Клубныя дамы Менску: як жаданне жыць у малакватэрніку аказалася па-за законам


Жыць у горадзе, але не ў шматпавярховіку. У сучаснай вялікай кватэры, з мінімумам суседзяў. Са сваім, хай мікраскапічным, участкам. Са сваім паркавальным месцам. І пажадана за цану шматпакаёвай кватэры ў вышынным жылым доме. Гэта даўно папулярны запыт у сталічнага сярэдняга класу. У 2000–2012 гадах ён задавальняўся масава. Пакуль дзяржава не пастанавіла, што яе падманваюць.

Як вырасталі клубныя дамы

Каб пабудаваць дом на 4–8 і больш кватэраў, існавалі дзве схемы. Першая – забудоўнік-прадпрымальнік у межах інвестыцыйнага праекту атрымліваў афіцыйнае права на знос і рэканструкцыю сядзібнай забудовы. Выкупляў хібары на пэўным участку, зносіў усё, вёў гарадскія камунікацыі, будаваў падабенства таўнхаўсаў, прадаваў ахвотным. Напрыклад, так таунхаусы пабудаваныя ў Сельгаспасёлку і дамы ў Малым Сціклеве. Таўнхаўсы «Цнянская перліна» і клубны дом «Віла Рыва».

І другі – прадпрымальнік-забудоўнік на сябе або падстаўных асобаў выкупляў адзін прасторны ўчастак ці два сумежныя, атрымліваў дазвол на будаўніцтва трохпавярховага трохкватэрнага блакаванага дому (тады яшчэ заканадаўства дазваляла будаваць грамадзянам трохкватэрныя дамы), будаваў чатыры паверхі (верхні называў мансардаю), падзяляў на 6–8 кватэр з трыма – чатырма ўваходамі ў агульныя парадныя і прадаваў кватэры ахвочым. Асаблівасць такога тыпу жытла была ў тым, што пакупнікі атрымлівалі не кватэру як такую, а долю ў праве ўласнасці.

Будаваліся такія дамы часам за рэальныя банкаўскія крэдыты, хоць часцей – за грошы «суінвестараў».

Вуліца Куляшова, Менск.
Фота: Белсат

Афіцыйна пабудаваных клубных дамоў вырасла няшмат (атрымаць права на забудову маглі адзінкі, і як ім гэта ўдавалася, можна толькі разважаць).

А вось неафіцыйна пабудаваных у Менску – дзясяткі. Гадоў дзесяць чыноўнікі «не заўважалі» (тут таксама лёгка ўявіць як), што пад выглядам прыватных дамоў будуюцца шматкватэрнікі. Пакуль у адным не здарыўся скандал. Забудоўнік надумаў узвесці шматкватэрнік нават не за свае – набраў амаль тры дзясяткі (!) дольнікаў, прадаў некаторыя кватэры два разы.

Як дзяржава звярнула ўвагу на недаплаты

Наагул у 2013-м грымнула. Афіцыйнае паведамленне выглядала так: «Генеральная пракуратура Беларусі выявіла незаконную схему будаўніцтва каля 50 шматкватэрных дамоў у Першамайскім раёне Менску».

– У раёне Севастопальскага парку ў Менску ілжэпрадпрымальнікі незаконна пабудавалі каля 50 шматкватэрных дамоў. Распачатая крымінальная справа паводле арт. 233 («Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць») Крымінальнага кодэксу Беларусі… Зямля, на якой будаваліся шматкватэрныя дамы, згодна з указам прэзідэнта, мае статус сядзібнай забудовы. Кожная кватэра, пабудаваная на гэтым участку, мае рынкавы кошт больш за $ 300 тысячаў. Шкода ад рэалізацыі незаконнай схемы будаўніцтва склала больш за Br 3 мільярды [справа была да дэнамінацыі. – Заўв. аўтара]».

Пракуратура тады абяцала, што «будуць высвятляць, якую ролю ў гэтай незаконнай схеме будаўніцтва шматкватэрных дамоў адыгралі чыноўнікі».

Вуліца Пскоўская, Менск.
Фота: Белсат

І што «гэты факт у Менску не адзіны, падобныя схемы незаконнага будаўніцтва жылога фонду ілжэпрадпрымальнікамі выкарыстоўваліся і ў іншых адміністрацыйных раёнах сталіцы».

Пасля грому як мінімум аднаго забудоўніка, які спрабаваў схавацца за мяжой, экстрадавалі. Ці дакапаліся да зацікаўленых чыноўнікаў, народу не паведамілі, хоць, калі б дапыталі ўладальнікаў кватэраў, усплылі б канкрэтныя імёны. Пры гэтым уласнікаў доляў у шматкватэрных дамах патурбавалі сур’ёзна. Людзей цягалі да следчых, вісела пагроза зносу шматкватэрнікаў як самабуду…

Зрэшты, нічога не знеслі.

Што цяпер з тымі, хто не паспеў

Пасля 2013 года ўжо пачатыя будаўніцтвам шматкватэрнікі завіслі. Адміністрацыі раёнаў адмаўляліся прымаць іх у эксплуатацыю. Нават тыя, што будаваліся як трохкватэрныя, мелі тры ўваходы і ўвогуле адпавядалі дазвольнай дакументацыі.

Некалькі гадоў чакання, хаджэнні па кабінетах і судах – большую частку дамоў прынялі ў эксплуатацыю як двух- і трохкватэрныя, цяпер яны вісяць у базах продажаў.

Дамы на вуліцы Курганнай у Менску.
Фота: Белсат

Дазволілі дабудаваць і адзін са шматкватэрнікаў на Курганнай, дзе было шмат дольнікаў. Прычым яго – менавіта як малапавярховы шматкватэрны дом. Але яшчэ невялікая частка дамоў завісла. Вонкава гатовыя, яны не прымаюцца ў эксплуатацыю, бо ў іх «угледжваюцца прыкметы шматкватэрнасці». І іншыя парушэнні. Напрыклад, гіганцкі дом на Курганнай 73 залез на тэрыторыю, якая належыць гораду, і даць дазвол на яго ўвод можа толькі Лукашэнка.

Асабліва крыўдна тым гаспадарам, якія ўклалі ў свае дамы ўсе свае грошы і разлічвалі, што ў адной з кватэраў паселяцца самі, а продажам астатніх адаб’юць выдаткі.

Калі скончыцца гэтая эпапея, нікому невядома.

Але сапраўды, цяпер прыватныя забудоўнікі не будуюць шматкватэрнікаў. А калі трохкватэрныя абʼекты і зʼяўляюцца, дазвольную дакументацыю на іх выдалі яшчэ да 2013-га. Цяпер дазвол на будаўніцтва нават трохкватэрнага дому атрымаць нерэальна.

Як павінна быць?

Попыт на малапавярховыя шматкватэрныя дамы ў Менску нікуды не дзеўся. Людзі хочуць жыць у прыватным сектары з гарадскімі выгодамі. Калі б першапачаткова гарадскія ўлады не хацелі бачыць сталіцу суцэльным шматпавярховым масівам, да гэтага часу Сельгаспасёлак і прыватны сектар у Севастопальскага парку, Курганная і Цнянка, іншыя сядзібныя раёны ператварыліся б у рэспектабельную малапавярховую забудову з украпінамі прыватных вілаў.

Зрэшты, не ўсё страчана. Дай адмашку забудоўнікам дамаўляцца з жыхарамі прыватнага сектару, выкупляць участкі, праектаваць і будаваць (бо горад можа дыктаваць паверхавасць і нават колер фасадаў ды кантраляваць нагрузкі на камунікацыі) таўнхаўсы – за дзясятак гадоў усё можна нагнаць.

Гаражы на Слабадской вуліцы ў Менску.
Фота: Белсат

Але пакуль маем тое, што маем. Пад сцягам «Менск не гумовы» на месцы зялёнага прыватнага сектару з нізкаю шчыльнасцю будуюць шматпавярховыя гета з заасфальтаванымі або падсыпанымі пясочкам дварамі. Участкі пад малапавярховую забудову вылучаюцца рэдка і толькі дзяржзабудоўнікам. Прыклад – Сонечны-2 ля «Экспабелу», на ўскраіне Менску. Там МАПІДу поле аддалі пад таўнхаўсы і пяціпавярховікі. Другі – УКБ дазволілі будаваць таўнхаўсы ў межах кальцавой, у Зацані. Але гэта хутчэй выключэнні.

Ягор Дзявятаў для belsat.eu

Стужка навінаў