Блінкен і Лаўроў правялі тэлефонныя перамовы


Гэта першая тэлефонная размова з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі паміж дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам і міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен (злева) і міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.
Фота: Прэс-служба МЗС РФ

Энтані Блінкен расказаў, што тэлефонная размова з Лаўровым была «адкрытай і прамалінейнай».

Падчас размовы амерыканскі дыпламат заклікаў Лаўрова пагадзіцца на прапанову ЗША аб вызваленні двух незаконна затрыманых у РФ грамадзян ЗША – Пола Уілана (прызналі вінаватым у шпіянажы) і баскетбалісткі Брытні Грайнер (затрымалі ў аэрапорце нібыта за правоз наркотыкаў), паведамляе CNN.

«Я ціснуў на Крэмль, каб той прыняў істотную прапанову, якую мы вылучылі па вызваленні Пола Уілана і Брытні Грайнер», – сказаў Блінкен.

Брытні Грайнер і Пол Уілан.
Фота: rossaprimavera.ru

Палітыкі размаўлялі таксама аб разблакаванні экспарту збожжа з Украіны праз Чорнае мора. Блінкен заклікаў Лаўрова ад імя многіх краін свету выконваць тое, на што Расея пагадзілася ў Стамбуле, і зрабіць магчымым экспарт збожжа з украінскіх партоў праз Чорнае мора.

«Важна, што ён пачуў непасрэдна ад мяне ад імя многіх краін чакання таго, што Расея зробіць наступныя крокі згодна з дамоўленасцямі, спыніць блакаду і дасць магчымасць караблям прайсці», – адзначыў дзяржсакратар.

Таксама Блінкен выказаў пазіцыю ЗША наконт намераў Расеі анексаваць новыя ўкраінскія тэрыторыі.

«Я выразна выказаўся, якія іх дзеянні мы прадбачым у наступныя тыдні і месяцы, уключаючы псеўдарэферэндумы на гэтых украінскіх тэрыторыях, спробы імітаваць, быццам насельніцтва гэтых тэрыторый хоча далучэння да Расеі, і выканаць палітычныя мэты Пуціна – захапіць столькі тэрыторыі Украіны, колькі атрымаецца, і спрабаваць знішчыць Украіну як незалежную суверэнную дзяржаву. Важна, каб расейцы чулі ад нас наўпрост, што з гэтым не змірацца, і Расеі, калі яна працягне рэалізоўваць гэтыя планы, давядзецца заплаціць дадатковую цану», – сказаў Энтані Блінкен.

Апошні раз дзяржаўны сакратар ЗША і міністр замежных спраў Расеі правялі тэлефонныя перамовы 12 лютага, за два тыдні да поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну.

Hавiны
На Данбасе абстралялі турму. ЗСУ заяўляе аб спробе Расеі схаваць расстрэлы ўкраінскіх палонных
2022.07.29 14:33

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў