«На кадрах ОНТ бачна, што Артура білі»: маці адміністратара каналу «Островец для жизни» – пра сюжэт з удзелам сына


У мінулую пятніцу па ОНТ паказалі чарговы «пакаяльны» сюжэт, герой якога – 33-гадовы жыхар Аўстраўца Артур Жвірыдоўскі. Мужчына на камеру прызнаўся ў адміністраванні экстрэмісцкага каналу, а таксама ў нанясенні бел-чырвона-белага графіці на архітэктурных формах у Астраўцы і замене сцяга на школьным флагштоку.

«Белсату» ўдалося паразмаўляць з маці Артура спадарыняй Ірынай, а таксама даведацца пра акалічнасці справы.

Артур Жвірыдоўскі актыўна падтрымліваў пратэставы рух. Фота з аса

Артур Жвірыдоўскі праз сваю грамадзянскую пазіцыю не здолеў сядзець удома пасля агалашэння вынікаў выбараў-2020 у Беларусі. Хлопец актыўна падтрымліваў пратэставы рух. Маці распавядае, што Артур выходзіў на маршы кожны вечар, летась яго неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адказнасці паводле артыкулу 23.34.

– У Артура быў штраф, які мы аплацілі, а таксама ў кастрычніку былі 15 содняў. На судзе сын не прысутнічаў, ён бы адседзеў гэтыя содні, але свядомыя людзі падказалі, што яго не адпусцяць, бо яму пагражае крымінальны артыкул за стварэнне тэлеграм-каналу «Островец для жизни».

Артур быў вымушаны з’ехаць з гораду і хавацца ад пераследу. Паводле маці, міліцыянты ўвесь час прыязджалі і шукалі сына:

– У выходныя Артур цішком прыязджаў, каб убачыцца са сваім 6-гадовым сынам – унук кожныя выходныя бавіць у мяне. Я яго прасіла не паказвацца тут, але ён усё адно прыязджаў, каб правесці час з дзіцём. Я дужа баялася, што сына затрымаюць.

У ноч на 22 ліпеня гэтага года Артур намаляваў бчб-графіці на малых архітэктурных формах – пастаменце і валуне, а таксама замяніў чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы на школьным флагштоку. Мужчына планаваў уцячы за мяжу і не паспеў. У размовах у сям’і абмяркоўваўся ад’езд Артура, але ён вельмі не хацеў пакідаць радзімы. Асноўнаю прычынаю для адʼезду была немагчымасць уладкавацца на працу і адсутнасць сродкаў для існавання.

– Ён не мог нікуды тут уладкавацца і легальна працаваць, бо яго адразу знайшлі б. І ён хацеў ужо перайсці мяжу ў бок Літвы, але нешта пайшло не так, Артур паехаў да бацькі. Туды прыехаў бус з АМАПам і нашай астравецкаю міліцыяй. Там было вельмі хуткае затрыманне, што бацька не паспеў нават апомніцца – сына проста забралі і звезлі.

Спадарыня Ірына пэўная, што такое хуткае затрыманне Артура звязанае перадусім з тым, што ён напісаў на дзвярах начальніка міліцыі слова «жыве» белаю фарбаю:

– Нічога не падрапаў, не паламаў, а проста напісаў балончыкам слова «жыве». Таму яго вылічылі.

Артур Жвірыдоўскі. Фота з асабістага архіву

Пра затрыманне сына жанчына даведалася ад дзяржаўнай адвакаткі, якая патэлефанавала ў тую ж ноч.

– А другой гадзіне ўначы 23 ліпеня мне пазваніла адвакатка. Сказала, што ўсё ў парадку, патлумачыла сітуацыю, імкнулася мяне неяк супакоіць. А потым я даведалася, што Артур адмовіўся ад адваката. Напэўна, падумаў, што гэта бессэнсоўна і што адвакат яму нічым не дапаможа.

Наступны раз спадарыня Ірына ўбачыла сына ўжо ў сюжэце ОНТ – Артур выглядае закатаваным у відэароліку:

– На кадрах з ОНТ бачна, што сына білі. Ён сядзеў там увесь у чырвоных падцёках і даваў паказанні на камеру міліцыянтаў, як у нас у краіне звычайна робяць апошнім часам і паказваюць потым на гэтых каналах.

Жанчына распавядае, што ейны сын – чалавек свету. Хлопец абʼехаў палову Еўропы аўтаспынам, займаецца спортам, мае шмат сяброў. Атрымаўшы вышэйшую юрыдычную адукацыю, не хаваўся ад войска і адслужыў у ПДВ. Пасля ўладкаваўся працаваць міліцыянтам, але праз год звольніўся і з’ехаў на заробкі, каб дапамагаць маці расціць малодшых дзяцей, якіх у сям’і пяцёра.

Ганна Вашчанка, belsat.eu

Стужка навінаў