Новыя цэны, новыя законы і новыя абмежаванні. Што зменіцца для беларусаў з 1 ліпеня


Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Надыходзіць новы месяц, а значыць, беларусаў чакаюць розныя новаўвядзенні. Мы сабралі для вас асноўныя змены ў Беларусі ў ліпені.

Сумы ў жыроўках павялічацца

З 1 чэрвеня ў Беларусі на $ 0,8 выраслі тарыфы на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Таксама змяніліся тарыфы на тэхнічнае абслугоўванне, вываз смецця, прыбіранне пад’ездаў, тэхабслугоўванне ліфта, прыродны і звадкаваны газ.

Пацяжэлыя жыроўкі жыхары краіны атрымаюць якраз у ліпені. Цікава, якія ідэалагічныя тэксты на іх будуць напісаныя гэтым разам?

Стане платным выезд праз Берасцейшчыну

У Берасцейскай вобласці з 1 ліпеня ўступае ў моц пастанова «Аб мясцовым зборы». Раней аналагічныя рашэнні ўвялі на Гарадзеншчыне і Гомельшчыне.

Усе кіроўцы, якія перасякаюць мяжу на аўтамабілі вагою да 5 тонаў праз пункты пропуску, павінны будуць заплаціць адну базавую велічыню (цяпер 29 рублёў). Выключэнне – ветэраны, людзі, якія едуць на пахаванне, і гэтак далей.

Праўда, наземны выезд з Беларусі вельмі абмежаваны.

Пункт «Брузгі», 20 снежня 2020 года.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

Падаражэюць цыгарэты

З 1 ліпеня падаражэюць шмат якія маркі цыгарэтаў. Кошты падымуць Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Тытунь-Інвест» і «Беларусьгандаль».

Кошты вырастуць у межах 5–15 капеек у залежнасці ад марак цыгарэтаў.

Колькі разоў падаражэе бензін?

У Беларусі на канец чэрвеня ў 2020 годзе ўжо 19 разоў даражэла аўтамабільнае паліва. Звычайна гэта адбываецца на 1 капейку ў аўторкі.

Калі тэндэнцыя захаваецца, то 6, 13, 20 і 27-га нас могуць чакаць чарговыя падаражэнні. Сумарна паліва за месяц у такім разе вырасце ў кошце на 4 капейкі.

Мужчына запраўляе аўтамабіль на АЗС А100. Менск, Беларусь, 28 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Тавары падаражэюць?

З 8 ліпеня ў Беларусі замест дзейнай сістэмы кантрольных знакаў запрацуе сістэма ўніфікаваных кантрольных знакаў (УКЗ). Калі раней для кожнага тавару была ўласная маркіроўка (гарбата, піва, кава і г. д.), то цяпер будзе адзін від – УКЗ.

Таксама маркіраваць адмысловым двухмерным штрыхкодам пачнуць і малочную прадукцыю. Маркіроўка платная, у выніку чаго можа вырасці выніковая цана тавару і ўскладніцца дакументаабарачэнне.

Змены на валютным рынку

Нацыянальны банк з 9 ліпеня ўвядзе змены на валютным рынку. Гэтак, фізічным і юрыдычным асобам дазволяць праводзіць валютна-абменныя аперацыі на Беларускай валютна-фондавай біржы – як праз банкі, гэтак і самастойна.

Таксама з 9 ліпеня ІП і юрыдычным асобам дазволяць адкрываць рахункі ў замежных банках, купляць акцыі і нерухомасць за мяжою без узгаднення з Нацбанкам, а таксама ўвядуць абавязковую рэгістрацыю некаторых валютных дамоваў.

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 28 чэрвеня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Удакладняецца тое, у якіх выпадках могуць уводзіцца валютныя абмежаванні пры пагрозе эканамічнай бяспекі краіны. Такая магчымасць ва ўладаў была і раней, але не было канкрэтнага тэрміну. Цяпер жа абмежаванні могуць уводзіць на тэрмін не больш як год.

Пагрозамі эканамічнай бяспекі названыя абставіны, пры якіх паслабленне або адмена валютных абмежаванняў можа пацягнуць пагаршэнне эканамічнай і фінансавай сітуацыі ў краіне або нанесці шкоду інтарэсам яе бяспекі і перашкаджаць падтрыманню грамадскага парадку. Таксама сярод прычынаў – зніжэнне золатавалютных рэзерваў ніжэй за дапушчальны ўзровень і рэзкія ваганні курсу рубля.

Змены ў заробках бюджэтнікаў

1 ліпеня ўводзяцца змены ў дачыненні прэміяў і надбаўвак да заробкаў бюджэтнікаў. Згодна з указам № 482 ад 22 снежня 2020 года, з 5 % да 20% (але ў межах прадугледжаных выдзеленых грошай на аплату працы) вырастуць сумы сродкаў, якія ідуць на прэміяванне работнікаў бюджэтных арганізацыяў. На гэта змогуць накіроўваць нявыкарыстаныя сродкі, прадугледжаныя на аплату працы, у тым ліку нявыкарыстаныя ў студзені – чэрвені гэтага года.

Пры гэтым у медыкаў адменяць надбаўку за высокія дасягненні ў працы, а ў работнікаў культуры – «за высокія прафесійныя і творчыя дасягненні». Але ў медыкаў зʼявіцца новая кампенсацыйная выплата – базавая даплата.

Машына хуткай дапамогі. 8 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Увага «дармаедам» і даўжнікам

У жніўні актуалізуецца Спіс працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы. Той, хто трапіць у яго і мае ва ўласнасці жытло, павінен будзе аплачваць напоўніцу тарыфы за гарачае водазабеспячэнне, ацяпленне і газ. Да 21 ліпеня трэба паспець падаць у камісіі каардынацыі работы садзейнічання занятасці дакументы, якія пацвярджаюць занятасць. Абнаўляюць базу штоквартальна.

А з 15 ліпеня пачынае дзеяць пастанова «Аб узаемадзеянні органаў прымусовага выканання з дзяржорганамі». Згодна з ёй, судовыя выканаўцы змогуць часова абмежаваць правы даўжніка (напрыклад, за нявыплачаны штраф) на кіраванне механічнымі транспартнымі сродкамі, на кіраванне маламернымі судамі і на паляванне. Раней гэта мог зрабіць толькі суд.

Абмежаванні для дробнага бізнесу

З 9 ліпеня бізнесу нельга будзе закупляцца за наяўныя грошы за мяжою. Забарону хацелі ўвесці яшчэ ў 2019 годзе, але тады яна закранула толькі суму больш як 100 базавых велічыняў. Цяпер жа, каб купіць дробную партыю тавару на рынку за мяжой, прадпрымальнікам можна будзе разлічвацца толькі безнаяўнымі грашыма. Паводле ІП, на расейскіх рынках такое амаль немагчыма.

Таксама ўладальнікі пладоваагароднінных шапікаў абавязаныя да 1 ліпеня ўсталяваць касавыя апараты і тэрміналы для безнаяўнай аплаты.

ЦТ і паступленне ў ВНУ

У Беларусі працягваецца ўступная кампанія. ЦТ па фізіцы абітурыенты змогуць здаць 2 ліпеня, гісторыі Беларусі – 4 ліпеня, геаграфіі – 6 ліпеня, сусветнай гісторыі – 8 ліпеня. Тыя, хто не зможа трапіць на ЦТ у асноўны дзень, з 2 да 9 ліпеня могуць зарэгістравацца на рэзервовыя даты – 14 і 16 ліпеня (беларуская і расейская мовы), 14 і 18 ліпеня (астатнія прадметы).

Прыём дакументаў у ВНУ пачнецца 20 ліпеня. На бясплатнае навучанне ён працягнецца да 3 жніўня, на платнае – да 14 жніўня.

Новыя межы вобласцяў

З 1 красавіка ўказ № 136 «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным ладзе Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай вобласцяў» удакладніць межы рэгіёнаў, якія за 50 гадоў змяніліся праз меліярацыю, пасяўныя і будаўніцтва дарог.

Фізічным і юрыдычным асобам не трэба будзе ўносіць новага адрасу ў дакументы. Яго зменяць тады, калі іх дакументы будуць мяняцца з нейкай іншай прычыны. Змена адрасу ў дакументах будзе бясплатная.

Віктар Бабарыка.
Фота: ІА / Belsat.eu

Прыпыненне транзіту газу і прысуд Бабарыку

6 ліпеня расейскі «Газпром» для планавых работаў прыпыніць транзіт газу па тэрыторыі Беларусі. Характэрна, што менавіта ў гэты дзень у Менску вынесуць прысуд былому дырэктару «Белгазпрамбанку» і прэтэндэнту на пасаду прэзідэнта Віктару Бабарыку.

Як паведамляецца, транзіт газу мае аднавіцца 10 ліпеня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў