Ціханоўская: Санкцыі прымусяць сяброў Лукашэнкі зразумець, што ягоны час мінуў


Пасля сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам Святлана Ціханоўская распавяла ў інтэрв’ю «Deutsche Welle», чым, на ейны погляд, амерыканскія санкцыі дапамогуць Беларусі.

Паводле беларускай лідаркі, эканамічны ціск на такія сферы, як нафтавая, калійныя ўгнаенні, сталь, драўніна, фінансы, паспрыяе «расколу элітаў», і цяперашнія хаўруснікі Аляксандра Лукашэнкі зразумеюць, што ён больш не кантралюе сітуацыю і розумы людзей.

«Ім давядзецца зрабіць выбар – заставацца ў гэтай лодцы, якая тоне, ці далучыцца да грамадзянскай супольнасці, якое хоча пабудаваць новую, квітучую, адкрытую, празрыстую Беларусь», – кажа Ціханоўская.

Hавiны
Святлана Ціханоўская распавяла пра сустрэчу з Джо Байдэнам
2021.07.28 21:03

Паводле апазіцыйнай лідаркі, ніхто не ведае, што адбудзецца: магчыма, будзе дзяржаўны пераварот, магчыма, бізнес прымусіць улады пайсці на дыялог з грамадзянскаю супольнасцю.

28 ліпеня Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Белым доме з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Байдэн зазначыў, што для яго было гонарам сустрэцца з беларускаю лідаркаю.

«ЗША падтрымліваюць народ Беларусі ў ягоным імкненні да дэмакратыі і ўсеагульных правоў чалавека», – напісаў Байдэн у Twitter.

Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале зазначыла, што пакінула Белы дом з упэўненасцю: галасы мільёнаў беларусаў будуць пачутыя. Яна заклікала прэзідэнта ЗША дапамагчы «зрабіць Беларусь паспяховым прыкладам негвалтоўнага пераходу да дэмакратыі». Пры гэтым «суверэнітэт Беларусі не падлягае абмеркаванню і гандлю».

Белсат Zoom
ISANS: Паездка Ціханоўскай ў ЗША – самы паспяховы візіт прадстаўніка Беларусі
2021.07.26 21:19

«Мы павінныя быць гатовымі да мірнага пераходу, – кажа Ціханоўская. – Таму мы рыхтуем платформу для перамоваў, у нас ёсць канферэнцыя аб новых выбарах, таму мы працуем над эканамічнымі і канстытуцыйнымі рэформамі ў Беларусі, каб быць гатовымі, калі рэжым абрынецца. А гэта можа здарыцца вельмі хутка. Савецкі Саюз разваліўся за шэсць дзён. Нічога не прадказвала гэтага, але гэта адбылося. Тое самае можа адбыцца ў Беларусі. І нашая задача – мабілізавацца».

Таксама Святлана Ціханоўская зазначыла, што барацьба за новую, дэмакратычную Беларусь не спыніцца, нават у выпадку, калі яна сама сыдзе.

«Нават калі я аднойчы знікну, рух не спыніцца, бо цяпер змагаюцца ўсе. Гэтаму руху не патрэбныя лідары, бо ў ім кожны – лідар», – зазначыла Ціханоўская.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў