Нецвярозы 19-гадовы беларускі кіроўца насмерць збіў чалавека ў Варшаве


Кіроўца не заўважыў працаўнікоў, якія мылі аўтобусны прыпынак. У дыханні кіроўцы выявілі 0,25 праміле алкаголю – у Беларусі гэта ніжэй за парогавае значэнне, але не ў Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pxhere.com

Як піша польскі «Super Express», вечарам 28 ліпеня на алеі Салідарнасці ў Варшаве 19-гадовы беларус спрабаваў аб’ехаць іншыя машыны па правай паласе, не заўважыў рабочых, якія мылі прыпынак, і наехаў на іх. Загінуў 60-гадовы мужчына, астатнія выжылі. Пасажырку машыны ў цяжкім стане даставілі ў лякарню.

Сам кіроўца таксама атрымаў траўмы. Ён затрыманы. У выдыханым паветры ў яго зафіксавалі 0,25 праміле алкаголю (гэткі паказнік мог быць пасля куфля піва ці 200 грамаў сухога віна). Дапушчальны паказнік, з якім у Польшчы можна сядаць за стырно, складае ў Польшчы 0,1 праміле ў выдыханым паветры, у Беларусі – 0,3 праміле. Пры тым польскае заканадаўства адрознівае стан «пасля ўжывання алкаголю» (0,1–0,25 праміле ў выдыханым паветры) і «стан алкагольнага ап’янення» (звыш 0,25 праміле).

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў