Гатовыя на 200 %. Украіна абяцае адправіць першыя судны з зернем ужо на гэтым тыдні


У марскім порце «Адэса» 29 ліпеня адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная завяршэнню падрыхтоўкі да вывазу ўкраінскага зерня марскім шляхам. Украінскі бок запэўніў, што цалкам гатовы да пачатку і цяпер чакае пацверджання, што зялёны калідор адкрыты. 

Прэс-канферэнцыя з нагоды адпраўкі першага судна з зернем з Украіны ў Басфор. На здымку – Аляксандр Кубракоў, міністр інфраструктуры Украіны. Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

Перад сустрэчай дэлегацыя, якая складалася з міністра інфраструктуры Украіны і паслоў ды прадстаўнікоў краінаў G-7, наведала суседні порт «Чарнаморск», які таксама цалкам гатовы да адпраўкі суднаў з украінскім зернем. Міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў заявіў, што пасля падпісання ў Стамбуле зерневага пагаднення ўкраінскі бок прыняў усе адпаведныя меры, неабходныя для пачатку экспарту зерневай і аграрнай прадукцыі.

«Са свайго боку мы ўжо зрабілі ўсё, што было магчыма, на 200 %. Два парты гатовыя, судны гатовыя, загрузка пачалася яшчэ 24 лютага, нават ёсць судна, якое было загружанае яшчэ да вайны, таму мы цалкам гатовыя да пачатку рэалізацыі гэтай ініцыятывы».

Да канца наступнага тыдня Украіна спадзяецца падрыхтаваць свой трэці порт – «Паўднёвы». Паводле міністра, агулам аграрнай прадукцыі цяпер загружана на 17 суднаў, і 29 ліпеня пачалася загрузка яшчэ аднаго судна ў Чарнаморску.

Прэс-канферэнцыя з нагоды адпраўкі першага судна з зернем з Украіны ў Басфор. Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

«У нас узгодненыя амаль усе тэхнічныя пытанні, мы спадзяемся, што сёння мы атрымаем пацверджанне прапанаванага калідору, па якім мусіць рухацца судна ў Чорным моры ў кірунку Басфору, і пасля гэтага мы будзем гатовыя пачынаць. Спадзяемся, што да канца гэтага тыдня першыя судны будуць адпраўленыя з нашых партоў», – паведаміў Аляксандр Кубракоў.

Міністр адзначыў, што ў сваіх тэрытарыяльных водах Украіна сама адказвае за арганізацыю бяспечнага вывазу зерня, але пры гэтым асноўная адказнасць за выкананне дамоўленасці ляжыць на ААН і Турэччыне.

«Галоўнае для нас – дамоўленасці з ААН і Турэччынай, бо яны ёсць гарантамі выканання гэтай ініцыятывы і гарантавання бяспекі».

Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

Пры гэтым міністр інфраструктуры Украіны падкрэсліў, што цяперашняя магчымасць вывазу зерня марскім шляхам з’явілася ў выніку агульных намаганняў прэзідэнта краіны, турэцкага боку і асноўных партнёраў Украіны – ЗША, Вялікай Брытаніі і Еўразвязу. Асобную падзяку міністр выказаў украінскім вайскоўцам, якія вярнулі пад свой кантроль востраў Змяіны, без чаго быў бы немагчымы гэты праект.

Чакаецца, што ў выніку аднаўлення марскіх грузаперавозак з Украіны міжнародныя цэны на збожжа пойдуць уніз.

  • 22 ліпеня ў Стамбуле Украіна падпісала пагадненне з Турэччынай і ААН пра вываз сельскагаспадарчай прадукцыі праз марскія парты. У той жа час аналагічнае пагадненне з Турэччынай і ААН падпісала Расея. Пры гэтым паміж сабой афіцыйныя Кіеў і Масква не падпісвалі аніякіх дамоўленасцяў.
  • Паводле ацэнак ААН, выкананне дамоўленасцяў дазволіць паставіць на міжнародны рынак каля 23 мільёнаў тон украінскага зерня.
Прэс-канферэнцыя з нагоды  адпраўкі першага судна з зернем з Украіны ў Басфор. На здымку – Рэмі Дуфло, намеснік кіраўніка прадстаўніцтва ЕЗ. Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат
Прэс-канферэнцыя з нагоды адпраўкі першага судна з зернем з Украіны у Басфор. Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат
Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

ВК belsat.eu

Стужка навінаў