Што будзе з палітычнымі партыямі ў Беларусі? Ад БНФ да партыі Бабарыкі і партыяў Васкрасенскага


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. 6 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

У 2020-м асноўнымі палітычнымі гульцамі былі не партыі, а асобы, якія згуртавалі прыхільнікаў вакол сябе. Новых партыяў у Беларусі не рэгістравалі з 2000 года, а тры з 15 зарэгістраваных афіцыйна нават не спрабуюць падаваць прыкметаў жыцця. «Белсат» працягвае цыкл «Як жыць будзем?» – пра важныя праблемы сучаснасці і будучыні.

З кім пра гэта пагутарылі

«Белсат» запытаў пра стан партыяў палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага, кандыдатаў на прэзідэнцтва – 2020 Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Чэрачня, лідараў адпаведна «Гавары праўду» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігара Барысава, выканальніка абавязкаў старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, сябра аргкамітэту партыі «Разам» Івана Краўцова, а таксама былога палітычнага вязня Юрыя Васкрасенскага, які цяпер выказвае сімпатыі ўладам.

Праўладныя партыі не адказалі на пытанні «Белсату». Толькі Рэспубліканская партыя паведаміла, што цяпер не мае легітымнага кіраўніка пасля расколу праз падпісанне ліста супраць гвалту, і адмовілася ад далейшых каментароў.

Колькі цяпер зарэгістраваных партыяў?

Фармальна – 15, фактычна – менш.

Выразна апазіцыйныя – Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ, «Зялёныя», «Справядлівы свет» і Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (апошняя свядома байкатуе электаральныя кампаніі).

Зарэгістраваных праўладных партыяў восем. Пяць праўладных партыяў маюць дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў: Камуністычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская аграрная партыя (пры тым, што яна не мае нават свайго сайту ці суполкі ў сацсетках) і Ліберальна-дэмакратычная партыя.

Патрыятычны кангрэс Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.
Фота: ldpb.by

З зарэгістраваных праўладных партыяў тры ніяк не рэпрэзентаваныя ў інтэрнэце і амаль не трапляюць у навіны: Беларуская аграрная партыя, Беларуская сацыяльна-спартовая партыя і Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды. Пры гэтым яны выстаўляюць дзясяткі назіральнікаў на выбарах. Згаданая вышэй Рэспубліканская партыя, нягледзячы на крызіс, актыўная ў сацсетках.

Колькі незарэгістраваных і будучых партыяў?

Прынамсі дзясятак. Апошні раз новую партыю ў Беларусі рэгістравалі ў 2000 годзе, але некаторыя, не дачакаўшыся рэгістрацыі, фактычна дзеяць як партыі. Напрыклад, Беларуская хрысціянская дэмакратыя спрабавала зарэгістравацца як партыя сем разоў, «Гавары праўду» зарэгістравалася як грамадская арганізацыя і не пакідае ідэі стварыць партыю (папярэдняя назва – «Наша партыя»).

«Народная грамада» Міколы Статкевіча працягвала актыўную дзейнасць да пачатку рэпрэсіяў-2020, ад якіх моцна пацярпела, як і «Еўрапейская Беларусь». Рух «За свабоду» ўваходзіць у правацэнтрысцкую кааліцыю з зарэгістраванай АГП і незарэгістраванай БХД.

Рэгістраваць новыя партыі збіраюцца прыхільнікі зняволенага Віктара Бабарыкі («Разам»), былы міністр культуры і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, Васкрасенскі (аж дзве: «Дэмакратычны саюз» – як ён кажа, на базе актывістаў штабу Цапкалы, і «Новыя людзі» – на базе актывістаў штабоў Бабарыкі), некалькі прарасейскіх арганізацыяў.

Віктар Бабарыка.
Фота: vmeste.party/by

У палітыцы з 1997 года быў актыўным апазіцыйны рух «Малады фронт», падчас выбараў амаль як партыя дзеяла супольнасць Сяргея Ціханоўскага «Краіна для жыцця» (але Святлана Ціханоўская казала, што сваю партыю ўтвараць не хоча).

Праўладная «Белая Русь» даўно збіраецца, але ніяк не збярэцца стаць партыяй.

У якім стане партыі?

«У гаротным як ніколі», – кажа Класкоўскі (лідары партыяў так не лічаць. – Belsat.eu). Пры Аляксандру Лукашэнку палітычныя партыі паслядоўна маргіналізавалі, а пасля здушэння пратэстаў 2020 года пачалася татальная зачыстка, таму партыі цяпер «сядзяць як мыш пад мятлой», мяркуе ён.

Партыйнай барацьбы ў органах улады няма, бо там няма ніводнага прадстаўніка апазіцыйных партыяў і рухаў, а праўладныя партыі ў прынцыпе не спрачаюцца ні пра што. Пры тым Барысаў і Чэрачэнь кажуць, што партыі працуюць у звычайным рэжыме, а іхныя шэрагі папаўняюцца новымі чальцамі.

Дзмітрыеў адзначае, што людзі цяпер шукаюць, як працягваць штосьці рабіць, але не падстаўляць сябе пад наўпроставыя рэпрэсіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фото: Белсат

Апазіцыйныя партыі і рухі спрабуюць адказаць на гэтае пытанне, а беларусы чакаюць. Паводле апытання Цэнтру новых ідэяў, амаль траціна палітычна актыўных беларусаў разглядае магчымасць далучэння да партыі. Антырэйтынг перавышае сімпатыі толькі ў Васкрасенскага.

Краўцоў заўважае: у красавіку сітуацыя пагоршылася тым, што аргкамітэту «Разам» не даюць правесці офлайн-сходаў, не вітаюць любой актыўнасці. Пры тым апазіцыйныя партыі між сабою не канфліктуюць прынамсі публічна, правыя і левыя нярэдка выступаюць разам, хіба старая апазіцыя наракае на новую, а новая – на старую.

Якія страты партыяў?

Значныя, але не несумяшчальныя з існаваннем. За кратамі цяпер лідары Партыі БНФ (старшыня Рыгор Кастусёў), БХД (сустаршыня Павел Севярынец), «Народнай грамады» (старшыня Мікола Статкевіч), «Краіны для жыцця» (Сяргей Ціханоўскі), патэнцыйны лідар «Разам» (Віктар Бабарыка) і шматлікія актывісты партыяў ды рухаў.

21 траўня ў Шклоўскай калоніі № 17 памёр сябра Партыі БНФ і руху «За свабоду» Вітольд Ашурак, за кратамі застаецца яшчэ дзясятак сябраў партыі (у БНФ непакояцца, што зняволенаму Уладзіміру Малахоўскаму, анкалагічнаму хвораму, могуць не даваць жыццёва неабходнай медычнай дапамогі), пад арыштамі была палова сойму.

Рыгор Кастусёў на прэс-канферэнцыі ў офісе «Руху за свабоду». Менск, Беларусь. 4 сакавіка 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Барысаў падлічвае: каля 10 % чальцоў ягонай партыі трапілі пад рэпрэсіі – ад штрафаў да збіванняў, ператрусаў, арыштаў, крымінальных справаў, вымушанай эміграцыі (штрафуюць і садзяць пад арышт ужо нават за афіцыйна зарэгістраваны партыйны сцяг – бел-чырвона-белы з чырвонаю ружай). Палітык дадае, што ёсць і непрамыя ахвяры рэпрэсіяў: за мінулы год у ягонай партыі іх прынамсі дзве. 67-гадовая Марыя Аліева атрымала пратакол на сваю дачку, расхвалявалася – і ў яе спынілася сэрца. Раман Рашэцкі памёр удома, як мяркуюць, ад спынення сэрца, у 43 гады.

Іх закрыюць?

Лукашэнка, верагодна, хацеў бы: яшчэ 9 месяцаў таму загадаў перарэгістраваць партыі, бо, маўляў, тыя, хто патрабаваў новых выбараў, адхіліліся ад сваіх статутаў. Барысаў казаў, што калі Міністэрства юстыцыі пачало правяранні, то толькі ягоная БСДП не атрымала папярэджання. Але пазней усё ж атрымала – за карыкатуры ў партыйным часопісе.

Васкрасенскі мяркуе, што пасля планаванай перарэгістрацыі партыяў з 15 застануцца тры: КПБ, ЛДПБ і РППС, а апазіцыйную частку грамадства будуць рэпрэзентаваць новыя (ягоныя) партыі, якія сфармуюць «сістэмную апазіцыю».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі пад Домам ураду. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Краўцоў смяецца: нядобра будзе, калі застанецца Закон аб палітычных партыях, а партыяў не будзе, дык хоць некалькі партыяў пакінуць.

За ўдзел у партыях садзяць?

Не, калі толькі не лічыць партыяй Каардынацыйную раду. Караюць штрафамі ці арыштам не за ўдзел у канкрэтнай партыі, а за пратэсты. Звычайных чальцоў партыяў нярэдка звальняюць з працы, кажа Саранчукоў.

Чэрачэнь дадае, што цяпер не абавязкова быць сябрам партыі ці грамадскай арганізацыі, каб трапіць за краты: тысячы абсалютна апалітычных беларусаў, нават непаўналетнія, інваліды і пенсіянеры аказаліся ў ліку ворагаў дзяржавы, а краіна жыве ва ўмовах узаконенай несправядлівасці.

Краўцоў жа адзначае, што за ўдзел у працы над стварэннем партыі Бабарыкі яшчэ не каралі. Аднак Саранчукоў лічыць, што лідары партыяў – найбольш простая мішэнь для пераследу, бо спісы лідараў мусяць падавацца ў Міністэрства юстыцыі.

Чым партыі адрозніваюцца цяпер ад клубаў паводле інтарэсаў?

Выразнаю пазіцыяй і праграмаю. Паводле ўплыву на дзеянні ўладаў – нічым. Але існаванне партыі, кажа Барысаў, дапамагае размаўляць з выбарнікамі і вылучацца на выбарчыя пасады. Да таго ж, ягоная партыя, як і некаторыя іншыя, распрацоўвае праекты законаў: напрыклад, праекты Канстытуцыі, рэформы праваахоўнай, судовай, пенсійнай сістэмаў… Калі пусцяць у парламент – партыі прыйдуць не з пустымі рукамі.

Пасяджэнне прэзідыуму «Белай Русі». 29 студзеня 2019 года.
Фота: belayarus.by

Класкоўскі адзначае: партыі – гэта не толькі ідэі, але і арганізацыйны досвед. Ды леташняя электаральная кампанія прайшла так, што паўстала пытанне, ці актуальны той досвед старых партыяў. Чальцы старых партыяў і рухаў у сваю чаргу крытыкуюць новую апазіцыю: тая не была гатовая да затрыманняў, арыштаў і вербаванняў КДБ, частка новай апазіцыі ўжо выпадае з памяці беларусаў.

Які сэнс ад такіх партыяў?

Яднаць людзей і трансляваць іхныя думкі, кажуць у партыях. Чэрачэнь на пытанне, навошта партыі без доступу да ўлады, перапытвае: а як тады мусіць аб’ядноўвацца грамадства – вакол адной асобы? Маўляў, такое было і ні да чаго добрага не прывяло.

Саранчукоў заўважае парадокс: выбараў у краіне фактычна няма, ці не любыя дзеянні апазіцыі крытыкуюцца ў СМІ, а апазіцыйнаму палітыку прасцей трапіць за краты, чым у парламент, але грамадскі попыт на апазіцыю ёсць. Таму, мяркуе прадстаўнік Партыі БНФ, роля партыяў цяпер – называць рэчы сваімі імёнамі і казаць людзям праўду, нават калі гэта некаму не падабаецца.

Дзмітрыеў адзначае, што партыі яднаюць людзей паводле палітычных поглядаў, вучаць выказваць іх і адстойваць, а таксама ёсць інструментам рыхтавання да будучых палітычных зменаў. І калі партыі цяпер не могуць уплываць на ўлады, то магчымасцяў уплываць на людзей стала больш.

Марыя Калеснікава.
Фота: vmeste.party/by

Краўцоў дадае: партыя дазваляе адасобіць звычайных актывістаў, гатовых да валанцёрства, і тых, хто гатовы прапаноўваць ды абмяркоўваць бачанне будучыні, выступаць публічна. Паводле згаданага апытання Цэнтру новых ідэяў, палітычна актыўныя беларусы бачаць сэнс ад партыяў у рыхтаванні планаў рэформ, кантролі памылак уладаў, стварэнні форуму аднадумцаў і ў развязанні мясцовых праблемаў.

Ці збіраюцца партыі на выбары пры Лукашэнку?

Так, але невядома, калі тыя выбары будуць і ці наагул яшчэ будуць пры Лукашэнку. У канцы 2021 года або ў пачатку 2022-га ў Беларусі мелі б прайсці выбары ў мясцовыя саветы, аднак іх цяпер збіраюцца пераносіць на пазнейшы час. Апытаныя «Белсатам» апазіцыйныя лідары пагаджаюцца на тым, што браць удзел у выбарах, калі яны ўсё ж адбудуцца, варта: любая палітычная кампанія павышае актыўнасць грамадства і можа парушыць хісткі баланс сілаў, а партыі набралі новага досведу.

І калі на прэзідэнцкіх выбарах кожны ўчастак без фальсіфікацыяў сам па сабе не мяняў агульнай карціны, то на мясцовых ён можа даць кандыдата-пераможцу ад апазіцыі. Краўцоў кажа, што калі «Разам» не зарэгіструюць, а выбары ўсё ж будуць, то актывісты пойдуць самавылучэнцамі: 2020 год прывёў да кансэнсусу ў пытанні, ці варта браць удзел у выбарах пры дзейнай уладзе. Бо «ніхто не пабачыць, як ты выказваеш нязгоду, седзячы ўдома».

Аляксандр Лукашэнка на мітынгу. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Дзмітрыеў разважае: палітычная сістэма Беларусі выбудаваная на апатыі і няўдзеле грамадства, а ўдзел большасці, як паказаў 2020 год, выклікае крызіс ва ўладзе.

Партыя БНФ называе мясцовыя выбары якраз магчымым шляхам выхаду з крызісу. Барысаў дадае, што партыі дэманструюць адкрытасць да дыялогу з уладамі, прапануюць шляхі пераадолення крызісу, але ўлады іх не чуюць, і «праблема не ад таго, што мы не ведаем, што рабіць, а ў тым, наколькі бяспечны кожны крок».

Ці возьмуць удзел у рэферэндуме аб Канстытуцыі?

Гэтага яны не ведаюць, бо невядома, як той рэферэндум будуць праводзіць і што на ім запрапануюць. Калі дадуць выбар між дзейнай Канстытуцыяй і абноўленай Лукашэнкам, дык абое рабое, тлумачыць Дзмітрыеў, і тады ўлады могуць пастарацца правесці рэферэндум максімальна хутка і незаўважна. Мэты ўдзелу будуць абмяркоўвацца, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі. Урэшце, рэформа Канстытуцыі – не першаснае пытанне для апазіцыі, бо перадусім – правядзенне свабодных і справядлівых выбараў.

Партыі могуць набыць нейкую палітычную вагу пры Лукашэнку?

Толькі Васкрасенскі ў гэта верыць: кажа, роля партыяў узмоцніцца ў сувязі з грамадскім запытам. Іншыя апытаныя сумняюцца, але дапускаюць, што нешта нязначнае могуць даверыць праўладным.

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Лукашэнка баіцца партыяў і не разумее гэткіх «палітычных прыбамбасаў», кажа Класкоўскі, бо ўсе гады будаваў сабе «пірамідальную сістэму» персаналісцкага аўтарытарнага рэжыму. А пачні даваць паўнамоцтвы нават праўладным партыям – гэта значыць весці больш складаную гульню, Лукашэнка ж звык вырашаць усё самастойна.

Што будзе з партыямі пасля аўтарытарызму?

Цяжка прадказаць, разважае Класкоўскі, але ў любым разе шанцаў, што пасля Лукашэнкі адразу ўсталюецца ўзорная дэмакратыя, няшмат. Наўрад ці Ціханоўская «заедзе ў Менск на белым кані ці на джыпе з кулямётам». Больш верагодна, што пасля Лукашэнкі будзе мякчэйшы аўтарытарызм, бо няма куды далей закручваць гайкі і на сітуацыю ў любым разе будзе спрабаваць уплываць Расея. Мінулае ж лета паказала: калі з’яўляецца вакно магчымасцяў, з’яўляюцца і новыя асобы ды сілы ў палітыцы. У старых партыяў ёсць шанцы, але ім, магчыма, давядзецца змяніць лідараў, бо «старая кагорта свой час упусціла», сцвярджае Класкоўскі.

Васкрасенскі лічыць, што «Беларусь пазбегла перыяду зараджэння і станаўлення палітычнай сістэмы, таму давядзецца прайсці гэты шлях з пачатку», а краіне хопіць 5–7 партыяў, сярод якіх не будзе партыі Лукашэнкі. Маўляў, роля прэзідэнта Лукашэнкі ў пабудове сучаснай незалежнай дзяржавы настолькі вялікая, што ніякая партыя не зможа ўвасобіць у сабе Лукашэнку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расеі. 1 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

А Саранчукоў засцерагае: нельга дапусціць змены Лукашэнкі на новага, яшчэ больш прарасейскага калектыўнага Лукашэнку.

Беларусы гатовыя выбіраць між партыямі?

Давядзецца вучыцца на сваіх памылках. Класкоўскі згадвае: мінулым летам казалі шмат прыгожых словаў пра тое, што ў Беларусі паўстала палітычная нацыя. Але гэта адносна невялікая, прасунутая частка, ядро, а галасаваць будуць не толькі яны, а 6–7 мільёнаў беларусаў.

Востра паўстане пытанне палітычнай культуры: шмат хто хоча пераменаў, але не мае палітычнага досведу, разумення цывілізаванага спаборніцтва палітычных ідэяў. Шмат хто чакае новага, толькі добрага і прагрэсіўнага цара. Ёсць небяспека, што весці рэй будуць новыя папулісты, таму ўжо цяпер трэба думаць, як адукоўваць электарат.

Дзмітрыеў рэзка адказвае: пытанне, ці гатовыя беларусы, – маніпуляцыйнае, ім прыкрываецца рэжым, каб не аддаць улады. Ён заяўляе, што «палітыка – гэта практыка, немагчыма атрымаць з космасу гэтыя веды», людзі праз асэнсаваны выбар мусяць зразумець, што не хтосьці за іх развязвае праблемы, а яны дзякуючы свайму ўдзелу пераадольваюць праблемы. І прыкметы дарослай палітычнай нацыі Дзмітрыеў ужо бачыць, бо людзі гатовыя брацца за развязанне ўласных праблемаў, «грамадства становіцца суб’ектам».

У тым, што могуць з’явіцца дзясяткі новых палітычных партыяў, старыя не бачаць праблемы: непатрэбныя адсеюцца. Але важна, каб галасавалі за тое, што партыі прапануюць і робяць, а не за яскравых папулістаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнік акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасцi. Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Краўцоў лічыць натуральным тое, што цяпер людзі больш успрымаюць лідараў, чым партыі ды ідэалогіі, бо ў беларусаў адсутнічае досвед жыцця пры развітых дэмакратычных інстытутах і палітычная адукацыя. Мусіць прайсці некалькі дзясяткаў гадоў, каб людзі разабраліся ў партыях. Цяпер жа галоўнае пытанне – у базавых правах і свабодах. Пазіцыі ж партыяў у галоўным пытанні не надта адрозніваюцца.

АА belsat.eu

Стужка навінаў