Палітычнага вязня Мікалая Дзядка пераводзяць на турэмны рэжым


У судзе Горацкага раёну 28 чэрвеня разглядзелі справу пра перавод Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змену ўмоваў рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

Мікола Дзядок у судзе 3 лістапада 2021 года.
Фота: sb.by.

Суддзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў перавесці Мікалая на турэмны рэжым тэрмінам на 2 гады і 10 месяцаў.

Праваабаронцы паведамляюць, што, нягледзячы на рашэнне суда, палітзняволены ў добрым настроі, а перавод не стаўся для яго нечаканасцю.

У канцы сакавіка блогера і анархіста змясцілі ў ПКТ на чатыры месяцы за адмову хадзіць на працу на знак пратэсту. З 15 да 24 красавіка палітычнага вязня ўтрымлівалі ў ШІЗА паводле двух пратаколаў.

Артыкулы
Як здзекуюцца з палітвязня Міколы Дзядка: чатыры ШІЗА за месяц, ізаляцыя ад людзей, лістоў і перадачаў
2022.03.11 17:28

Мікола Дзядок – вядомы актывіст анархісцкіх поглядаў, блогер, журналіст газеты «Новы час». Яго затрымалі 11 лістапада 2020 года байцы ГУБАЗіКу і МУСу ў загарадным доме. Пры затрыманні актывіста моцна збілі, распылялі ў вочы пярцовы газ: відэа з відавочнымі прыкметамі гэтага апублікавалі самі сілавікі.

Пасля затрымання Мікалая адвезлі ў менскае аддзяленне ГУБАЗіКу, дзе працягнулі збіваць, білі электрашокерам у пяткі, пагражалі згвалтаваннем. Потым яго перавялі ў ізалятар на Акрэсціна, а далей – у СІЗА на Валадарскага.

Прысуд Дзядку вынеслі ў Менскім гарадскім судзе 10 лістапада 2021 года. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342, 361, і 295-3 («Актыўныя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак», «Заклікі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы» і «Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, заснаваных на выкарыстанні гаручых сумесяў») і прызначылі пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення свабоды ва ўмовах агульнага рэжыму. Актывіст не прызнаў віны ні ў водным артыкуле.

Артыкулы
«Мой сын пайшоў на пакуты, каб іншыя людзі маглі жыць свабодна». Вялікая гутарка з бацькам Мікалая Дзядка
2021.07.15 17:59

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў