Завершылася следства ў дачыненні рэйкавых партызанаў


Следчы камітэт скончыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні рэйкавых партызанаў аб падпале рэлейнай шафы на Беларускай чыгунцы, бо па ёй да межаў Украіны сцягвалася расейская тэхніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Pixabay

У паведамленні СК гаворыцца, што 29-гадовы жыхар Светлагорску далучыўся да плану «Перамога». Нібыта ён атрымаў заданне сапсаваць чыгуначную інфраструктуру на тэрыторыі Гомельскай вобласці. У сваю чаргу абвінавачваны прапанаваў удзел сваім сябрам. На прапанову адгукнуліся два мужчыны 33 гадоў і 51 года.

Цяпер рэйкавым партызанам выставілі абвінавачанні паводле чатырох артыкулаў КК:

  • ч. 3 арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»);
  • ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму, учынены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы, што ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў»);
  • ч. 2, 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў, які пацягнуў цяжкія наступствы, а таксама стварыў пагрозу аварыі і гібелі людзей»);
  • ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»).

Ім можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Аналітыка
«Рэйкавыя партызаны». Што вядома пра затрыманых у Асіповіцкім раёне?
2022.04.07 18:18

Як сцвярджае Следчы камітэт, прадстаўнікі «ByPol»/«мабілізацыйны план «Перамога» аплацілі выдаткі на рыхтаванне дыверсіі. Усяго абвінавачваным нібыта перавялі крыху больш за 1000 рублёў.

Паводле версіі следства, у ноч на 1 сакавіка падсудныя падпалілі рэлейную шафу з абсталяваннем, што «выклікала рызыку наступлення катастрафічных наступстваў, у тым ліку аварыі цягнікоў і гібелі пасажыраў». Шкоду ацанілі на 55 тысячаў рублёў.

Ведамства сцвярджае, што абвінавачваныя супрацоўнічаюць са следствам.

Аб’ектыў
ByPol пацвердзіў, што дыверсіі на чыгунцы ладзяць удзельнікі плану «Перамога»
2022.03.31 22:31

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў