«Кіберпартызаны» ўзламалі базы ДАІ і сістэмы «Пашпарт». Што яны даведаліся?


На просьбу «Белсату» хакеры прыслалі пацверджанне таго, што валодаюць актуальнымі звесткамі базаў, і расказалі, якія звесткі з іх цікавыя.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Кіберпартызаны» цяпер маюць свежыя базы звестак пра грамадзянаў з Дзяржаўнай аўтаінспекцыі і аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт». Ужо пасля гутаркі з «Белсатам» яны расказалі, што ўзламалі базу звестак службы 102 і маюць архіў выклікаў.

«Мы сапраўды іх узламалі, – адказваюць «Кіберпартызаны» на пытанне, ці не купілі звесткі ў іншых узломнікаў. – Як мы і пісалі, для ўзлому базаў нам неабходна было пракрасціся на аб’екты рэжыму і адкрыць доступ да ўнутранай сеткі, далей працавалі нашыя кіберы, якія дабраліся да некалькіх базаў. Працягваем працаваць далей, яшчэ не вечар».

У пашпартнай базе ёсць актуальныя і ранейшыя звесткі не толькі пра імя і нумар пашпарта, але і месца прапіскі, месца працы, імёны бацькоў. У базе ДАІ могуць пабачыць не толькі тое, хто якой машынаю валодае, але і якія парушэнні ўчыніў. У архіве выклікаў 102 маюцца і звесткі, хто калі рабіў выклік, і апісанне таго, на што скардзіліся (а сярод скаргаў ёсць і, напрыклад, данос на суседа за заклікі на мітынгі ў сацсетках).

Абноўлена. Вечарам 29 ліпеня «кіберпартызаны» заявілі аб новым узломе: цяпер базы звестак Упраўлення ўласнай бяспекі МУС.

Артыкулы
«Кіберпартызаны» заявілі аб новым узломе: цяпер базы звестак Упраўлення ўласнай бяспекі МУС
2021.07.29 22:33

Якая карысць «Кіберпартызанам» з усяго гэтага?

«У сетцы МУС ёсць вельмі шмат базаў, на некаторых засакрэчаная інфармацыя, раскрыццё якой можа парушыць працу МУС, КДБ і іншых ведамстваў, – тлумачаць «партызаны». – Нядаўна мы злілі кватэрны фонд КДБ, і ім прыйдзецца змяніць усе кватэры – на гэта сыдзе шмат рэсурсаў і часу.

У базах ДАІ ёсць звесткі па ўсіх аўтамабілях у РБ, у тым ліку аператыўных аўто ціхароў, ГУБАЗіК, КДБ. Як мінімум, ім усім прыйдзецца мяняць транспартны сродак. Але, важней тое, што аператыўнікі будуць ведаць, што такая ўцечка цалкам можа здарыцца зноў.

У АІС «Пашпарт» захоўваюцца фоткі ўсіх грамадзянаў, у тым ліку КДБшнікаў, операў і ціхароў. Ці шмат агентаў КДБ будуць гатовыя дзейнічаць за мяжой, ведаючы, што звесткі аб іх ужо выцеклі?»

Hавiны
Беларускія кіберпартызаны прадставілі свой план перамогі
2021.04.12 10:23

Базы толькі пачынаюць апрацоўваць і аналізаваць, таму, кажуць «Кіберпартызаны», яшчэ цяжка нават уявіць, што там знойдзецца. Да таго ж, хакеры цяпер занятыя кібератакамі (якія называюць «самымі маштабнымі ў гісторыі Беларусі»), таму на маюць шмат рэсурсаў на аналіз базаў. Але яны мяркуюць, што далейшыя ўзломы могуць нанесці рэжыму нават большую шкоду.

Калі «партызаны» атрымалі доступ да базаў, ці змогуць звычайныя злодзеі так жа ўзламаць гэтыя базы або скрасці звесткі ў «партызанаў»?

«Мы лічым, што базы ў нас абароненыя лепш, чым у МУС, і мы відавочна разбіраемся лепш у кібербяспецы, – адказваюць хакеры. – Да базаў ёсць доступ толькі ў вельмі абмежаванай колькасці людзей, якім мы давяраем. Толькі ў нашых адмінаў маецца поўны доступ да базаў, а ў астатніх доступ абмежаваны і маніторыцца».

АА belsat.eu

Стужка навінаў