Маша Забара, якая першаю выйшла на пікет да МВФ: У беларусаў за мяжою няма права здавацца


Маша Забара на пікеце каля офісу МВФ. Фота для рэдакцыі

Пастанова МВФ вылучыць Беларусі амаль мільярд долараў, хоць Лукашэнка працягвае ўтрымліваць уладу ў краіне, выклікала хвалю абурэння ў грамадстве. Але імпульс новым пратэстам дала адна дзяўчына. Марыя Забара пачала з адзіночнага пікету, а запусціла цэлую пратэставую плынь. Мы пагутарылі з Машаю пра пікет каля МВФ і рэакцыю беларусаў Амерыкі.

Даведка

Сродкі выдаюць у «спецыяльных правах пазыкі» (Special Drawing Rights, SDR). Гэта вельмі ліквідны плацежны інструмент МВФ, які можа быць абменены на валютныя сродкі або залічаны ў якасці золатавалютных рэзерваў.

«Я чую, як палітыкі ўсіх краінаў, з ЗША ўключна, распавядаюць СМІ, што яны не падтрымліваюць дыктатуры Лукашэнкі і што будуць рабіць усё магчымае, каб дапамагчы Беларусі. А на наступны дзень разварочваюцца і робяць супрацьлеглае. Яны прымаюць законы, падпісваюць дэкларацыі, а гэтыя дэкларацыі ні на што не ўплываюць», – абураецца Марыя.

Артыкулы
#NoGrantForDictator: беларусы пратэстуюць супраць рашэння МВФ
2021.08.25 10:46

Яна адзначыла, што Акт ЗША аб дэмакратыі ў Беларусі, прыняты пасля шматлікіх зваротаў і пікетаў беларусаў, узмацняе магчымасці санкцыйнага ціску Вашынгтону на Менск і пашырае сферы падтрымання беларускай грамадзянскай супольнасці. Дакумент якраз прадугледжвае, што ЗША маюць выказвацца супраць любой дапамогі цяперашняму дзяржаўнаму строю.

«Гэты акт быў прыняты такой кроўю. Паводле яго, Дзяржаўная скарбніца Злучаных Штатаў мусіць сказаць усім міжнародным фінансавым установам, у якіх яны бяруць удзел, што ні ў якім разе ніякае фінансаванне не можа давацца Лукашэнку. А яны нічога не сказалі МВФ, хаця мусяць сказаць. Вось і пытанне: нашто было падпісваць той акт, які ні на што не ўплывае?» – разважае нашая суразмоўца.

Пікет каля офісу МВФ. Фота для рэдакцыі

Да таго, як МВФ абвесціў пра свой намер вылучыць сродкі рэжыму Лукашэнкі, Марыя не брала ўдзелу ў пратэстах дыяспары. Але сітуацыя настолькі ўсхвалявала дзяўчыну, што яна пастанавіла ехаць са свайго гораду ў сталіцу.

«У мяне не было часу з некім знаёміцца і каардынаваць пратэст. Я вырашыла проста паехаць у Вашынгтон. Бо мне не з беларусамі трэба было размаўляць, а з Джэнэт Елен, якая працуе ў Міністэрстве фінансаў (U.S. Department of the Treasury)», – распавядае Марыя.

Даведка
Маша Забара. Фота для рэдакцыі

Яе ўразіла, як беларусы Вашынгтону былі гатовыя дапамагаць пасля таго, як яна напісала ў іхную суполку:

«Я не ведала ніводнага чалавека. А мне патэлефанавалі загадзя. Сказалі, што прынясуць намёт, ежу, сцягі і плакаты. Нават зрабілі дазвол на пратэст, хаця тут можна пікетаваць да 25 чалавек без дазволу. Але яны так зрабілі на ўсялякі выпадак. У выніку мяне сустрэлі ўвечары, прыйшлі людзі з плакатамі, з арт-праектамі, і нават замовілі мне мегафон. І ён рэальна развязаў пытанне, бо так проста стаяць – на мяне ніхто не звяртаў увагі, а з ім мяне было чуваць да самога Белага дому».

Марыя стаяла ў пікеце з раніцы да вечара, хаця разумела, што такі пікет сам па сабе будзе мець мала вагі.

«У пэўны момант мы даведаліся, што Джэнэт Елен у адпачынку, але яна адмяніла грант Афганістану. То калі ім вельмі моцна хочацца, яны могуць што заўгодна вырашыць, таму ніякія адгаворкі не прымаліся», – падкрэсліла дзяўчына.

Разам з новымі знаёмымі з Вашынгтону Марыя пастанавіла ціснуць на палітыкаў праз асабістыя кантакты:

«Беларусы напрацавалі ўжо багата кантактаў з палітыкамі, рабілі петыцыі і размаўлялі з сенатарамі. Нашыя беларусы на «Zoom»-мітынгах тлумачылі палітыкам з нуля, што адбываецца. Людзям, ад якіх рэальна залежыць рашэнне, варта было ўсё тлумачыць.

Тут я зразумела, што гэта не яны вырашылі напляваць на Беларусь, а да іх проста трэба дабрацца і дабіцца».

Даведка
Маша Забара на пікеце каля офісу МВФ. Фота для рэдакцыі

Так пачалася новая хваля кампаніі супраць пераводу грошай МВФ у Беларусь.

«Варта даўбіць з усіх бакоў. Людзі, якія даўно ў актывізме і палітыцы, разумеюць, што ніколі нечым адным не развязваюцца пытанні. Практычна ніколі не развязваецца пытанне велізарным мітынгам, як і аднымі напісаннямі лістоў. Таму мы ўсю ноч пісалі шаблон ліста, які можна было даслаць любому палітыку па ўсім свеце. У лісце канкрэтна напісана, што Лукашэнка і раней не выдаткоўваў грошай на барацьбу з COVID-19, то няма падставаў думаць, што і гэтыя грошы ён пусціць на каронавірус. А галоўнае, што Лукашэнка не легітымны і нам трэба зрабіць нелегітымным увесь ягоны ўрад», – распавядае нашая суразмоўца.

Марыя зазначыла, што ў некаторых краінах актывістам удалося сустрэцца з палітыкамі, якія вызначаюць лёс фінансавай дапамогі Беларусі:

«То бок гэта сапраўдныя людзі, і да іх можна дабрацца. У панядзелак узняліся ўсе разам і зрабілі вельмі шмат здымкаў. Мы гэты калаж адправілі ўва ўсе галоўныя СМІ Злучаных Штатаў і за мяжою. Паглядзім, як яны на гэта адрэагуюць, хаця нам напісалі з розных выданняў».

Марыя прызнаецца, што сама шмат чаго даведалася за апошнія дні: і пра геапалітычныя стасункі, і пра міжнародную эканамічную механіку.

«Я даведалася, што гэтыя сродкі МВФ не выдае за адзін дзень, яны яшчэ не ў кішэні Лукашэнкі, іх можна спыніць. Нават калі гэтыя грошы Лукашэнку не дасць МВФ, ён іх атрымае ад Пуціна, але гэты шлях варта спыніць на будучыню. Гэтак сама, як Афганістану і Венесуэле не выдалі грошай гэтым разам.

А яшчэ я даведалася, што беларусы класна мабілізуюцца па ўсім свеце, калі патрэбна. А яшчэ – што ёсць розныя меркаванні нават у маленькіх дыяспарах і што людзі вучацца працаваць разам, хоць гэта і складана», – падзялілася Марыя.

Маша Забара са Святланаю Ціханоўскай і Антонам Матолькам. Фота для рэдакцыі

Яна адзначыла, што стома людзей, якія кожны дзень працуюць з пратэстам, зразумелая, і вялікая каштоўнасць – падмяняць адно аднаго на гэтай доўгай дыстанцыі:

«У беларусаў, якія жывуць за мяжою, зусім няма права здавацца. Можа, я кажу занадта жорстка. І я цяпер не кажу пра тых, хто нядаўна ўцёк з радзімы і ў каго ўдома сям’я. Я кажу пра такіх, як я, у каго ёсць шанец дапамагчы. Нам трэба паказаць беларусам унутры краіны, што мы пра іх не забываем, бо нам нашмат бяспечней. Я ўласна лічу, што ў мяне няма права здавацца. Вядома, з-за мяжы мы не зможам зрабіць усяго, і асноўнае залежыць ад людзей унутры краіны. Але гэта не апраўданне нічога не рабіць па-за краінаю».

Hавiны
МВФ можа даць Беларусі мільярд долараў. Эканаміст: гэта не азначае прызнання Лукашэнкі
2021.08.23 18:18
Hавiны
Сілавікі сабраліся атрымаць поўны доступ да банкаўскай інфармацыі беларусаў – НАУ
2021.08.23 11:36
Аналітыка
Што чакае беларускія банкі і нашыя грошы ў іх? Паразмаўлялі з эканамістам
2021.08.23 13:26

МГ belsat.eu

Стужка навінаў