Як за мяжой завабліваюць прышчапіцца ад COVID-19: пончыкам, марыхуанай, мільёнамі долараў...


Не ўсе людзі хочуць рабіць прышчэпку ад каронавірусу, але ўлады амаль усіх краінаў хочуць, каб жыхары былі вакцынаваныя. «Белсат» глядзіць, што робяць у розных краінаў, каб падштурхнуць людзей да вакцынацыі.

Розыгрыш латарэі «Vax For The Win», 4 чэрвеня 2021 года. Каліфорнія, ЗША.
Фота: California Governor Gavin Newsom / Youtube

Дзесьці на вакцынацыю заклікаюць, як у Беларусі на выбары: ежай і забавамі. Напрыклад, у ізраільскім Тэль-Авіве вакцынаваным прапанавалі бясплатныя ежу і пітво з мясцовых рэстарацыяў – ад кавы да піцы.

У Злучаных Штатах на вакцынацыю заклікалі і раздачай бясплатных пончыкаў, і выдачай «касякоў» з марыхуанай у штатах, дзе тое легальна. Вытворца піва «Budweiser» абяцаў «праставіць» піва ўсёй краіне, калі да 4 ліпеня вакцынуюцца прынамсі адной дозай 70% жыхароў Злучаных Штатаў.

Некаторыя краіны проста выдаюць грошы прышчэпленым – напрыклад, у Сербіі за прышчэпку абяцаюць € 25.

Але шмат дзе ў навіны трапляюць латарэі для прышчэпленых. Губернатар амерыканскага штату Агаё запэўнівае: гэта паскарае вакцынацыю.

У Агаё сярод вакцынаваных ладзілі вялікую латарэю з прызам у 1 мільён долараў. Ідэю падхапілі ў Каліфорніі і Заходняй Вірджыніі з прызамі да 1,5 мільёна долараў. Пры тым у Заходняй Вірджыніі сярод прызоў – бясплатнае навучанне ва ўніверсітэце, аўтамабілі і паляўнічыя стрэльбы. У штаце Вашынгтон прызы – ад квіткоў на баскетбол і гульнявых кансоляў Nintendo да мільёна долараў. А ў Нью-Мексіка галоўны прыз латарэі – да 5 мільёнаў долараў. Цяпер латарэі ладзіць ці не кожны штат.

Ідэю латарэяў нядаўна падхапілі і ў Польшчы, галоўны прыз там – мільён злотых (чвэрць мільёна долараў). А ў Расеі нядаўна зладзілі розыгрыш трохпакаёвай кватэры пад Масквой сярод тых, хто пачаў вакцынацыю. Зрабілі цэлае тэлешоў: нумар пераможцы выбіралі з дапамогай папяровых самалёцікаў, сабакі, баксёрскай грушы і шрубавёрта.

У расейскай Уфе зрабілі не настолькі экстравагантнае шоў, але разыгралі сярод вакцынаваных грошы на кватэру, а таксама 10 тэлефонаў «iPhone». У Варонежы сярод вакцынаваных разыгрывалі аўтамабіль «Lada». На поўначы Тайланда можна атрымаць за вакцынацыю жывую карову.

Прызы не паўсюль дарагія. Напрыклад, у расейскім Омску вакцынаваным у будынку цырку давалі квіткі на шоў са львамі. А ў Хабараўску перад Вялікаднем пенсіянерам абяцалі бясплатны дзясятак яек за вакцынацыю. А ў маскоўскім ГУМе за вакцынацыю дадуць марозіва.

Што эфектыўней у завабліванні на вакцынацыю – каровы, марыхуана, кватэра ці мільёны долараў – навукоўцы пакуль не правяралі.

Што з гэтага робяць у Беларусі?

Нічога. На вакцынацыю не заклікаюць, хоць прышчэпкі цяпер робяць не толькі ў паліклініках, а і ў некаторых гандлёвых цэнтрах. Хіба толькі менскі ўнівермаг «Беларусь» прапанаваў вакцынаваным купон на зніжку ў 30%.

Як з тэмпамі вакцынацыі ў Беларусі і свеце

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 26 чэрвеня ў Беларусі 837,1 тысячы чалавек атрымалі першую дозу двухэтапнай вакцыны ад каронавірусу, а 551,7 тысячы атрымалі абедзве дозы. То значыць, вакцынацыю пачалі толькі 9%, а цалкам вакцынаваныя 5,9%.

Пункт вакцынацыі ад COVID-19 у ГЦ «Тытан». Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

У той жа час у Канадзе, Вялікай Брытаніі і Ізраілі пачалі вакцынацыю дзве траціны насельніцтва, у Італіі, ЗША, Нямеччыне і Францыі – палова, у Літве і Польшчы – амаль палова, у Латвіі – траціна насельніцтва. У Расеі пачалі вакцынацыю каля 15%, ва Украіне – крыху больш за 4%.

АА belsat.eu

Стужка навінаў