоўныя кнігі. Таму нейкая база ў іх ёсць. Старэйшай пакуль цяжка размаўляць з равесніцамі ў касцёле, бо кажуць вельмі хутка, і яна не паспявае ўсё зразумець. Але ж у школе яна будзе навучацца онлайн, і далёка не ўсе прадметы будуць па-ўкраінску, таму тут праблемы быць не павінна. Сын жа кажа, што навучыўся ўжо на дзіцячых пляцоўках сябраваць і размаўляць з украінскімі дзецьмі і чакае, каб пайсці ў школу і завесці там новых сяброў».

Марыі і яе дзіцяці давялося пераехаць у Кіеў паводле праграмы рэлакацыі з Беларусі. Дзяўчына не ведае, ці застанецца ва Украіне, таму вырашыла знайсці для свайго дзіцяці онлайн-школу.

«Паступіць у онлайн-школу было даволі лёгка – мы паразмаўлялі праз інтэрнэт з арганізатарамі, дамовіліся, як будзе адбывацца навучанне. Падручнікаў ніякіх з нас не прасілі – сказалі, што гэта ўсё будзе онлайн таксама выдадзена. Кошты там залежаць ад становішча канкрэтнага дзіцяці і ягоных бацькоў: камусьці могуць прапанаваць і бясплатнае навучанне. Агулам залежыць ад узроўню заробку бацькоў – максімальна агучаная сума была 150 долараў. Тут не трэба касцюмчыкаў і нейкага адмысловага абутку. Настаўнікі сказалі, што будуць старацца выкладаць па-беларуску і па-расейску, бо шмат рэпрэсаваных выкладчыкаў пайшлі туды працаваць. Маральна дзіцяці складана, бо яно згубіла ўсё: сяброў, настаўнікаў, дадатковыя заняткі. За гэта вельмі крыўдна. Але ўсе гэтыя праблемы мы будзем імкнуцца вырашаць».

Польшча

Надзея з сынам спадзяваліся, што з’язджаюць з Беларусі часова. Але сітуацыя на радзіме пачала пагаршацца, і таму Надзея прыняла рашэнне застацца ў Польшчы.

«Знайсці навучальную ўстанову ў Польшчы вельмі проста. Калі ты здымаеш кватэру, твая вуліца прыпісана да пэўнай школы, і цябе не могуць не прыняць у школу. Мы напісалі заяву дастаткова позна, у другой палове жніўня, і спачатку нам сказалі, што месцаў няма, і параілі пашукаць іншую школу. Але праз некаторы час усё ж такі пагадзіліся нас прыняць. Школа, да якой адносіцца наш дом, даволі прэстыжная, таму перапоўненая.

Здымак мае ілюстрцыйны характар. Заканчэнне навучальнага года ў адным з агульнаадукацыйных ліцэяў. Варшава, Польшча. 25 чэрвеня 2021 года.
Фота: Mateusz Wlodarczyk / Forum

Сярэдняя адукацыя ў Польшчы цалкам бясплатная. Што датычыцца падрыхтоўкі да школы – тут няма такога, як у нас, калі бацькі перад навучальным годам фанатычна бегаюць па кірмашах і крамах. За некалькі дзён да пачатку навучальнага года адбудзецца ўстаноўчая сустрэча, на якой нам скажуць, што трэба набыць. Школьнай формы тут няма – дзеці ходзяць у тым, у чым зручна. Таму падрыхтоўка да школы зведзеная да мінімуму».

Што да моўнага бар’еру і інтэграцыі ў іншай краіне – пакуль, са словах Надзеі, ніякіх праблемаў у іх не было.

«У сённяшняй сітуацыі ў Польшчы вельмі шмат беларусаў, і пакуль дзеці камунікуюць паміж сабой. Мой дзіцёнак ведае беларускую мову і зусім не ведае польскай, але ў гандлёвых цэнтрах, у кавярні ён не губляецца і выкарыстоўвае беларускія словы. Ён вывучыў «ілі каштуе», можа дамовіцца – скарыстаецца беларускімі словамі, нешта пакажа жэстамі. Таму, да майго здзіўлення, з моўным бар’ерам у дзяцей прасцей, чым у дарослых».

Hавiны
«Апорныя кропкі каляровай рэвалюцыі». Пра што гаварылі Карпенка і Лукашэнка на рэспубліканскім педсавеце
2021.08.24 19:31

Леся з мужам і дванаццацігадовым сынам пераехалі ў Польшчу ў сакавіку – напрыканцы мінулага навучальнага года. Таму школу для сына давялося шукаць аператыўна.

«Нам пашэнціла: нам пайшлі насустрач, і дакументы з беларускай школы аддалі вельмі лёгка. Бо, наколькі мне вядома, нельга было аддаваць дакументы, калі ў нас няма пацверджання, што дзіця будзе вучыцца ў іншай школе. Мы паабяцалі выслаць дакументы, калі ўладкуемся ў Польшчы. Знайсці школу ў Варшаве нам дапамаглі ў адной з фундацыяў, дзе падтрымліваюць беларусаў. Яны вылучылі нам валанцёра – цудоўную дзяўчыну Аляксандру, якая дапамагала нам уладкавацца ў школу, бо я не ведаю, як бы мы давалі рады без ведання мовы. Школа ў нас размяшчаецца ў двары».

Леся кажа, што сыну вельмі складана даецца навучанне ў польскамоўнай школе, і да хлопчыка тут ставяцца па-рознаму.

«Першапачаткова мы дамовіліся, што Ігнат і на наступны год таксама пойдзе ў шосты клас. Бо без ведання мовы навучацца нерэальна. Ён адвучыўся онлайн у красавіку, у траўні ўжо выйшлі на гібрыднае навучанне, потым у канцы траўня – на звычайнае. А вось потым пачалося нешта дзіўнае: настаўніца і дырэктар, на мой погляд, вельмі хацелі пазбавіцца ад Ігната. Ім не патрэбныя, відаць, кепскія паказнікі. Яны пачалі нас выклікаць і схіляць да пераходу ў іншую школу – інтэграцыйную, дзе вучацца дзеці з Чачэніі і дзеці іншых бежанцаў. Але туды дзіцяці дабірацца 40 хвілін, таму мы не пагадзіліся. Раз мы ў Польшчы, то хай ён вучыцца ў польскай школе. Дырэктар школы сказаў, што ў іх няма педагога па інтэграцыі. Пашэнціла, што з сынам у класе вучыўся хлопчык з Украіны, які хацеў яму дапамагаць на ўроках, нешта перакладаць, але іх рассадзілі. Не магу сказаць, што сыну пашэнціла са школай, у яго вельмі цяжкая адаптацыя. Але, па-мойму, толькі нам так не пашанцавала».

Здымак мае ілюстрцыйны характар. Пачатковая школа № 12. Шчэцін, Польшча. 17 траўня 2021 года.
Фота: Dariusz Gorajski / Forum

Леся была вельмі здзіўленая, што нават бацькоўскія сходы ў Польшчы адрозніваюцца ад беларускіх: настаўнікі не параўноўваюць дзяцей, не збіраюць грошы «на патрэбы школы». Таксама жанчыну здзівіла, што не трэба набываць школьнай форму, бо дзеці ходзяць у школу ў паўсядзённай вопратцы.

«Сабраць дзіця ў школу тут не праблема. У Беларусі мы аднойчы аддалі ўвесь заробак за касцюм. Тут такога няма. З падрыхтоўкай да школы нам вельмі дапамог Беларускі дом у Варшаве: сыну падарылі заплечнік і набор школьных прадметаў. За падручнікі тут плаціць не трэба, як у нас. Усё выдавалі ў школе – і працоўныя сшыткі, і падручнікі».

Леся кажа, што сын дужа балюча пераносіць ад’езд з Беларусі, і з польскай мовай яму таксама вельмі складана.

«Калі б мы ведалі, што з’едзем, сын вучыў бы мову раней. Сыну амаль трынаццаць год, пераходны ўзрост. У яго цяпер няма сяброў, ён нікуды не выходзіць, просіцца дадому, сумуе па радзіме і сябрах. У яго з’явіўся нейкі псіхалагічны бар’ер, што тут чужая краіна, ён тут не патрэбны. І мы паступова спрабуем з гэтага выбрацца: ходзім у музеі, у клубы з дзіцячымі аўтаматамі, у піцэрыі – спрабуем забаўляць яго, пераключаць. Але я перакананая, што, падцягнуўшы мову, сын адужае гэта. Усё лета Ігнат займаецца польскай мовай, і ў верасні ён пойдзе ў новы клас – можа быць, будзе прасцей.

Рэпартаж
Да тысячы рублёў: як сабраць дзіця ў школу і застацца з грашыма
2021.08.24 08:00
Hавiны
«Не шмат моладзі хоча вучыцца ў канцлагеры». У большасці беларускіх ВНУ недабор
2021.08.03 17:42

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў