ДМС Украіны прыняла дакументы на легальнае прабыванне ў беларускай праваабаронцы Анісіі Казлюк


З другой спробы Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны прыняла дакументы на падаўжэнне тэрміну легальнага прабывання ў краіне ў беларускай праваабаронцы Анісіі Казлюк, паведаміла дзяўчына ў Facebook.

Калі дакументы ўхваляць, Анісія зможа падацца на ўкраінскі ВНЖ. Аднак гэта яшчэ не значыць, што дакументы абавязкова будуць узгоджаныя.

Анісія Казлюк пасля падачы дакументаў.
Фота: Анісія Казлюк/ Facebook

«Сёння ў мяне прынялі дакументы, без штрафу для арганізацыі, якая прымала. Праз 2 тыдні я буду ведаць, ці падоўжылі мне тэрмін прабывання і ці змагу падаць дакументы для ВНЖ. Гэта яшчэ не канец, але ўжо вялікі зрух», – напісала дзяўчына.

Таксама Анісія паабяцала пазней падрыхтаваць інструкцыю, як трэба дзеяць, калі ваш тэрмін прабывання пратэрмінаваны не з вашай віны.

Учора, 28 чэрвеня, Казлюк прыходзіла ў міграцыйную службу, аднак ейных дакументаў не прынялі. Тады кіраўнік прадстаўніцтва Офісу Святланы Ціханоўскай у Кіеве Валер Кавалеўскі паведаміў, што наступны раз пойдзе разам з дзяўчынай. Відаць, гэта спрацавала.

Hавiны
«Трэба даказаць, што ў Беларусі небяспечна». Паразмаўлялі з беларускай валанцёркай Анісіяй Казлюк
2022.06.28 17:22

Анісію затрымала дзяржаўная міграцыйная служба Украіны 24 чэрвеня пры выхадзе з цягніка ў Кіеве нібыта за нелегальнае прабыванне ва Украіне. На яе склалі адміністратыўны пратакол.

Затрыманне Анісіі Казлюк атрымала розгалас, а ў справу ўмяшаўся Офіс Святланы Ціханоўскай. Кіраўнік прадстаўніцтва Офісу ў Кіеве Валер Кавалеўскі звярнуўся да старшыні Камітэту правоў чалавека Вярхоўнай Рады Дмытра Лубінца, які запэўніў, што на дзяўчыну аформяць адміністратыўны пратакол і дадуць сімвалічны штраф.

Гэтак, 27 чэрвеня Анісія атрымала штраф 1700 грыўняў (57 долараў). Таксама паведамілі, што яна можа прыйсці 28 чэрвеня і падаць дакументы на легалізацыю, але ў гэты дзень ёй адмовілі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў