Ці прайграе Беларусь «бітву за ўраджай»? Аналізуем апакаліптычныя заявы Лукашэнкі


Лукашэнка кажа пра ўраджай: «Памрыце, але пакладзіце на стол». Кажа: «Хлеб трэба ўратаваць». Разбіраемся, ці ёсць нагода паміраць і ратаваць у аграрным сектары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік Міністэрства надзвычайных сітуацыяў інспектуе ўборку ўраджаю. Лельчыцы, Беларусь. 23 ліпеня 2022 года.
Фота: mchs.gov.by

Насамрэч Аляксандр Лукашэнка ўжо рэдка ўжывае фразу «бітва за ўраджай». У 2019 годзе ён заявіў, што ўборачная кампанія «даўно перастала быць бітвай за ўраджай». Бітвы цяпер, паводле ягоных словаў, на «інфармацыйным фронце», у медыцыне, у спорце, «за каштоўнасці». Але дзяржаўныя медыі працягваюць ужываць фразу «бітва за ўраджай», а нядаўнія выказванні Лукашэнкі аб уборачнай кампаніі гучаць апакаліптычна:

  • «Шмат хто кажа пра тое, што мы напярэдадні голаду».
  • «Сітуацыя вельмі сур’ёзная і, я б сказаў, надзвычайная з пункту гледжання арганізацыі работаў у вёсцы».
  • «У кароткі прамежак часу неабходна кардынальна паскорыць усе працэсы з мэтай забяспечыць і якасную нарыхтоўку кармоў, і ўборку збожжа без стратаў, а таксама рыхтавацца да сяўбы азімых».
  • «Фактычна кожны дзясяты камбайн не гатовы да працы. Няма механізатараў, кажуць».
  • «Памрыце, але пакладзяце на стол тое, пра што мы дамовіліся».
  • «Хлеб трэба выратаваць».
  • «Калі людзі не могуць забяспечыць сябе прадуктамі харчавання, няма чаго размаўляць аб суверэнітэце і незалежнасці» (гэта ён казаў губернатару Пермскага краю Расеі).

Усё праўда так кепска? Паглядзелі на афіцыйную статыстыку і спыталі эксперта, былога дарадцу міністра сельскай гаспадаркі Казіміра Раманоўскага. Ён называе сябе «галоўным крытыкам эфектыўнасці сельскай гаспадаркі», але заспакойвае: на сёння сельскай гаспадарцы няма вялікіх пагрозаў, голаду не будзе. Раманоўскі лічыць тэму сельскай гаспадаркі ў Беларусі «палітычным пытаннем».

Hавiны
Былы дарадца міністра: Сельская гаспадарка ў Беларусі – гэта галіна, у якой няма эканомікі
2021.07.22 07:00

Беларусь не можа так «праваліцца» ў сельскай гаспадарцы, каб не запэўніць харчовай бяспекі. Сельская гаспадарка ў Беларусі застаецца на даволі высокім узроўні паводле вытворчасці, тлумачыць Раманоўскі, чаго нельга сказаць пра астатнюю эканоміку. Баяцца няма чаго: збожжа хопіць, бульба будзе, гародніна ёсць, малако ёсць, корм жывёле будзе. Нашкодзіць сельскай гаспадарцы можа хіба надвор’е, але пра 2022-гі і сам Лукашэнка казаў: «Вельмі паспяховы ў кліматычным сэнсе год». 

Спажываем менш, чым вырошчваем. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у мінулым годзе Беларусь сама сябе забяспечвала мясам на 134,2 %, малаком на 263,3 %, яйкамі на 127,7 %. Гэтыя лічбы не асабліва мяняліся год да года. Збожжа таксама хапае, звычайна на канец года застаецца 3–4 млн т запасаў. Летась сабралі ці то 7,4 млн т збожжа і зернебабовых (паводле Белстату), ці то 9 млн т (як кажуць чыноўнікі), і на бягучы год задача – 8,6–9 млн т. І ў Акадэміі навук кажуць, што хлеба хопіць, бо на яго на ўсё насельніцтва трэба 1 млн т збожжа. Хіба стала менш бульбы і гародніны: бульбай летась былі забяспечаныя на 100 %, а бывала і 111,9 %, а гароднінай і бахчавымі на 101,8 %, хоць бывала і 112,4 %. Толькі з фруктамі і ягадамі бяда: імі былі забяспечаныя на 57,2 %, хоць даходзіла да 80,3 % (апельсіны, бананы ў Беларусі не растуць, ды і клубніцы ў пяць разоў лепш растуць у Іспаніі ці Егіпце, таму шмат фруктаў і ягадаў імпартуюць). 

Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў Беларусі на душу насельніцтва. Звесткі: Белстат. Выява: Белсат

Афіцыйная статыстыка збольшага выглядае нармальна. Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў першым паўгоддзі ўпала да першай паловы мінулага года на 3 % у суадносных цэнах – кепска, але не крытычна. Індэкс вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў суадносных цэнах і летась крыху ўпаў, але агулам з гадамі расце. Падобна, цяперашняя ўборачная кампанія ідзе без значных правалаў. Калі параўнаць сёлетнюю і леташнюю статыстыку на адную і тую ж дату, дык у 2022 годзе пакуль убралі менш плошчаў збожжа, але ўраджайнасць крыху вышэйшая. Пачатак уборкі ўраджаю не прывязаны да канкрэтнай даты, а да выспявання ўраджаю, якое можа быць крыху ранейшым ці крыху пазнейшым у розныя гады. 

Пасяўныя плошчы не знікаюць – мяняецца размеркаванне. Апошнія дзесяць гадоў пасяўныя плошчы вагаюцца каля 5,8 млн га – у 1990-х іх было ля 6,15 млн га. Паступова скарачаюцца плошчы пад бульбу, гародніну і буракі, растуць – пад рапс. Ураджайнасць вагаецца, але яна заўважна вышэйшая, чым была ў 2000-х. Расце вытворчасць шампіньёнаў. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы застаецца амаль такім самым за апошнія дзесяць гадоў, авечак стала на дзве траціны больш. Ды на траціну паменела свінняў (імаверна, праз афрыканскую чуму свінняў, якую ўтойваюць), коней стала на тры чвэрці менш. Развядзенне норкі «прасядала» ў сярэдзіне 2010-х і вярнулася на ранейшы ўзровень, але чамусьці з беларускіх гаспадарках знік пясец. 

Валавы збор сельскагаспадарчай прадукцыі ў Беларусі. Звесткі: Белстат. Выява: Белсат

Колькасць сельскай тэхнікі пастаянна скарачаецца, але гэта не бяда. Зніжэнне выглядае ў абсалютных лічбах страшна: у 1995 годзе было 108 тысяч трактараў, засталося 37 тысяч; было 43 тысячы камбайнаў, засталося 13 тысяч, было 63 тысячы грузавікоў, засталося 16 тысяч… Раманоўскі кажа не хвалявацца: калі стары трактар мог апрацаваць гектараў пяць за дзень, то новае пакаленне камбайнаў можа 50–60. Глядзець трэба не на колькасць тэхнікі, а на ейныя магчымасці, і з імі ўсё нармальна (іншае пытанне – якасць і выдаткі на абслугоўванне). Большасць сельскагаспадарчай тэхнікі ў Беларусі – айчыннай вытворчасці, таму, на думку Раманоўскага, санкцыі наўрад ці наўпрост удараць па камбайнах і трактарах (хоць праз санкцыі ў Беларусь могуць перастаць прыходзіць замежныя дэталі, якія выкарыстоўваюць пры вытворчасці трактараў і камбайнаў). Праблема «раздзяўбайства» адносна тэхнікі ёсць, бываюць слабыя гаспадаркі і нават раёны, але іх «выцягваюць» мацнейшыя.

З кормам для жывёлы могуць пачацца праблемы, але не катастрофа. У Беларусі недастатковая вытворчасць бялку для жывёлы, яго імпартуюць. Беларусь імпартавала з Украіны значныя аб’ёмы соевага бобу, макухі і шроту. Соевыя бабы ў Беларусі амаль не вырошчваюць, макухі і шроту вырабляюць амаль столькі ж, колькі імпартуюць. Цяпер гандаль з Украінай амаль спыніўся праз вайну. Праблема наспявае, але не выглядае невырашальнай. Соевага бобу ў дзясятак разоў больш імпартавалі з Расеі, удвая больш з Кітаю і амаль столькі, колькі з Украіны, імпартавалі з Нямеччыны. У імпарце макухі са сланечніку Украіну амаль дагнала Расея, у соевай макусе – абагнала Аргентына (яшчэ крыху прывозілі з Бразіліі і Расеі). Зрэшты, Беларусь вырабляе значна больш прадукцыі жывёлагадоўлі, чым спажывае.

Аналітыка
Вайна ва Украіне: ці прывядзе яна да дэфіцыту харчоў і голаду
2022.07.11 08:00

З палівам і ўгнаеннямі наўрад ці будуць праблемы ад таго, што вытворцы трапляюць пад санкцыі. Беларусь цалкам забяспечвае сябе ўгнаеннямі. Нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць на расейскай нафце, яе пастаўкі пакуль стабільныя. Ад таго, што Беларусь не прадасць нейкіх аб’ёмаў угнаенняў ці нафтапрадуктаў, яны не знікнуць з унутранага рынку, а нафтаперапрацоўчыя заводы і заводы вытворчасці ўгнаенняў наўпрост ад санкцыяў не спыняцца.

Лукашэнка забараніў экспартаваць збожжа, але гэтага і так амаль не рабілі. Імпартуем рыс, грэчку, пшаніцу высокіх гатункаў, экспартуем пакрыху кукурузы, пшаніцы, жыта, і імпарт перавышае экспарт. У мінулым годзе экспартавалі 133 тыс. т злакаў, імпартавалі 157 тыс. т – гэта далёка ад мільёнаў тонаў, якія сабралі. Раманоўскі кажа, што экспартаваць збожжа проста не прыносіць Беларусі вялікіх прыбыткаў. 

Эстонская рудая карова. Каровы ў Эстоніі даюць удвая больш малака, чым у Беларусі.
Фота: Sillerkiil / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

З чым сапраўды праблема, дык з эфектыўнасцю і рэнтабельнасцю. У эфектыўнасці Беларусь адстае ад суседзяў. Напрыклад, ураджайнасць збожжа на 36 % ніжэйшая за польскую, бульбы – прынамсі на 35 %, а надоі з каровы ў Беларусі на 39 % меншыя, чым у Польшчы. Ды і польскія яблыкі ў беларускіх крамах нярэдка бываюць таннейшымі за беларускія. Рэнтабельнасць агулам у сельскай гаспадарцы – некалькі адсоткаў. Раманоўскі кажа, што ўмовы вытворчасці ў Беларусі цяжэйшыя і даражэйшыя за Польшчу ці іншыя еўрапейскія краіны, тлумачыць гэта ў тым ліку кліматам і якасцю глебы. Ды дадае, што сельскай гаспадарцы ў іншых еўрапейскіх краінах дастаецца больш датацыяў, а з падвышэннем эфектыўнасці ў Беларусі працуюць слаба – надаюць гэтаму мала ўвагі і збольшага толькі падганяюць на словах.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў