Вайсковы эксперт Ягор Лебядок не выйшаў на волю пасля 15 содняў


Лебядка затрымалі 12 ліпеня, асудзілі на адміністратыўны арышт за інтэрв’ю «экстрэмісцкім каналам».

Ягор Лебядок. Крыніца: belvpo.com

Вядомы вайсковы аналітык Ягор Лебядок мусіў выйсці на волю не пазней за 27 ліпеня, але з невядомых прычынаў застаўся ў няволі, адзначае «DW Беларусь». Праўладныя медыі пішуць, што супраць Лебядка нібыта распачалі крымінальную справу за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».

Лебядка затрымалі 12 ліпеня ў Смалявічах. У праўладных тэлеграм-каналах з’явілася «пакаяннае» відэа: затрыманы «прызнаваўся» ў тым, што дае інтэрв’ю каналам, «якія прызнаныя ў нас экстрэмісцкімі, на тэму вайны ва Украіне і на іншыя пытанні». Таксама затрыманы кажа, што ў жніўні 2020 года наведваў «недазволеныя заканадаўствам масавыя мерапрыемствы». Але асудзілі яго за «непадпарадкаванне».

Ягор Лебядок – вайскова-палітычны аглядальнік, неаднойчы каментаваў у медыях вайну ва Украіне і сітуацыю ў Беларусі, вядзе свой тэлеграм-канал. Фізік паводле адукацыі, скончыў БДУ. У 2005–2007 гадах служыў у 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь на пасадзе камандзіра ўзводу. Потым працаваў у Інстытуце фізікі АН РБ, адкуль быў звольнены ў студзені бягучага года. З 2010 да 2014 года быў дэпутатам Смалявіцкага раённага савету дэпутатаў 26-га склікання ад Жодзінскай выбарчай акругі № 1. Лебядок заставаўся ў Беларусі і жыў у Смалявічах пад Менскам.

Тым часам пастара царквы «Новае жыццё» Дзмітрыя Падлобку аштрафавалі на 640 рублёў за «правядзенне воднага хрышчэння без спецыяльнага дазволу» – гэта «несанкцыянаванае мерапрыемства». Пра пакаранне паведаміў «Новы час».

Hавiны
Адвакатка Мікалая Аўтуховіча не змагла даведацца пра стан здароўя вязня
2022.07.28 19:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў