СМІ пацвердзілі інфармацыю пра смерць ва Украіне працаўніка прэс-службы Мінабароны РФ


Ва Украіне загінуў расейскі палкоўнік Уладзімір Іваноў. Ён быў працаўніком прэс-службы Міністэрства абароны Расеі. Пра смерць Іванова стала вядома, калі работнік дзяржаўнай тэлекампаніі Яўген Паддубны выйшаў на акцыю «Несмяротны полк» з ягоным партрэтам. Потым інфармацыю пра смерць палкоўніка пацвердзіла «Медиазона».

Журналісты спраўдзілі інфармацыю пра смерць працаўніка прэс-службы Мінабароны РФ Уладзіміра Іванова пры дапамозе рэестру спадчынных справаў, праграмы «Getcontact» і выцекаў з расейскіх базаў звестак.

Згодна з рэестрам спадчынных справаў, 41-гадовы Уладзімір Іваноў загінуў 25 сакавіка, ягоную смерць афіцыйна пацвердзілі праз 5 дзён. Натарыус, які афармляў спадчынную справу, пазначыў адрас пражывання загінулага як вул. Знаменка, 19 у Маскве. Гэта адрас галоўнага будынку Міністэрства абароны, ён жа – вайсковая частка 66524.

Міністэрства абароны публічна не пацвярджала гібелі працаўніка прэс-службы. Аб факце смерці палкоўніка Іванова першым паведаміў карэспандэнт Усерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Яўген Паддубны. Ён выйшаў з партрэтам палкоўніка Іванова на акцыю «Несмяротны полк» 9 траўня.

Hавiны
«ByPol»: беларускі генерал удзельнічае ў вайне супраць Украіны
2022.05.26 23:31

Пра работніка прэс-службы з такім самым імем пісаў украінскі праект «Міратворац», які збірае звесткі аб расейскіх вайскоўцах, наймітах і дзеячах самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР».

«Расейскі ваенны злачынца. Прапагандыст. Саўдзельнік інфармацыйна-прапагандысцкіх кампаніяў і маніпуляцыяў МА РФ у апраўданні расейскай агрэсіі супраць Украіны, масавых забойстваў мірных жыхароў Сірыі», – сцвярджаў «Міратворац».

Паводле выцекаў з расейскіх базаў звестак, Уладзімір Іваноў нарадзіўся ў Растове, да пераводу ў Маскву служыў у штабе Паўднёвай ваеннай акругі.

Паводле Збройных сілаў Украіны, на 29 траўня агульныя баявыя страты расейскага войска склалі больш за 30 тыс. чалавек асабовага складу. Паводле «Медиазоны», якая разам з камандай валанцёраў і рэдакцыяй «Бі-бі-сі» вядзе спіс пацверджаных стратаў у арміі РФ, ва Украіне загінулі 60 афіцэраў у званні падпалкоўніка і вышэйшым.

Аналітыка
«Замазаць крывёю». Навошта народы Расеі гінуць за «русский мир» ва Украіне
2022.05.05 13:10

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў