Берасцеец адмовіўся ад квіткоў «Белавіі» і ўжо больш за тыдзень не можа вярнуць за іх грошы


Берасцейскі журналіст Алесь Ляўчук з сямʼёй яшчэ 4 чэрвеня паляцеў у адпачынак у Грузію, набыўшы ў «Белавія» квіткі ў абодва бакі. Праз небяспеку і пераслед з боку ўладаў журналіст быў вымушаны працягнуць адпачынак ды адмовіцца ад вяртання на радзіму, а цяпер не можа вярнуць амаль $ 700 за пералёт.

«Не зважаючы на рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і журналістаў, пасля адпачынку мы планавалі вярнуцца ў Беларусь. Але сталі паступаць выразныя сігналы, што гэтага рабіць пакуль не варта. Апошняю кропляю сталіся ператрусы ў нас і нашых родных. Стала ясна, што ляцець на радзіму – гэта значыць з вялікаю верагоднасцю апынуцца ў вязніцы», – кажа ў размове з «Белсатам» Алесь Ляўчук.

Самалёт авіякампаніі «Белавія».
Фота: Белсат

Вылет сямʼя журналістаў запланавала на 25 ліпеня: яны пачалі вывучаць правілы вяртання квіткоў, у выніку падалі заяву ў тэрміны і паводле правілаў, якія патрабуе кампанія «Белавія».

Але атрымалі адказ, што тэрмін апрацоўвання заявак на вяртанне квіткоў павялічаны, бо ў авіякампаніі вялікая колькасць заявак. За 72 гадзіны да вылету Ляўчук накіраваў у «Белавію» яшчэ адзін ліст, у адказ яго папрасілі не дубляваць лістоў, бо так павялічваецца час апрацоўвання заявак.

«У «Белавіі» дзікія кошты, за самыя танныя квіткі назад для трох чалавек мы заплацілі амаль $ 700, для нашай сям’і гэта значная сума, не хацелася б страціць гэтых грошай», – кажа Алесь Ляўчук.

У выніку журналіст атрымаў яшчэ адзін ліст з «Белавіі»: адказалі, што сродкі вернуць у парадку чаргі, але дакладны час зноў не вызначылі.

Кліенты «Белавія», якія раней вярталі грошы за квіткі цвердзяць, што атрымоўвалі сродкі цягам 3–5 дзён.

AC belsat.eu

Стужка навінаў