Беларусь адклікала амбасадара з Вялікай Брытаніі


Пакрыўдзіліся на санкцыі, забарону палётаў «Белавіі» і нявыдачу візаў дэпутатам.

Максім Ермаловіч.
Фота: Белсат

Амбасадар Беларусі ў Аб’яднаным Каралеўстве Максім Ермаловіч 29 ліпеня адкліканы ў Беларусь, піша БелТА. Адметна, што першымі пра адкліканне беларускага амбасадара паведамілі расейскія дзяржаўныя медыі. Міністэрства замежных справаў адзначыла, што гэта не разрыў дыпламатычных стасункаў – каналы камунікацыі застаюцца.

Паводле прэс-сакратара МЗС Анатолія Глаза, прычыны адклікання амбасадара – санкцыі, абмежаванне працы дзяржаўных медыяў, «беспадстаўная» забарона на палёты «Белавіі», нявыдача беларускім дэпутатам візаў для наведвання паседжання Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

«Мы не ініцыявалі ніякіх крокаў супраць гэтай краіны і, як і раней, выступаем за ўзаемапаважлівы канструктыўны дыялог, – заяўляе МЗС. – Пасля заканчэння сёлетняга ўнутрыпалітычнага шоу і з’яўлення ў брытанскім урадзе адказных палітыкаў, якія будуць працаваць не на свой асабісты рэйтынг, а на карысць народу Вялікай Брытаніі і ў інтарэсах стабільнасці ў еўрапейскім рэгіёне, з’явяцца перадумовы для аднаўлення дыялогу і паўнацэннай дыпламатычнай прысутнасці».

Дзейны прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан анансаваў два тыдні таму сваю адстаўку. Пакуль трываюць выбары ягонага пераемніка. На час публікацыі засталіся два кандыдаты –  міністарка замежных справаў Ліз Трас (Liz Truss) і былы міністр фінансаў Рышы Сунак (Rishi Sunak). Што Трас, што Сунак выступаюць супраць нападу Расеі на Украіну, за паразу Крамля.

Аналітыка
Борыс Джонсан сыходзіць. Хто яго заменіць і што будзе з дапамогай Украіне
2022.07.07 21:47

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў