«Не перадумаю, не адмоўлюся, не кіну». Святлана Ціханоўская агучыла адкрыты ліст да мужа


Роўна два гады таму – 29 траўня 2020 – на пікеце ў Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская запісала з гэтай нагоды адкрыты відэаліст да мужа і палітвязня.

Святлана Ціханоўская кажа, што дзень 29 траўня два гады таму цалкам змяніў яе жыццё. З таго дня яна ні разу не бачыла Сяргея, ніводны яе ліст не дайшоў да яго.

«Ты выдатна разумеў, на што ідзеш і каму супрацьстаіш. Але ты заўжды верыў у сілу і гонар беларусаў. І меў рацыю. Нават пры такім узроўні рэпрэсіяў беларусы супрацьстаяць вайне. Гэта права, якое ўсе мы здабылі ў 2020-м і якое баронім цягам двух гадоў. Права называцца беларусамі», – кажа Святлана Ціханоўская.

Яна выказвае ўпэўненасць, што Сяргей Ціханоўскі, які 14 снежня 2021 года быў асуджаны на 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, на свае ўласныя вочы пабачыць, «як адмірае ўсё тое, чаму супрацьстаяў».

«Ты казаў быць больш жорсткай. І, азіраючыся на гэтыя два гады, дакладна магу сказаць, што стала больш жорсткай. Як і ўсе мы», – гаворыць у звароце да мужа Святлана Ціханоўская.

Кажа мужу, што толькі дзякуючы ягонаму выбару не заставацца ўбаку мы пабачылі, як нас шмат.

«Я заплюшчваю вочы і ўяўляю, што трымаю цябе за руку. І разумею, што табе маглі быць незразумелыя мае словы і дзеянні. Але ведаю, што ты падтрымліваеш мяне. Таму што мы аднолькава бачым Беларусь. Аднолькава хочам вярнуць сабе наш дом. І абодва робім усё, каб нашыя дзеці раслі ў свабодзе і любові», – кажа Святлана Ціханоўская.

«Табе ёсць чым ганарыцца, бо ты не згубіў свой стрыжань, не перадумаў, не адмовіўся ад сваіх перакананняў, не кінуў сваю мару.

А значыцца і я – не перадумаю, не адмоўлюся і не кіну. Таму што мара ў нас з табой агульная», – запэўніла беларуская лідарка Святлана Ціханоўская

Вядомы беларускі блогер, аўтар каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе выказаў жаданне балатавацца на пасаду прэзідэнта, аднак 29 траўня быў затрыманы ў Горадні. У якасці кандыдаткі на прэзідэнта замест затрыманага мужа зарэгістравалася Святлана Ціханоўская, якая стала лідаркай пратэсту. 14 снежня 2021 года Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Артыкулы
Белы, чырвоны, чорны… У Варшаве прэзентавалі фотапраект «Колеры беларускага пратэсту»
2022.05.28 14:32

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў