Мастак Алесь Пушкін тры месяцы за кратамі. А ці ў карціне справа?


У Следчым камітэце працягваюць прыдумваць справу вядомаму мастаку Алесю Пушкіну, якому пагражаюць 12 гадамі зняволення за дэманстрацыю карціны з выявай удзельніка пасляваеннага беларускага незалежніцкага падполля. Апошнія тры месяцы Алесь правёў за кратамі: у СІЗА Горадні, Менску і Жодзіна. У жніўні 2020 года мастака збілі сілавікі, на некалькі содняў ён быў кінуты на Акрэсціна.

Алесь Пушкін на акцыі пратэсту.
Фота: архіў Пушкіна

Як стала вядома «Белсату», на гэтым тыдні ў Горадні ідуць допыты сведак у справе мастака. Дапытваюць пераважна творчых людзей: мастакоў, музыкаў, краязнаўцаў. Паводле нашай інфармацыі, у Следчы камітэт Гарадзенскай вобласці цягам некалькіх дзён былі выкліканыя не менш як 12 чалавек.

Артыкулы
Два дні з жыцця Алеся Пушкіна ў гарадзенскай турме. «На сняданак нам далі па адным фарбаваным у шалупінні яйку»
2021.04.29 13:33

Здзіўляюць пытанні следчых. Можна было меркаваць, што яны будуць датычыць карціны, якую напісаў Алесь Пушкін. Але згодна з нашай інфармацыяй, следчыя цікавяцца грамадска-палітычнымі перакананнямі людзей, якіх выклікаюць на допыты, іхным стаўленнем да Аляксандра Лукашэнкі і ягонага рэжыму. Значная частка пытанняў закранае Польшчу і яе палітыку, настроі польскай меншасці ў Беларусі.

Алесь Пушкін за кратамі з 30 сакавіка 2021 года.

19 сакавіка ён адкрыў выставу ў Цэнтры гарадскога жыцця Горадні на запрашэнне дырэктара цэнтру Паўла Мажэйкі. Выстава «Пушкін у Горадні» прэзентавала праект роспісаў мастаком залаў Старога замку і шэраг карцінаў, за некалькі дзясяткаў гадоў творчасці Пушкіна.

Пушкін на адкрыцці выставы ў Горадне 19 сакавіка.
Фота: архіў Цэнтру

Ужо 26 сакавіка пракуратура Гарадзенскай вобласці завяла крымінальную справу ў дачыненні мастака Пушкіна і дырэктара Цэнтру гарадскога жыцця Паўла Мажэйкі. Маўляў, у экспазіцыі ёсць партрэт Яўгена Жыхара, дэманструючы які, Пушкін і Мажэйка «рэабілітуюць нацызм».

Яўген Жыхар – беларус, які пасля Другой сусветнай вайны са зброяй у руках змагаўся на Пастаўшчыне з савецкай уладаю за незалежную Беларусь. У 1955 годзе ён загінуў альбо быў забіты супрацоўнікамі савецкіх спецслужбаў.

Фактаў пра жыццё і дзейнасць Яўгена Жыхара надзвычай мала, няма нават ягоных фотаздымкаў, і гэта спараджае мноства легендаў вакол ягонай асобы. Агульнавядомая інфармацыя пра Яўгена Жыхара базуецца на ўрыўках з успамінаў колішніх дзеячаў антысавецкага беларускага падполля і на артыкуле супрацоўніка КГБ, які нібыта бачыў справу Жыхара ў архівах спецслужбаў. Цяжка казаць пра нейкі давер да словаў супрацоўніка КГБ, і наогул справы, калі яна і пыліцца недзе на паліцах камітэту, – з увагі на асаблівае стаўленне Жыхара да КГБ і наадварот.

У любым выпадку, варты ўвагі той факт, што некалькі гадоў, і яшчэ на пачатку 2021 года, выява Жыхара, напісаная мастаком Алесем Пушкіным, спакойна вісела ў Пастаўскім дзяржаўным краязнаўчым музеі на стэндзе «Антысавецкае супраціўленне на Пастаўшчыне і яго ліквідацыя». Выстаўлялася карціна і ў іншых месцах Беларусі. Ніякіх прэтэнзіяў да Алеся Пушкіна з боку дзяржаўных органаў не было.

Выява Яўгена Жыхара ў музеі ў Паставах.

Вернемся ў дзень, калі завялі крымінальную справу, – 26 сакавіка. У сядзібе Цэнтру, па шэрагу іншых адрасоў у Горадні прайшлі ператрусы. Забіралася камп’ютарная тэхніка, тэлефоны, флэшкі. У той жа дзень Павел Мажэйка быў затрыманы і змешчаны на 3 содняў у турму № 1 Горадні. Сёння статус Паўла – падазраваны ў крымінальнай справе.

Алесь Пушкін у гэты час быў на адкрыцці прэстыжнай мастацкай выставы ў Кіеве, дзе экспанаваліся ягоныя творы. Ужо ведаючы пра крымінальны пераслед, Алесь адкінуў прапановы застацца на пэўны час ва Украіне пад аховаю ўкраінскай дзяржавы і прыняў рашэнне вяртацца дадому ў Беларусь.

У гэтую ж ноч у яго дома ў мястэчку Бобр і ў майстэрні прайшлі ператрусы, былі забраныя творы мастацтва, камп’ютарная тэхніка і тэлефоны. Алесь заставаўся на волі да 30 сакавіка. Яго затрымалі на працы ў Кіраўскім раёне, дзе ён займаўся рэстараўцыяй палацу ў Жылічах.

Пад аховаю супрацоўнікаў міліцыі мастака перавезлі ў Горадню, у турму № 1. Праз нейкі час крымінальную справу перадалі ў Менск у Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь. Алеся Пушкіна этапавалі ў Менск на Валадарку. Сёння мастака трымаюць у турме Жодзіна . Тэрмін утрымання пад вартаю для Алеся Пушкіна працягнулі да 30 жніўня.

Адрас для ліставання: Аляксандр Мікалаевіч Пушкін, Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Адначасова з крымінальнай справаю Пушкіна і Мажэйкі пракуратура Гарадзенскай вобласці распачала працэс ліквідацыі гарадзенскага Цэнтру гарадскога жыцця, абвінаваціўшы ўстанову ў экстрэмісцкай дзейнасці. Працэс стаў вядомы яшчэ і тым, што свае прэтэнзіі да цэнтру пракуроры ўгрунтавалі на інфармацыі з Вікіпедыі. Нягледзячы на тое, Эканамічны суд Гарадзенскай вобласці 12 траўня 2021 года прыняў рашэнне ліквідаваць Цэнтр гарадскога жыцця.

Гісторыі
«Такое не знішчыць. Гэта назаўжды». Чым увайшоў у гісторыю Горадні Цэнтр гарадскога жыцця
2021.04.23 08:00

Цэнтр працаваў у Горадні пяць гадоў, зрабіўся папулярным асяродкам, тут ладзіліся выставы, канцэрты, дыскусіі, кніжныя прэзентацыі, мастацкія акцыі, на самым пачатку пандэміі каронавіруса ў памяшканні цэнтру працаваў цэх, дзе шылі неабходныя медыкам сродкі абароны.

Хто такі Алесь Пушкін

Мастак, які больш за 30 гадоў ладзіць мастацкія акцыі. 25 сакавіка 1989 года Пушкін зладзіў першы перформанс у абарону беларускай мовы, за што ўладамі тады яшчэ БССР быў асуджаны на 2 гады зняволення ўмоўна. 21 ліпеня 1999 года Алесь Пушкін правёў акцыю «Подарок президенту «За пятилетний плодотворный труд!»: прыкаціў да рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі тачку гною, пафарбаваную ў чырвоны колер, у якой ляжалі беларускія рублі, выбарчы плакат Лукашэнкі 1994 года «Александр Лукашенко с народом», тагачасны дзяржаўны сцяг, цацачныя кайданкі, кашуля з нацыянальным арнаментам, вянок з васількоў, белыя пальчаткі.

Акцыя Алеся Пушкіна. Калаж

Менавіта ў 1999 годзе павінен быў скончыцца першы тэрмін кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

У 2012 годзе Алесь Пушкін быў арыштаваны на 10 содняў за мастацкую акцыю ў Смаргоні, дзе ён прэзентаваў партрэт Расціслава Лапіцкага, забітага камуністамі дзеяча беларускага незалежніцкага падполля. У 2019 годзе Пушкіна затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў горадзе Крупкі, калі ён выйшаў у цэнтр гораду з плакатамі «Stop Russian agression on Europe» («Спыніце расейскую агрэсію ў Еўропе»), «Russia – war!» («Расея – вайна!») і партрэтам Пуціна ды плакатам «Беларусь у NATO».

У жніўні 2020 года мастак выйшаў з абразом на мірную акцыю пратэсту ў Менску, супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Яго моцна збілі і кінулі за краты.

Алесь Пушкін, збіты на Акрэсціна пасля выбараў 2020 года.
Фота: архіў Пушкіна

У 2021 годзе міліцыянты здзерлі бел-чырвона-белы сцяг з дому Алеся Пушкіна ў Бабры. Да гэтага сцяг лунаў над ім бесперапынна 24 гады.

ПГ, belsat.eu

Стужка навінаў