Расейскаму ваеннаму злачынцу ў Кіеве змякчылі пакаранне: 15 гадоў замест пажыццёвага зняволення


Вайскоўца прызналі вінаватым у забойстве 62-гадовага мірнага жыхара ў Сумскай вобласці. Ён прызнаў віну.

Калегія суддзяў Кіеўскага апеляцыйнага суда 29 ліпеня змяніла прысуд расейскаму вайскоўцу Вадзіму Шышымарыну з пажыццёвага зняволення на 15 гадоў пазбаўлення волі. Трансляцыю паседжання вялі праз інтэрнэт.

Суд пастанавіў «выключыць з матывацыйнай часткі прысуду спасылку на ўчыненне злачынства паводле папярэдняй змовы групы асобаў і ўчыненне злачынства ў дачыненні пажылога чалавека як акалічнасці, якія абцяжарваюць пакаранне». Вырак яшчэ могуць абскардзіць.

Хоць Шышымарын прызнаў віну ў забойстве і «парушэнні законаў і звычаяў вайны» (ч.2 арт.438 КК Украіны), ягоныя адвакаты заяўлялі, што вайсковец фармальна выконваў загад і не меў злачыннага намеру забіваць чалавека.

З матэрыялаў следства вынікае, што 28 лютага калону, у якой ехаў 21-гадовы кантрактнік танкавага падраздзялення Шышымарын, абстралялі ўкраінскія вайскоўцы, расейцы кінуліся ўцякаць, абстралялі прыватную машыну і сагналі яе. На машыне заехалі ў сяло, пабачылі мірнага жыхара – адзін з вайскоўцаў загадаў Шышымарыну забіць таго, каб мясцовы не паведаміў пра іх Збройным сілам Украіны. Шышымарын стрэліў, каб «ад яго адвязаліся».

Hавiны
Ва Украіне асудзілі яшчэ двух расейскіх вайскоўцаў
2022.05.31 13:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў