За 19 дзён «сухой галадоўкі» Мікалай Аўтуховіч пахудзеў на 20 кілаграмаў


Абвінавачанага Мікалая Аўтуховіча нарэшце магла наведаць адвакатка, паведамляе ягоная дачка.

Мікалай Аўтуховіч. Крыніца: hrodna.life

«Адвакат трапіла на сустрэчу з бацькам – ён жывы! 19-ты дзень сухой галадоўкі. Адвакат сказала, што ён прыйшоў сам – нагамі – на насілках яго не неслі. Ён ішоў павольна і ў напаўсагнутым стане. Схуднелы, моцна асунуўся. Яму дапамагаў ісці хлопец, якога таксама выводзілі – падтрымліваў бацьку за руку. Начальнік турмы запэўніў, што лекары на месцы адсочваюць яго стан фізічны і таксама псіхалагічны – трымаюць сітуацыю пад кантролем. Бацьку нарэшце ўзважылі – ён схуднеў на каля 20 кг», – напісала дачка Мікалая.

Мікалай Аўтуховіч адсутнічаў на паседжанні суда другі дзень запар – 28 і 29 ліпеня, прычым родным і адвакату не казалі, у якім стане ён знаходзіцца.

Адвакат зняволенага змагла пагаварыць з начальнікам турмы, дзе ўтрымліваецца Мікалай. Ён паведаміў, што Аўтуховіч знаходзіцца на тэрыторыі турмы і што яго абследуюць 3 разы на дзень мясцовыя дактары. Таксама, паводле яго слоў, у выніку аналізаў, зробленых 21 ліпеня – гэта тыдзень таму, у яго арганізме няма незваротных зменаў.

Палітзняволены трымае сухую галадоўку ўжо 19-ы дзень. Так ён працягвае пратэставаць супраць абмежавання яго ў ліставанні – апошнім часам яму перасталі перадаваць нават лісты ад 83-гадовай маці.

Гісторыі
Сілавікі намагаюцца зламаць абвінавачаных у «справе Аўтуховіча» і патрабуюць ад іх абгаварыць Міколу
2022.07.08 08:14

 

У Еўразвязе 28 ліпеня адрэагавалі на сітуацыю вакол галадоўкі Мікалая Аўтуховіча.

«Палітычны актывіст Мікалай Аўтуховіч, зняволены ў турму ў чаканні суда, не есць і не п’е на працягу 18 дзён. Яго патрабаванне весці перапіску з сямʼёй адхіленае. Гэта бесчалавечнае абыходжанне. Улады Беларусі павінны выконваць свае міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека», – напісаў прадстаўнік ЕЗ па пытаннях знешніх спраў і палітыкі бяспекі Петэр Стано ў Twitter.

Суд над Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачанымі праходзіць у Гарадзенскай турме № 1. Распачаўся працэс 18 траўня. Паводле следства, Аўтуховіч – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Агулам яму выставілі абвінавачанне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»). Паводле гэтага артыкулу Аўтуховічу можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў