Дадатковыя наборы ў ВНУ: чаму беларускім універсітэтам не хапае навучэнцаў


Пасля заканчэння прыёму дакументаў шэраг універсітэтаў паведамілі, што маюць недабор на бюджэтныя месцы навучання. Шмат якія спецыяльнасці папросту не запатрабаваныя. Але нягледзячы на гэта, Міністэрства адукацыі агучыла дадатковы набор студэнтаў. Адметна, што на некаторыя спецыяльнасці можна трапіць нават без іспытаў. Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка ў размове з «Белсатам» кажа, што такія захады яшчэ раз дэманструюць нягнуткасць беларускай сістэмы адукацыі.

Будынак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.
Фота: Белсат

Пасля заканчэння прыёму дакументаў у шэрагу ВНУ Беларусі заявілі пра недахоп студэнтаў на бюджэтныя месцы навучання. У сувязі з гэтым 10 навучальных установаў краіны абвесцілі дадатковы набор на бюджэт. У спісе ўніверсітэты з Менску, абласных гарадоў, іншых буйных местаў. Цікава, што ў некаторыя ўстановы цяпер можна паступіць нават без сертыфікатаў ЦТ і экзаменаў, але ўсяго толькі пры ўмове падпісання мэтавай дамовы.

Мінадукацыі яшчэ на пачатку ўступнай кампаніі казала, што сёлета ВНУ краіны гатовыя прыняць 53,4 тысячы студэнтаў, большасць з якіх змогуць атрымаць адукацыю на бюджэтнай форме навучання.

«Планы прыёму фармуюцца на падставе сістэмы прагназавання патрэбы ў кадрах і вызначаюцца, зыходзячы з запытаў эканомікі і працадаўцаў. Калі вядзецца пра бюджэтную форму, то тут найперш улічваюцца запыты замоўцаў, якія акумулююцца сістэмаю «Дзяржаўная замова і прыём». Таксама ўлічваецца інфармацыя Міністэрства працы і сацыяльнай абароны», – кажа начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч.

Hавiны
ВНУ Беларусі гатовыя прыняць больш за 50 тысяч студэнтаў
2022.07.13 16:43

Пасля заканчэння падачы дакументаў, калі застаюцца вакантныя месцы, ВНУ каторы год кажуць пра недахоп студэнтаў. Але аналітыкі не пагаджаюцца з такім сцверджаннем.

«Я б не казаў пра недахоп студэнтаў, бо гэта тое ж самае, як казаць пра недахоп людзей у аўтобусах. Пытанне не ў колькасці людзей, але ў апетытах універсітэтаў, і выглядае, што апетыты не адпавядаюць дэмаграфіі. Бо цяпер мы назіраем дэмаграфічны спад. Калі паглядзець на статыстыку колькасці студэнтаў у Беларусі, то на працягу апошніх гадоў мы бачым, што колькасць студэнтаў змяншаецца, і гэта натуральная з’ява, якую немагчыма рэгуляваць. І гэтае змяншэнне было прадказальным», – звяртае ўвагу аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка.

Эксперт таксама нагадвае пра яшчэ адну прычыну, якая паўстала з 2020 года, калі ў Беларусі распачаўся палітычны крызіс.

«Некаторая частка студэнтаў пачала абіраць іншыя краіны, бо моладзь не бачыць будучыні ў Беларусі, не задаволеная якасцю навучання, ідэалагізацыяй. Адсюль бачым таксама тэндэнцыю, што колькасць беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Польшчы, увесь час расце, а вось колькасць тых, хто едзе навучацца ў Расею, – наадварот, зніжаецца. І гэта пры тым, што паступіць у расейскія ВНУ беларусам прасцей. Акрамя таго, у некаторых універсітэтах якасць адукацыі даволі высокая. Але беларусы нават нягледзячы на гэта абіраюць польскія ВНУ», – канстатуе Вадзім Мажэйка.

Аналітыка
Недабор у ВНУ. Чаму беларуская моладзь не хоча камандаваць танкавымі батальёнамі?
2022.07.26 15:04

Сілавыя ВНУ звестак пра дадатковы набор не агучваюць

Цікава, што напрыканцы падачы дакументаў пра недабор паведамлялі і ў сілавых установах краіны. Правальнымі аказаліся планы прыёму на міліцэйскі факультэт, не змагла скамплектаваць групы вайсковая акадэмія Беларусі. Але ў спісе Міністэрства адукацыі ніводнай сілавой навучальнай установы няма.

«Недахоп на сілавых і вайсковых спецыяльнасцях звязаны з лагічнымі момантамі: маўляў, міліцыянты збівалі людзей у 2020 годзе, таму і людзі не асабліва хочуць імі станавіцца. Акрамя таго, на фоне вайны не дзіва, беларусы не падтрымліваюць вайну. Тут нават без адносна ідэалагічных памкненняў людзі не хочуць ісці навучацца на вайсковыя спецыяльнасці, бо рацыянальна лічаць, што нават студэнтаў 2-га курсу могуць мабілізаваць і накіраваць на вайну», – кажа Вадзім Мажэйка.

Будынак БНТУ на праcпекте Незалежнасці. Менск, Беларусь.
Фота: АВ / Белсат

Мажліва, што ў сілавыя ВНУ зладзілі адмыслова нейкі іншы набор, выказвае меркаванне аналітык. Таксама ён дапускае, што інфармацыі пра недахоп навучэнцаў не агучваюць праз іміджавы фактар.

«Уся сістэма з дадатковым наборам, датамі падачы – гэта ў прынцыпе між іншага адлюстроўвае хібы таго, як адмініструецца працэс. Бо фактычна абітурыент не можа здаць шмат ЦТ, не можа накіраваць дакументы ў некалькі ВНУ адначасова, як тое магчыма на Захадзе. Увогуле ў нас сістэма нягнуткая. Таму і робяцца дадатковыя наборы, якія не зусім і эфектыўныя», – падсумоўвае суразмоўца «Белсату».

На думку Вадзіма Мажэйкі, нават агучаныя планы набору ВНУ грунтуюцца не на патрэбе эканомікі, але на патрэбе ўніверсітэтаў атрымаць пэўную колькасць рэсурсаў.

«Інакш кажучы, універсітэт імкнецца захаваць, напрыклад, танкавы факультэт, на які патрэбныя сродкі. І вось яны набіраюць такую колькасць студэнтаў, каб у выніку пайшлі сродкі на заробкі, на ўтрыманне памяшканняў і гэтак далей. Але ніхто не разглядае такой магчымасці, як перапрафіляванне, увядзенне зменаў. Ва ўніверсітэтах гэтага не любяць, бо прасцей набраць пэўную колькасць студэнтаў, і ўсё».

Аналітыка
«Арыентуйцеся на падаражэнне 10 %». Колькі сёлета будзе каштаваць навучанне ў беларускіх ВНУ?
2022.07.21 12:17

Увогуле існая сітуацыя дэманструе, што планаванне колькасці студэнтаў не гнуткае, не рынкавае, адсюль і назіраюцца перакосы, кажа аналітык.

Ці запатрабаваная вышэйшая адукацыя ў Беларусі?

Адметна, што ў Беларусі практычна і не было вялікіх даследаванняў адносна запатрабаванасці і матывацыі атрымання вышэйшай адукацыі ў краіне. Традыцыйна бацькі намагаюцца даць сваім дзецям адукацыю. А з іншага боку, у грамадстве існуе ўсведамленне, што адукацыя ў Беларусі не самай лепшай якасці, дарагая, ідэалагізаваная.

«Мне падаецца, што людзі паводле інерцыі імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю. І часцей рашэнні прымае не моладзь, але старэйшае пакаленне, якое кіруецца логікаю мінулых часоў, калі наяўнасць дыплому гарантавала добрую працу і лягчэйшае жыццё», – кажа аналітык.

Такое стаўленне можа не адлюстроўваць рэальнай карціны, і шмат хто паступае ў ВНУ, фактычна не разумеючы, навошта яму ўніверсітэт, лічыць эксперт. Мала таго, што людзі часта не думаюць пра ўласную матывацыю, дык і сама сістэма адукацыі ў Беларусі не спрыяе таму, каб задаваліся такія пытанні, не стымулюе моладзь для роздумаў. Як вынік, кажа аналітык, часта людзі марнуюць час і грошы.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў