Ужо 597 палітвязняў. Праваабаронцы прызналі яшчэ 8 чалавек палітычнымі зняволенымі


Праваабаронцы працягваюць аналізаваць крымінальныя справы на адпаведнасць азначэнню «палітвязень».

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманні на плошчы Свабоды. Дзяўчыну заводзяць у аўтазак. Менск, жаночы марш, 12 верасня.
Фота: Belsat.eu

Цэнтр «Вясна» апублікаваў 29 ліпеня дзве заявы праваабарончай супольнасці аб прызнанні людзей палітычнымі вязнямі.

Першая заява тычыцца абвінавачаных або асуджаных за «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ) Аляксея Кудасава, Паўла Яіцкага, Уладзіміра Ганчарова, Алены Лысковіч, Вікторыі Лысковіч і Радзівона Кандрацюка, а таксама Віктара Казлоўскага, якога вінавацяць у «Масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 КК РБ).

Павел Ларчык у судзе Цэнтральнага раёну Гомля. 21 чэрвеня 2021 года.
Фота: «Вясна»

Другая заява – пра прызнанне палітвязнем Паўла Ларчыка, якога асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму за «Гвалт або пагрозу гвалту супраць супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364 КК РБ).

Падчас маршу пратэсту 20 верасня 2020 года ў Гомлі невядомы, які аказаўся супрацоўнікам міліцыі Паўлам Шапавалавым, паваліў яго на зямлю і стаў цягнуць за ногі. На судзе «пацярпелы» міліцыянт сказаў, што зрабіў гэта, бо мужчына пайшоў у бок байца АМАП, які стаяў да яго спінай. Паводле міліцыянта, мужчына, якога ён цягнуў за ногі, тройчы ўдарыў яго нагой (на судзе Ларчык казаў, што не бачыў, хто яго цягнуў, праз даўгія валасы). Пры тым міліцыянт не меў намеру спагнаць маральную шкоду і не прасіў аб зняволенні Ларчыка.

Артыкулы
Што агульнага паміж Данбасам, Крымам і Беларуссю? Палітвязні, якіх найбольш – у Беларусі
2021.07.25 21:19

Адносна абодвух выпадкаў праваабаронцы нагадваюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах – пакт ратыфікавала і Беларусь. Выступы грамадзянаў у 2020 годзе насілі мірны і самаарганізаваны характар, не ўяўлялі пагрозы нацыянальнай ці грамадскай бяспецы, але былі атакаваныя сілавікамі з непрапарцыйным гвалтам, спецсродкамі і зброяй. Пратэстоўцы не чынілі падпалаў ці пагромаў, не знішчалі маёмасць, не аказвалі ўзброены супраціў.

Асобныя выпадкі гвалту ў дачыненні да сілавікоў трэба кваліфікаваць з улікам кантэксту самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў сілавікоў, дадаюць праваабаронцы.

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты і перастаць пераследаваць як прызнаных палітвязнямі, так і ўсіх затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд.

Артыкулы
Генпракуратура скіравала ў суды 803 крымінальныя справы супраць 1116 пратэстоўцаў
2021.07.26 13:31

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў