«Гэта будзе трэцяя сусветная». Што кажуць чыноўнікі, медыі і жыхары Літвы пра магчымы напад Расеі


Поўнамаштабная вайна ва Украіне цягнецца ўжо больш за чатыры месяцы, а апошнімі днямі ў шэрагу сусветных медыяў абмяркоўваюцца рызыкі нападу Расеі на адну з краінаў Еўразвязу і NATO – Літву. Нагодаю для асцярогаў сталася абмежаванне Літвою 18 чэрвеня транзіту ў Калінінград расейскіх тавараў, якія нельга транспартаваць з прычыны санкцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дарога недалёка ад польска-літоўскай мяжы, зона вакол якой вядомая як сувальскі калідор.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

У адказ на гэта Масква заявіла, што транзітныя абмежаванні парушаюць міжнародныя пагадненні, і прыгразіла захадамі ў адказ. Адзіным, што пакуль здолеў зрабіць расейскі бок, – гэта ўчыніць кібератакі на літоўскія ўрадавая сайты. Аднак жыхароў Літвы непакоіць магчымая перспектыва пачатку вайны, а некаторыя ўжо збіраюць «трывожныя» валізы.

Што пішуць у літоўскіх выданнях?

У літоўскіх медыях пытанне магчымага нападу Расеі на Літву абмяркоўваюць яшчэ з пачатку расейскай агрэсіі ва Украіне. Аднак пасля абмежавання Літвою транзіту ў Калінінград і агучвання Масквою намераў перадаць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр», здольныя несці ядравыя боегалоўкі, узніклі новыя пытанні і большыя засцярогі. Апошні тыдзень гэтую тэму актыўна абмяркоўваюць палітыкі ды аналітыкі. Пра рэальную пагрозу вайны медыі не гавораць. Напрыклад, не абмяркоўваюцца інструкцыі на выпадак пачатку ваенных дзеянняў, як гэта было ва Украіне перад пачаткам вайны.

Аднак амерыканскае выданне «Politico» кажа, што сувальскі калідор паміж Беларуссю і Калінінградам цяпер самае небяспечнае месца на планеце. Сувальскі калідор – гэта вузкая 100-кіламетровая паласа ўздоўж літоўска-польскай мяжы. Паводле некаторых вайскоўцаў, можа стацца адною з першых цэляў Расеі.

Аналітыка
Чым скончыцца ядравы шантаж на фоне калінінградскага крызісу?
2022.06.28 19:40

Палітыкі супакойваюць, але настроеныя рашуча

Пасля паведамлення аб прыпыненні транзіту часова павераную ў справах Літвы Віргінію Умбрасіене выклікалі ў МЗС РФ, дзе заявілі пратэст. Старшыня камісіі Савету Федэрацыі ў справе абароны дзяржаўнага суверэнітэту Андрэй Клімаў заявіў, што NATO пачало блакаваць расейскі суб’ект, што «можна ацаніць як беспасярэднюю агрэсію ў дачыненні Расеі, што літаральна вымушае неадкладна звярнуцца да належнай самаабароны».

У сваю чаргу прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў, што не верыць, быццам Расея можа ўжыць ваенную сілу праз забарону трансферу падсанкцыйных тавараў у Калінінград, сказаўшы, што Літва – сябра NATO», растлумачыў ён. Аднак прэзідэнт аб’явіў, што ўзніме пытанне бяспекі на саміце Альянсу, дзе будуць пастанаўляць, ці варта павялічваць кантынгент у краінах Балтыі.

«Відавочна, што Расея ўяўляе доўгатэрміновую ваенную пагрозу для Альянсу, таму неабходна ўзмацніць элементы наземнай, марской і супрацьпаветранай абароны ў Балтыйскім рэгіёне і на ўсім усходнім флангу NATO. Толькі так мы зможам перадухіліць далейшую агрэсію з боку Крамля», – заявіў кіраўнік дзяржавы перад адʼездам на саміт.

Такія мэты на сустрэчы мелі і суседнія Латвія ды Эстонія.

Таксама Наўседа заявіў, што Літве «трэба больш баявой моцы – гэта будзе найлепшым стрымлівальным фактарам для Расеі».

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прыбывае на саміт NATO ў Мадрыдзе. 29 чэрвеня 2022 года.
Фота: Javier Soriano / AFP / East News

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце лічыць, што не трэба дзівіцца пагрозлівай рыторыцы ў адрас Літвы праз пытанне калінінградскага транзіту: «Расейская рыторыка – гэта тое, да чаго мы, напэўна, больш-менш прывыклі. Бо рэжыму гэтай краіны не трэба шмат часу, каб знайсці падставу для пагрозлівай рыторыкі».

Пасля пагрозаў Расеі ў Еўразвязе задумаліся пра саступкі ў санкцыях на транзіт некаторых тавараў праз Літву ў Калінінградскую вобласць. Аднак міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс мяркуе, што такія ваганні Расея можа палічыць прыкметаю слабасці і перамогай яе дыпламатыі, а гэтага не павінна быць:

«Я занепакоены патэнцыйнаю магчымасцю таго, што гэта ўспрымецца як прыкмета слабасці. Расея не можа патрабаваць перагляду санкцыяў і саступак для сябе, гэтага трэба пазбягаць, як вельмі выразна выказалася Еўракамісія. Расея не можа атрымаць такой дыпламатычнай перамогі ў пытанні санкцыяў».

Аналітыка
Што азначае абмежаванне транзіту ў Калінінград і да чаго гэта можа прывесці?
2022.06.21 20:42

Дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы Пятрас Аўштравічус мяркуе, што ў выпадку нападу Расеі на Літву пачнецца трэцяя сусветная вайна:

«Гэта азначала б вайну з NATO, калі Расея пойдзе на такую ​​правакацыю. І, ведаючы, хто сядзіць у Крамлі, усё магчыма з такім раз’юшаным і псіхалагічна неўраўнаважаным кіраўніцтвам. Гэта была б трэцяя сусветная, тут бы ішла размова не толькі паміж Масквой і Вільняй, але і паміж іншымі сталіцамі».

Вучэнні расейскага флоту, якія пачаліся ў Калінінградскай вобласці пасля таго, як Літва заблакавала транзіт у рэгіён, Аўштравічус разглядае як спробу Расеі запалохаць Літву.

Што думаюць жыхары Літвы?

Днямі пытанне, ці нападзе ўсё ж такі Расея на Літву, у сацыяльных сетках абмяркоўвалі і беларусы. Заснавальнік «BySol» Андрэй Стрыжак лічыць, што пачатак гэтай вайны – рэч непазбежная, а беларусам трэба рыхтавацца да яе:

«Цяпер я гэта прагаворваю, і гэта здаецца трызненнем. Але калі паглядзець, што за апошні час зрабіла ў замежнай палітыцы Расея, то гэта не здаецца такім фантастычным. Спіс краінаў і тэрыторыяў, на якія Расея нападала пры Пуціну, пастаянна павялічваецца. І чаму б туды не ўпісаць назвы яшчэ адной краіны?»

Імавернасць як мінімум такога сцэнара праглядаецца ў выпадку наступлення на Вільню, мяркуе Стрыжак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Амерыканскія і брытанскія войскі правялі першыя буйнамаштабныя абарончыя вучэнні NATO на мяжы паміж Польшчай і Літвой, адпрацоўваючы магчымы сцэнар, пры якім Расея можа паспрабаваць адрэзаць краіны Балтыі. Літва, 2017 год.
Фота: Ant Upton / eyevine / East News

На думку Андрэя Стрыжака, беларусам, якія ўцяклі ад лукашэнкаўскіх рэпрэсіяў у Літву, лёгка не абыдзецца, таму трэба ўжо цяпер думаць, што рабіць у такім выпадку: «Тут адказ просты і зразумелы. Ім дакладна лёгка не абыдзецца. Кожны чалавек павінен для сябе ацэньваць рызыкі, ці заставацца на тэрыторыі Літвы

Беларусы павінны мець нейкі план дзеянняў. Як тыя беларусы, хто застаўся ў краіне, так і тыя, хто выехаў. Калі вы ставіце мэтаю захаваць сябе, сваю сям’ю, сваю маёмасць, падумайце, дзе вам быць бліжэйшым часам. Заставацца ў зоне патэнцыйных баявых дзеянняў або зʼехаць. Каб потым не было пакутліва балюча, што вы своечасова не прынялі правільнага рашэння».

У спрэчку з ім уступіў галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» і былы палітычны вязень Андрэй Дынько. Ён заявіў, што словы Стрыжака памылковыя, бо расейская армія аказалася няздольная ўзяць Чарнігаў. Пра які напад на краіну NATO у такім разе можа быць гаворка? І тым больш цяпер, калі расейская армія выматаная Украінаю. У каментарах пад гэтаю спрэчкаю беларусы занялі бакі і таго, і другога: нехта лічыць імаверным варыянт нападу, нехта лічыць яго немагчымым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Амерыканскія і брытанскія войскі правялі першыя буйнамаштабныя абарончыя вучэнні NATO на мяжы паміж Польшчай і Літвой, адпрацоўваючы магчымы сцэнар, пры якім Расея можа паспрабаваць адрэзаць краіны Балтыі. Літва, 2017 год.
Фота: Ant Upton / eyevine / East News

Паводле беларускай праваабаронцы, якая пасля выбараў 2020 года пераехала ў Вільню, мясцовыя жыхары ўсё часцей сталі абмяркоўваць пытанне магчымай вайны, а на дзяржаўным узроўні пачалі праводзіцца даследаванні. Але моцнай панікі сярод насельніцтва няма.

«Ведаю, што некаторыя збіраюць «трывожныя» валізы, прадумваюць дакладна інструкцыі. Некаторыя арганізацыі распрацоўваць рэакцыі на магчымую вайну, але я б не сказала, што тут нейкая моцная паніка, каб нехта закупаўся прадуктамі. Няма ніякіх істэрык. Горад жыве, як жыў і раней, напрыклад, плануюцца канцэрты ды іншыя рэчы. Пакуль гэта далей за размовы не заходзіць», – кажа праваабаронца.

Аднак трэба адзначыць, што такая сітуацыя была і ва Украіне, калі людзі да канца не верылі ў вайну, але тэарэтычна рыхтаваліся да такога варыянту і, напрыклад, ездзілі машынамі з запраўленымі бакамі.

Меркаванні
Прабіць сувалкаўскі калідор. Ці здольная на гэта Расея?
2022.06.27 18:59

Увечары 28 чэрвеня стала вядома, што Швецыю ды Фінляндыю афіцыйна запрасілі далучыцца да NATO. Краіны падпісалі трохбаковы мемарандум. Раней улады Расеі выказвалі пагрозы на адрас Фінляндыі, калі краіна далучыцца да Альянсу. Такі крок таксама можа змяніць цяперашнюю сітуацыю, калі Расея адчуе пагрозу для сябе і гэта не задаволіць Крэмль.

Hавiны
Турэччына згадзілася разблакаваць далучэнне Швецыі ды Фінляндыі да NATO і падпісала гістарычнае пагадненне
2022.06.28 23:19

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў