Сышоў з міліцыі, быў назіральнікам на выбарах – пасадзілі на 3 гады. Гісторыя лідчаніна Ігара Пыж’янава


Мужчыну асудзілі за тое, што ён нібыта пашкодзіў нагу супрацоўніку КДБ. Суд зрабілі закрытым. На волі Ігара чакаюць жонка і трое дзяцей, адно з іх хворае на цэрэбральны параліч.

Ігар Пыж’янаў.
Фота: сямейны архіў Пыж’янавых

49-гадовага лідскага юрыста Ігара Пыж’янава 17 чэрвеня асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і прызначылі выплаціць 10 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Суддзя Аляксандр Гаўрылаў прызнаў яго вінаватым у «гвалце супраць службовай асобы» (ч. 1 арт. 366 КК РБ). Працэс быў закрыты, а падсудны падпісаў паперу аб неразгалошванні. Пацярпелы ў справе – супрацоўнік КДБ І. А. Ліхарад, які ўдзельнічаў у затрыманні Пыж’янава 12 студзеня. Яму Пыж’янаў нібыта пашкодзіў нагу – парваў меніск.

Брат зняволенага Леанід расказвае «Белсату» тое, што яму ўдалося даведацца пра справу. Сам ён жыве ў Ізраілі, а другі брат зняволенага, Ілля, цяпер у Новай Зеландыі.

Што кажа пра інцыдэнт брат падсуднага

Паводле Леаніда, затрыманне адбывалася так. Раніцай 12 студзеня Ігар выйшаў у двор, каб адагнаць машыну, якая нібыта замінала суседу. Але ў аўтамабіль на задняе сядзенне падсеў адзін незнаёмец, а другі адчыніў пярэднія дзверы і забраў ключы ад машыны. Яны назваліся супрацоўнікамі КДБ і хутка паказалі нейкі дакумент. Той, што сеў ззаду, стаў хапаць Ігара за рукі ды адзенне. Другі запатрабаваў, каб Ігар праехаў з імі, але на пытанні аб тым, ці затрыманы ён, нападнікі адказвалі адмоўна. Ігар не пагадзіўся і сказаў, што сам паедзе ў КДБ – першы пачаў крычаць і лаяцца.

Ігар выйшаў з машыны, пайшоў у кірунку дому. Адзін з нападнікаў схапіў яго за руку, спрабаваў спыніць – і Ігар зрабіў падсечку. Нападнік упаў (Леанід не верыць, што ягоны брат сур’ёзна пашкодзіў нагу супрацоўніку КДБ, і кажа, што пацверджанняў гэтаму на судзе не падалі). Ігар пайшоў дадому, яго ўжо не спрабавалі затрымаць. У той дзень ён адвёз сына ў школу, прыехаў на працу, расказаў дырэктару пра здарэнне і ўрэшце сам паехаў у Лідскі КДБ, прабыў там шэсць гадзінаў і ўжо не выйшаў на волю.

Ігар Пыж’янаў, як кажа ягоны брат, заяўляе, што крымінальную справу супраць яго пачалі незаконна, а расследаванне праводзяць са шматлікімі парушэннямі. Ігара яшчэ не прызналі палітычным зняволеным, але яго сваякі трымаюць кантакт з праваабаронцамі.

Працаваў у міліцыі, адстойваў справядлівасць пасля выбараў

Ігар Пыж’янаў працаваў у міліцыі ў 1994–2006 гадах, быў капітанам у аддзеле барацьбы з незаконным абарачэннем наркотыкаў, але, паводле Леаніда, сышоў праз канфлікт, звязаны з палітыкай. Яго тады, кажа брат, разжалавалі ў старшага лейтэнанта, але ён праз суд вярнуў сабе званне і тады толькі звольніўся. Падрабязнасцяў Леанід не ведае – брат толькі ў агульных рысах расказваў пра гэта. Урэшце Ігар пайшоў працаваць юрыстам у міжнародную кампанію.

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Ігар пайшоў у назіральнікі, заўважыў вялікую неадпаведнасць: перамога Лукашэнкі на ягоным участку і вялікая колькасць выбарнікаў з белымі бранзалетамі і бюлетэнямі, складзенымі гармонікам (так прыхільнікі альтэрнатыўных кандыдатаў пазначалі сябе). Ён заклікаў звязацца з ім выбарнікаў, якія галасавалі супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Абвестка Пыж’янава аб пошуку тых, хто галасаваў супраць Лукашэнкі.
Фота: сямейны архіў Пыж’янавых

Леанід мяркуе, што сігнал затрымаць яго брата прыйшоў з Менску, бо ў Лідзе Ігар быў вядомы шматлікім жыхарам, «вельмі аўтарытэтны чалавек у горадзе» – ён бясплатна дапамагаў тым, каго незаконна затрымлівалі, пісаў скаргі. На думку Леаніда, сілавікі шукалі, «за што яго зачапіць», але не знайшлі, таму падставілі, а суд зрабілі закрытым, каб не было хваляванняў.

«Шукае праўду нават там, дзе цяжка знайсці»

За кратамі Ігар трымаў галадоўку 32 дні, яму выклікалі хуткую, кажа Леанід. Зняволенаму прапаноўвалі пагадзіцца з абвінавачваннем у абмен на меншы тэрмін, але ён адмовіўся. У следчым ізалятары Ігара як былога сілавіка трымалі ў асобнай зоне.

На волі Ігара чакаюць жонка і трое дзяцей, адно дзіця хварэе на цэрэбральны параліч. Сваякі і знаёмыя дапамагаюць сям’і.

Леанід перакананы, што Ігарава затрыманне не было звязанае з мінулай працай у міліцыі, а з тым, што брат «заўсёды шукае праўду». Маўляў, гэта сямейная рыса: Леанід у Ізраілі неаднаразова судзіўся і перамагаў. Ад прапановы перабрацца ў Ізраіль Ігар калісьці адмовіўся.

P.S.

Калі ў Беларусі толькі пачаліся пратэсты, Леанід напісаў песню «Белая 2020», пазней выдаў яе са сваім гуртом «Без границ». На думку Леаніда, 2020 год паказаў кожнаму беларусу, што ён не адзін, а што такіх мільёны.

АА belsat.eu

Стужка навінаў