«Рэйкавым партызанам» пагражае расстрэл. Што вядома пра зняволеных у гэтай справе


Следчы камітэт 29 чэрвеня заявіў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы ў дачыненні трох «рэйкавых партызанаў» са Светлагорску – ім можа пагражаць смяротнае пакаранне. Belsat.eu распавядае, што вядома пра гэтых людзей і іншых фігурантаў «рэйкавай справы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Max Vertsanov / unsplash

У прэс-рэлізе Следчага камітэту сцвярджаецца, што 29-гадовы жыхар Светлагорску ў лютым 2022 года далучыўся да плану «Перамога» і нібыта атрымаў ад кіраўніцтва «ByPol» заданне сапсаваць чыгуначную інфраструктуру Гомельскай вобласці. Мужчына прапанаваў далучыцца да супраціву двум сваім знаёмым.

Паводле СК, на акцыю партызаны выехалі на аўтамабілі 51-гадовага мужчыны. Машыну яны пакінулі каля найбліжэйшай вёскі, кіроўца застаўся чакаць у машыне. Два іншыя ўдзельнікі групы пайшлі да чыгункі пешшу. Уначы з 28 лютага на 1 сакавіка яны падпалілі рэлейную шафу сігналізацыі, цэнтралізацыі ды блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку аказаліся ў непрацоўным стане.

Даведка

З самага пачатку расейскага ўварвання ва Украіну беларусы сталі псаваць чыгуначную інфраструктуру, каб перашкодзіць руху вайсковай тэхнікі агрэсара праз тэрыторыю Беларусі. Гэтыя акцыі супраціву называюць рэйкаваю вайною, аналагічна з партызанскімі акцыямі масавага разбурэння чыгуначных камунікацыяў у гады нацысцкай акупацыі Беларусі. Дзеянні сучасных «рэйкавых партызанаў» маюць падкрэслена негвалтоўны характар, ад іх акцыяў ніхто не пацярпеў.

Нанесеную шкоду следства ацаніла на 55 тысяч рублёў.

Затрыманым выставілі канчатковае абвінавачванне паводле чатырох артыкулаў КК:

  • ч. 3 арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»);
  • ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»);
  • ч. 2 і 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносінаў»);
  • ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»).

У Следчым камітэце падкрэслілі, што мужчынам можа пагражаць смяротнае пакаранне (такі від пакарання прадугледжаны ч. 3 арт. 289). Хаця, напрыклад, юрыст Павел Сапелка сцвярджае, што расстрэльны вырак у гэтай справе вынесены быць не можа.

Аналітыка
Рэйкавая вайна ў Беларусі: дыверсіі, рэпрэсіі ды пагрозы забіваць партызанаў
2022.04.02 10:00

Што вядома пра гэтых людзей

У прэс-рэлізе СК імёны партызанаў не называюцца. Але праваабаронцы адзначаюць, што гаворка ідзе пра жыхароў Светлагорску Дзмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава. Іх затрымалі 4 сакавіка паводле падазрэння ў знішчэнні рэлейнай шафы на перагоне Астанкавічы – Жэрдзь.

«Пакаяннае відэа» з 29-гадовым Дзянісам Дзікуном тады з’явілася ў праўладных тэлеграм-каналах. На відэа бачна, што мужчына пры затрыманні быў моцна збіты.

Дзяніс Дзікун.
Фота: spring96.org

Брат Дзяніса Дзікуна распавядаў ПЦ «Вясна», што размаўляў з ім за дзень да арышту:

«Дзяніс быў бадзёрым, выглядаў нармальна. А на «пакаянным відэа», якое я ўбачыў праз некалькі дзён, яго было ўжо не пазнаць. Гэта факт, што з іх выбівалі канкрэтныя паказанні і катавалі. У першыя дні ўсіх траіх утрымлівалі ў розных ізалятарах: Дзяніса ў Светлагорску, Дзмітрыя ў Рэчыцы, а Малчанава адвезлі нават у Жлобін. Калі наш знаёмы ўбачыў, як Дзяніса вялі па калідоры ІЧУ ў кайданках, то адзначыў, што ён кульгаў і трымаўся рукамі за бок. Відаць, яму было балюча».

Паводле праваабаронцаў, першапачаткова сілавікі затрымалі таксама Наталлю Равіч (жонку Дзмітрыя Равіча, сястру Дзяніса Дзікуна) і Алісу Малчанаву (дачку Алега Малчанава і дзяўчыну Дзяніса Дзікуна). Але Наталлю і Алісу пазней адпусцілі.

Алегу Малчанаву на момант акцыі на чыгунцы быў 51 год – імаверна, гэта якраз той мужчына, які, паводле прэс-рэлізу СК, проста падвёз Дзяніса і Дзмітрыя да вёскі каля чыгункі і застаўся іх чакаць. За гэта яму таксама выстаўлена абвінавачванне паводле расстрэльнага артыкулу.

Алег Малчанаў.
Фота: spring96.org

Усе трое яшчэ ў красавіку былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю Беларусі палітвязнямі. Праваабаронцы канстатавалі, што фармальна супрацьпраўныя дзеянні «рэйкавых партызанаў» сталі вынікам «парушэння дзяржавай сваіх абавязкаў адносна падтрымання міру, бяспекі і належнага правапарадку». Беларусы былі пазбаўленыя магчымасці выказваць сваё меркаванне і ўплываць на палітычныя рашэнні ўраду законнымі сродкамі, таму былі вымушаныя шукаць іншыя сродкі.

Дзмітрый Равіч.
Фота: spring96.org

У сваю чаргу КДБ унёс Малчанава, Дзікуна і Равіча ў «тэрарыстычны спіс», не чакаючы судовага працэсу.

Хто яшчэ праходзіць у «рэйкавай справе»

Агулам праваабаронцы прызналі палітвязнямі 11 «рэйкавых партызанаў».

У Стоўбцах у ноч з 1 на 2 сакавіка затрымалі мужа і жонку, якія на чыгуначных шляхах падпалілі бярвенне, каб перашкодзіць руху цягнікоў. Паводле праваабаронцаў, затрыманыя – Сяргей і Кацярына Глебкі. Жанчыну, імаверна, пазней адпусцілі, а Сяргею Глебку было выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 289 КК. Праўда, невядома, ці інкрымінуецца яму расстрэльны трэці пункт.

2 сакавіка міліцыя паведаміла пра затрыманне 43-гадовага жыхара Асіповічаў, прадпрымальніка Аляксея Шышкаўца, які нібыта планаваў зладзіць дыверсію на чыгуначных каляінах. Яго вінавацілі ў тым, што ён зарэгістраваўся ў плане «Перамога» і атрымаў ад «ByPol» загад аб блакаванні чыгункі. Аляксею было выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»).

6 сакавіка затрымалі 49-гадовага жыхара Віцебску, які нібыта з аднадумцамі планаваў прывесці ў непрыдатнасць праграмна-апаратнае абсталяванне. Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу @bel_zhd, затрыманы – працаўнік Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Сяргей Канавалаў. Паводле звестак рэсурсу, на мужчыну данёс намеснік начальніка прадпрыемства ў пытаннях ідэалогіі. Яму было выстаўлена абвінавачванне ў «акце тэрарызму» (які менавіта пункт арт. 289 – невядома).

10 сакавіка за рыхтаванне да акту тэрарызму (арт. 13 і арт. 289 КК) у Мазыры былі затрыманыя два мясцовыя жыхары – Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч. Як сцвярджае следства, мужчыны планавалі падпальваць расейскую вайсковую тэхніку падчас яе перамяшчэння, дзеля чаго захоўвалі ў сябе «кактэйлі Молатава». Як вынікае з відэасюжэту БТ, за мужчынамі пільна сачылі, у тым ліку праз схаваныя камеры ў гаражы.

Сяргей Пляшкун (злева) і Юрый Сельвіч.
Фота: spring96.org

Як высветліла «Наша Ніва», дзеці Юрыя Сельвіча проста цяпер служаць у войску: старэйшы сын – у спецназе, малодшы – у танкавай часткі. Паводле знаёмых мужчыны, Сельвіч выступаў супраць вайны і вельмі баяўся, што яго сыноў могуць адправіць ва Украіну.

30 сакавіка паводле падазрэння ў знішчэнні дзвюх рэлейных шафаў пад Асіповічамі спецназ МУС затрымаў Яўгена Мінкевіча, Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава. Затрыманне праводзілася з паказальнай жорсткасцю: па бяззбройных людзях быў адкрыты агонь на паражэнне. Аднаму з падпальшчыкаў прастрэлілі каленныя суставы.

Яшчэ адзін «рэйкавы партызан» атрымаў цяжкое раненне ў Барысаўскім раёне 1 красавіка, але яго імя невядома.

Аналітыка
«Рэйкавыя партызаны». Што вядома пра затрыманых у Асіповіцкім раёне?
2022.04.07 18:18

Уладзіміру Аўрамцаву 27 гадоў, да затрымання ён працаваў фізруком у бабруйскай школе № 35, а таксама інструктарам у фітнес-клубе. Раней служыў у міліцыі.

Меў досвед службы ў міліцыі і 28-гадовы Дзмітрый Клімаў. Пасля заканчэння працы ў органах прааваў у таксі, а з 2021 года стаў рэгіянальным прадстаўніком службы таксі «7204».

Яўгену Мінкевічу таксама 28 гадоў. Ён скончыў вучэльню алімпійскага рэзерву, адвучыўся ў МДПУ імя Шамякіна на факультэце фізічнай культуры. Працаваў санітарам у службе бабруйскай хуткай дапамогі, а таксама таксоўцам у розных сэрвісах.

Усім траім было выстаўленае абвінавачванне паводле арт. 289 («Акт тэрарызму») КК.

Антыпартызанскія акцыі

Хутчэй за ўсё, спіс фігурантаў «рэйкавых справаў» не абмяжоўваецца тымі 11 асобамі, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Затрыманых паводле падазрэння ў дыверсіях на чыгунцы было больш, пра некаторыя выпадкі паведамлялі ў МУС, але іх імёны і статус застаюцца пакуль невядомымі.

Акрамя таго, у пошуках партызанаў сілавікі чынілі рэйды ў гарадах, паблізу якіх адбыліся дыверсіі, праводзілі ператрусы і затрымлівалі ў адміністратыўным парадку тых, хто раней быў заўважаны ў пратэставай актыўнасці. Вядома пра масавыя налёты сілавікоў у Стоўбцах, Дзяржынску, Баранавічах, а таксама затрыманні работнікаў чыгункі па ўсёй Беларусі. Толькі ў Стоўбцах праваабаронцы зафіксавалі 35 фактаў пераследу. Такім чынам сілавікі адпомсцілі мясцовым за пашкоджанне аўтаматыкі каля станцыі «Сінява».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Акцыі супраціву на чыгунцы падштурхнулі рэжым Лукашэнкі да таго, каб унесці ў Крымінальны кодэкс змены, якія пашыраюць сферу выкарыстання смяротнага пакарання. Папраўкі набылі моц у траўні. Цяпер расстрэл можа пагражаць не толькі за здзяйсненне тэракту, але і за замах на акт тэрарызму. Нагадаем, што раней у МУС папярэджвалі, што любыя акцыі на чыгунцы будуць расцэньвацца як акт тэрарызму.

Усяго, як сцвярджаюць у МУС, з лютага да пачатку красавіка ў Беларусі было зафіксавана больш за 80 дыверсіяў на чыгунцы. Паводле «The Washington Post», «рэйкавая вайна» запаволіла перасоўванне расейскіх войскаў, выйграла час для ЗСУ і паспрыяла адбіванню наступлення на Кіеў. Факт блакавання чыгуначных шляхоў прызнавалі ва ўкраінскім Генштабе і Украінскай чыгунцы.

Артыкулы
«The Washington Post»: Беларускія партызаны дапамаглі спыніць напад расейцаў на Кіеў
2022.04.24 19:28

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў