«Ніколі б не падумала, што ў 33 гады, як партызан, буду бегаць па лясах». Вольга Паўлава – пра тое, як уцякла з-пад «хатняй хіміі»


Вольга Паўлава. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Пасля чарговага выкліку ў суд актывістка «Краіны для жыцця» Вольга Паўлава знікла. Два тыдні пра яе нічога не было вядома, а ўрэшце аказалася, што яна ўцякла з-пад «хатняй хіміі» ў Літву – нелегальна мінула мяжу. Тры гады Вольга атрымала за «арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Актывістку затрымлівалі чатыры разы: яна прайшла пекла Акрэсціна ў дні пасля выбараў, 17 дзён карцару і галадаванне. 14 чэрвеня Вольга чарговы раз пайшла адзначацца ў РАУС і надумала падарыць яго супрацоўнікам свой верш. Справа скончылася пратаколам, ператрусам і выклікам у суд, а ўрэшце – эміграцыяй. «Белсат» пагаварыў з Вольгаю пра «пікетаванне» у РАУСе, нелегальны пераход мяжы ды адчуванні ў іншай краіне.

– 14 чэрвеня вас затрымалі за пікетаванне ў РАУСе. Што тады адбылося?

– На той момант ужо было зразумела, што мне засталося зусім крыху. Разам з іншымі валанцёрамі я займалася перадачамі палітычным вязням – мы ўсе ведалі, што рана ці позна за нас абавязкова возьмуцца. Гатовых аднесці перадачы ў СІЗА са сваймі пашпартавымі звесткамі было мала, а мне, здавалася б, не было чаго губляць, таму я гэтым і займалася. Да таго ж на маю картку збіраліся сродкі на пагашэнне штрафаў, і з сакавіка мне пачалі званіць з падатковай з пытаннямі, хто мне пераводзіў грошы і на што я іх патраціла. Але я не чакала такога выхлапу са сваім бяскрыўдным вершам.

– А чаму вы пастанавілі падарыць свой верш і якая была рэакцыя?

– Я пішу вершы са школы – не на замову, але, бывае, натхненне прыйдзе. Раней я часта іх камусьці дарыла, а на «хатняй хіміі» мне ж нікуды нельга было хадзіць – ні ў басейн, ні ў бібліятэку, нават у гандлёвы цэнтр нельга. З красавіка адзіным публічным месцам, якое я наведвала, быў Першамайскі РАУС. Я падумала, раз божанька даў мне талент, трэба ім дзяліцца, і калі чарговы раз пайшла адзначацца, аднесла туды свой верш 2018 года, ён больш філасофскага складу. І я была шчыра шакаваная, калі яго нават не прачыталі, а адразу сталі складаць пратакол за пікетаванне ў будынку РАУСу вершам асабістага сачынення. На пытанне, навошта я гэта зрабіла, я патлумачыла, што прызвычаілася дарыць людзям свае вершы. Мне кажуць: «Мы не людзі, мы супрацоўнікі». Яны паўтарылі гэта разоў пяць, і я сказала: «Выбачайце, цяпер я бачу, што памылялася, вы насамрэч не людзі, а супрацоўнікі». Тыя сталі аднеквацца: «Не, мы не тое мелі на ўвазе».

Даведка
Вольга Паўлава. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Дзе вы правялі ноч?

– Удома. Суд адбыўся адразу, але справу адправілі на дапрацоўванне, бо сведкам выступіў той жа чалавек, які склаў на мяне пратакол. Мяне адпусцілі, але забралі тэлефон, фітнес-бранзалет і грошы – усё, што ўяўляла хоць нейкую матэрыяльную каштоўнасць. А на наступны дзень да мяне прыйшлі з ператрусам: забралі сцяг «Краіны для жыцця» і сцяг з Пагоняй, бела-чырвоны парасон, кампʼютар, яшчэ адзін тэлефон і паклікалі на суд, які павінен быў адбыцца на наступны дзень. Я папрасіла сябра пад’ехаць у будынак суда і паглядзець – ён сказаў, што ў раскладзе ніякага суда ў дачыненні мяне няма, і я зразумела, што трэба ўцякаць. У выніку выпадак з вершам сыграў мне на руку.

– Чаму?

– Я меркавала, што пасля суда мяне адправяць на Акрэсціна, а мне турмы ўжо хапіла, таму вырашыла: не, пабягу ад граху падалей. І неўзабаве ўзялі чацвярых з тых, з кім мы займаліся перадачамі палітычным вязням, я таксама павінна была там быць. Знайшліся людзі, якія пагадзіліся мяне схаваць, хаця сілавікі і так забралі ў мяне ўсе тэлефоны ды арыштавалі сімку. Калі я ўжо была ў бяспечным месцы, даведалася, што Андрэй Шарэнда таксама ва ўцёках, выйшла на яго і прапанавала пайсці разам, бо ўдваіх не так страшна. Ён адразу сказаў, што ў Польшчу мы наўрад ці пройдзем, бо там паўсюль платы, таму выбралі Літву. Мы з ім распрацавалі план пераходу мяжы, звярнуліся да валанцёраў у Вільні, каб нас там чакалі, узялі незасвечаныя тэлефон і сім-карту ды з GPS-навігатарам уначы лесам памаленьку прайшлі.

– Як гэта – два тыдні вось так хавацца?

– Удома ў мяне і так не было спакойнага жыцця, бо з праверкаю часам прыходзілі два-тры разы за содні. За апошні месяц я, шчыра кажучы, змучылася, бо маглі прыйсці і аб адзінаццатай увечары, і а трэцяй уначы. Удома альбо ва ўцёках узровень стрэсу прыкладна аднолькавы. Можна нават сказаць, што за тыя два тыдні я адпачыла, бо ўначы мяне ніхто не будзіў.

– Раскажыце, як адбыўся пераход праз мяжу.

– Адзін раз ледзь не напароліся: нехта праязджаў на матаролеры, і мы схаваліся ў лясок. Другі раз убачылі вялікую групу людзей пад тэнтам. Там было некалькі намётаў, вогнішча – відаць, чакалі аўтобусік з мігрантамі, каб іх перакінуць. Давялося рэзка мяняць траекторыю руху, бо жадання далучыцца да вогнішча не было. Ноч была дажджлівая, і мы абсалютна брудныя недзе а чацвёртай раніцы выйшлі на дарогу ў Літве. Мы дайшлі да найбліжэйшага паселішча, пастанавілі пасядзець пад дрэвам, пакуль жыхары прачнуцца і мы зможам папрасіць іх выклікаць памежнікаў. А тут якраз ехаў патруль, мы выскачылі, і яны забралі нас на заставу. Праз дзве гадзіны прыехала яшчэ група з адзінаццаці мігрантаў з Блізкага Усходу: яны размаўлялі толькі па-французску, хаця і назваліся студэнтамі гарадзенскага ўніверсітэту. І самае дзіўнае – усе былі абсалютна чыстыя.

– Як думаеце, гэта магчыма?

– Толькі ў выпадку, калі іх аўтобусам давезлі да месца, дзе перадалі беларускім памежнікам, а тыя правялі іх да мяжы паміж Беларуссю і Літвою. Калі ты хаваешся – не можаш пасля дажджлівай ночы застацца чысты.

– Колькі часу вы правялі на заставе?

– Праз вялікую плынь людзей літоўцы не паспяваюць рабіць ПЛР-тэстаў, таму мы правялі на заставе чатыры дні. Там ёсць жылыя пакоі, як я разумею, для персаналу і ўцекачоў, хаця на такую колькасць яны і не разлічаныя. Абсалютна нармальныя пакоі, у асноўным на тры-чатыры ложкі, на паверсе ёсць лядоўня, імбрык, там жа прыбіральня, на першым паверсе – душ, можна памыць адзенне. Раз на содні прызначаны сухі паёк, хаця харчы і ўсё неабходнае нам таксама прывозілі валанцёры. Прадукты мы аддавалі дзецям мігрантаў, бо сухі паёк для іх, вядома, не найлепш. У валанцёраў у Літве вельмі добра ўсё наладжана, беларуская дыяспара моцна згуртавалася. Ёсць нават асобны склад з адзеннем і побытаваю тэхнікаю, куды можна з’ездзіць і нешта сабе падабраць, калі ты аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

– Вы, магчыма, на свае вочы бачылі, як на заставе абыходзяцца з уцекачамі з Блізкага Усходу.

– Я вельмі смяялася з відэа, на якім літоўцы быццам б’юць мігрантаў. Тыя чатыры дні на заставе я, наадварот, здзіўлялася, якія літоўскія памежнікі ў параўнанні з нашымі супрацоўнікамі вытрыманыя і добразычлівыя. Яны паводзіліся абсалютна спакойна: «Зараз паклічам перакладчыка. Хочаце ў прыбіральню? Калі ласка, гарбата, кава. Вадзічкі? Трымайце вадзічку. Пачакайце, калі ласка, да адзінаццатай – прывязуць паёк. Хочаце пакурыць – не пытанне». Я спытала, як яны разумеюць, дзе палітычныя, а дзе эканамічныя мігранты. Аказалася, усё проста: той, хто ўцякае з палітычных матываў, звычайна мае пры сабе дакументы, а хто з эканамічных – дакументы «губляе», каб было цяжэй вызначыць асобу. Я кажу аднаму памежніку: «Слухайце, можа, проста закінеце іх назад? У іх усё роўна пашпартоў няма». І ён мяне прысароміў, маўляў, мы так не можам, у нас іншыя каштоўнасці, як вы можаце такое прапаноўваць. Таму ролікам пра тое, як памежнікі бʼюць мігрантаў, не кормяць іх і страляюць над галавой, я б паверыла, калі б ішлося пра беларускіх памежнікаў.

Даведка
Вольга Паўлава. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Вы ішлі праз мяжу з адным заплечнікам. Што з сабой узялі?

– Паколькі я куру (але з наступнага тыдня кідаю, бо тут гэта вельмі дорага), узяла цыгарэты. Прафесійную белітаўскую касметыку, якою карыстаюся, бо тут я б яе нідзе не купіла. Бялізну, шкарпэткі, двое лёгкіх штаноў, сандалі, балеткі, адну майку, акуляры. І тры сукенкі.

– Усё гэта змясцілася ў заплечнік?

– Ну, палова змясцілася Андрэю ў заплечнік.

– Вашая гісторыя са знікненнем і зʼяўленнем у Літве падобная да дэтэктыву.

– Як мы з Андрэем ішлі ўначы праз мяжу – проста жах. Там было некалькі хутароў, і важна было туды не трапіць, бо сабакі маглі забрахаць і разбудзіць гаспадароў, а тыя – здаць нас памежнікам. Трэба ўмудрыцца абысці кожны хутар, а ў адным месцы, калі мы перабягалі полем ад лесу да лесу, з’явіўся нехта з ліхтарыкам – і мы, такія: «Кладзіся, кладзіся». Маім унукам, напэўна, будзе цікава паслухаць такія гісторыі, але тады было зусім не смешна. Ніколі б не падумала, што ў 33 гады, як партызан, буду бегаць па лясах.

– Чым вы цяпер займаецеся ў Літве?

– Працягваю валанцёрыць.

– І як адчуванні ў новым жыцці?

– У Беларусі ў мяне застаўся сын. Я хацела б уцячы разам з дзіцём, але такі спосаб небяспечны, і ён бы не прайшоў мяжы. Ён цяпер жыве са сваім бацькам, маім былым мужам. Маіх сяброў затрымалі, а людзі ў турмах засталіся без перадачаў. Не магу сказаць, што галадаюць, але нешта недаатрымліваюць дакладна. То бок я дасюль у стрэсавай сітуацыі, і ўсё неяк незразумела і неўладкавана, бо я, напрыклад, пакуль не маю права працаваць у Літве. Але страху, што ў любы момант могуць адчыніцца дзверы ды мяне некуды забяруць, больш няма. Тут свабодна ходзіш, бел-чырвона-белыя сцягі вісяць на вокнах і будынках, я адарвалася на Тыдні беларускай культуры: паглядзела «Кураж», пабывала на канцэрце, схадзіла ў тэатр, наведала кожную акцыю. І ў мяне настолькі супакоілася нервовая сістэма, што палепшылася скура, я пачала худзець, а праз тыдзень у Літве ў мяне ўзнавіўся менструальны цыкл, які ў пэўны момант у Беларусі проста спыніўся.

Вольга Паўлава. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Калі вы апошні раз бачылі сына?

– Самае сумнае, што я яго павінна была забіраць у той няшчасны панядзелак з вершам. Атрымліваецца, я не бачыла сына прыблізна з 10 чэрвеня. Але мы кожны дзень размаўляем праз відэасувязь: бачыць я яго бачу, але дакрануцца не магу. Хаця ведаеце, калі параўнаць з турмою, радуешся ўжо таму, што можаш пазваніць і спытаць, як прайшоў ягоны дзень.

– Калі б не ўцяклі, што з вамі было б?

– Я б ужо сядзела, тут без варыянтаў.

Гісторыі
«Калі мяне зноў пасадзяць у карцар – я не ведаю, ці вытрымаю чарговую галадоўку»
2021.01.21 08:20

ІК belsat.eu

Стужка навінаў