NATO: Украіна можа перамагчы Расею толькі на полі бою


У Мадрыдзе 29 чэрвеня стартаваў саміт NATO. 30 краінаў-чальцоў Альянсу абмеркавалі галоўныя выклікі і пагрозы, а таксама прынялі шэраг важных рашэнняў.

Крыніца: nato.int

На саміце па відэасувязі выступіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён адзначыў, што імперскія амбіцыі Расеі не абмяжуюцца толькі Украінай. Наступнымі могуць стаць Малдова, Польшча ці краіны Балтыі. Прадухіліць гэта своечасова аказаная Украіне падтрымка ўзбраеннем і фінансамі.

«Гэта не проста вайна Расеі супраць Украіны, гэта вайна за права дыктаваць свае правілы ў Еўропе, тое, якім будзе будучы светапарадак. Вось чаму так неабходна падтрымаць Украіну – зброяй, фінансамі, палітычнымі санкцыямі супраць Расеі, якія пазбавяць яе магчымасці плаціць за вайну. Гэта абсалютная неабходнасць. Украіне неабходныя сучасныя сістэмы супрацьракетнай і супрацьпаветранай абароны, і яны ў вас ёсць. Падаўшы іх нам, вы можаце цалкам зламаць тактыку Расеі па разбурэнні гарадоў і тэрору ўкраінскага мірнага насельніцтва», – адзначыў Зяленскі.

Прэм’ер-міністр Бельгіі Аляксандр Дэ Кро заявіў, што Украіна можа перамагчы Расею толькі на полі бою, гэтым самым агучыўшы агульную пазіцыю Альянсу. Гэта пытанне прадстаўнікі NATO абмеркавалі з Уладзімірам Зяленскім, адзначыўшы, што гатовыя падтрымліваць Украіну і ўкраінскі народ столькі, колькі неабходна, каб супрацьстаяць расейскай агрэсіі.

Hавiны
Ад сёння Расея перастае быць партнёрам NATO і становіцца пагрозай
2022.06.29 22:41

Аляксей Ганчарэнка: Прарыву ў аказанні ваеннай дапамогі Украіне на гэтым саміце не адбылося

Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка ў каментары «Белсату» адзначыў, што не задаволены тым, што Украіна на саміце так і не атрымала план дзеянняў па сяброўству ў NATO, як крок да ўступлення ў Альянс.

«Магчыма, Фінляндыя і Швецыя створаць прэцэдэнт, бо яны ўступаюць без гэтага кроку – плана дзеянняў па сяброўству, і такім чынам масціцца дарога для Украіны. Хацелася б у гэта верыць, але ў рэальнасці мы разумеем, што канкрэтных крокаў у гэтым кірунку для нас зроблена не было», – адзначыў палітык.

Таксама ён выказаўся пра комплексны пакет дапамогі для Украіны, які быў прыняты на саміце. Там прадугледжаныя дзеянні і на доўгую перспектыву: напрыклад, замена ўкраінскай тэхнікі на тэхніку еўрапейскага ўзору, навучанне ўкраінскага персаналу.

«Я радуюся любой дапамозе, але ў гэтым выпадку хацелася больш. Краіны-чальцы могуць дапамагаць вельмі сур’ёзна.

Канешне, лепей штосьці, чым нічога. Але хочацца таго, што дапаможа нам зараз, а не ў доўгатэрміновай перспектыве. У нас сёння захопліваюць і абстрэльваюць ракетамі мірныя гарады, забіваюць сотні ўкраінцаў кожны дзень, нам патрэбна дапамога сёння.

І мне сумна, што такога прарыву ў аказанні ваеннай дапамогі Украіне на гэтым саміце не адбылося», – пракаментаваў Аляксей Ганчарэнка.

Па яго словах, шэраг краінай NATO заявілі аб тым, што перададуць некаторую тэхніку Украіне, але гэтая дапамога – мізэрная і нічога кардынальна не змяняе.

«Было б сімвалічна, каб на саміце NATO кожная з 30 краін заявілі аб нейкай дапамозе, і ўсё гэта было сабрана ў адзін пакет. Гэта было б сур’ёзна», – сказаў палітык.

Таксама ён адзначыў існаванне рызыкі ўступлення Беларусі ў вайну, што назваў страшнай трагедыяй.

«Хачу яшчэ раз звярнуцца да беларусаў. Не дапусціце гэтага. Рабіце ўсё магчымае: перадрукоўвайце самвыдат, размаўляйце адзін з адным, званіце родным беларускіх салдат і афіцэраў. Калі вашы дзеці, мужы ў войску – забірайце іх адтуль любым спосабам. А калі такі загад паступіць, беларуская армія мусіць ісці не ва Украіну, паміраць і забіваць украінцаў, а павінна пайсці і знесці рэжым Лукашэнкі ў Менску», – падсумаваў Аляксей Ганчарэнка.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў