Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову ўзнагародзілі ляйпцыгскай Прэміяй за свабоду і будучыню СМІ


Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года. Фота: Белсат

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова атрымаюць ганаровую прэмію за тое, што «сталіся галасамі свабодных журналісцкіх рэпартажаў пры аўтакратычным рэжыме і пацярпелі за сваю працу».

Прэмію ўручаюць ў кастрычніку ў Ляйпцыгу. Цырымонія ўручэння прэміі За свабоду і будучыню СМІ звычайна адбываецца 8 кастрычніка напярэдадні гадавіны дэманстрацыяў супраць рэжыму ГДР, 9 кастрычніка 1989 года.

Прэмію за свабоду і будучыню СМІ з 2001 года ўручае Фонд падтрымання СМІ нямецкага банку «Sparkasse Leipzig». Прэміяй узнагароджваюць журналістаў, выдаўцоў, публіцыстаў, а таксама групы і арганізацыі, якія з рызыкаю для сябе робяць асаблівы ўнёсак у абарону свабодных СМІ і абарону будучыні вольнай прэсы.

Артыкулы
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова сталі пераможцамі міжнароднай прэміі «Courage in Journalism Awards»
2021.06.10 17:13

У асабістых лістах да Дар’і і Кацярыны выканаўчы дырэктар Фонду СМІ банку «Sparkasse Leipzig», дырэктар фондаў банку Штэфан Зээгер спадзяецца, што журналісткі хутка выйдуць на волю і змогуць асабіста атрымаць прэмію.

«Ужо цягам некалькіх гадоў мы з няспыннаю трывогаю назіраем за тым, наколькі моцна беларускі рэжым абмяжоўвае свабоду прэсы. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года становіцца відавочным, што Лукашэнка і ягоны ўрад могуць утрымацца ва ўладзе толькі шляхам жорсткага абмежавання свабоды слова, свабоды прэсы ці свабоды збораў. Для захавання гэтай улады ён гатовы пайсці на ўсё, аж да змушанай пасадкі грамадзянскага пасажырскага самалёта, – гаворыць Штэфан Зээгер у прэс-рэлізе з нагоды прэміі. – Рашэнне журы ўручыць нашую прэмію СМІ Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай ёсць знакам падтрымання ўсіх прадстаўнікоў СМІ, а таксама грамадзянскай супольнасці не толькі ў Беларусі ў іх імкненні і далей заступацца за свабоду слова ды незалежнае асвятленне падзеяў».

Журы прэміі асабліва цэніць нястомныя намаганні абедзвюх маладых журналістак, якія сваёй працаю звярнулі ўвагу на лёс Рамана Бандарэнкі, паспрыялі таму, каб голас свабоднага асвятлення падзеяў у аўтарытарным рэжыме быў пачуты».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў