«Мора выкідвае мёртвых дэльфінаў і міны». Беларуская мадэль Яўгенія Цюленева – пра Адэсу падчас вайны


Яўгенія Цюленева – вядомая беларуская мадэль plus size. У 2021 годзе жанчына з’ехала ва Украіну – спачатку ў Кіеў, а потым у Адэсу. Праз дзень пасля пачатку вайны беларуска паехала ў Малдову, але неўзабаве зразумела, што не можа больш уцякаць і вярнулася ў Адэсу, дзе занялася валанцёрствам. «Белсат» стэлефанаваўся з Яўгеніяй у адзін з травеньскіх вечароў. Амаль з першых хвілінаў нашай размовы ў Адэсе пачалася паветраная трывога. Яўгенія зачыніла вакно і працягнула распавядаць нам, як цяпер жывуць Адэса і адэсіты.

Яўгенія Цюленева.
Фота: Кацярына Красніцкая

Адэсіты вяртаюцца дадому, Адэса – да звычайнага жыцця

– Адэса спрабуе зноў жыць нармальным жыццём. Аднавілі працу амаль усе ўстановы. Хіба толькі консульствы сюды не вярнуліся, у адрозненні ад Кіева і Львова.

У цэнтры гораду адпаведна з графікамі ідуць рамонтныя працы: кладуць асфальт, плітку, трамвайныя каляіны.

Запрацавалі, хоць і ў крыху змененым рэжыме, крамы і кавярні. Большасць працуе да 18:00 ці 19:00, некаторыя да 20:00 – пасля ўсе зачыняюцца, каб працаўнікі паспелі даехаць дадому да пачатку каменданцкай гадзіны а 23:00.

15 траўня зноў дазволілі прадаваць алкаголь, але толькі да 18:00. Агулам жа паўтара месяца, да сярэдзіны сакавіка, Адэса жыла «сухім законам». За гэты час у крамах размялі ўсё безалкагольнае піва. Пры гэтым сапраўдныя адэсіты ведаюць, дзе набыць нават моцны алкаголь, насуперак забароне.

Фотарэпартаж
«Хочам ратаваць жыцці». Як хлопцы з Адэсы самі робяць бронекамізэлькі для вайскоўцаў
2022.04.25 21:12

У сярэдзіне сакавіка дазволілі прадаваць піва і віно, але толькі да 15:00. У кавярнях можна было пабачыць, як у людзей на століках стаяць некалькі куфляў – замаўляюць загадзя, пакуль можна, калі збіраюцца пасядзець даўжэй. А яшчэ адэсіты сталі шмат хадзіць адно да аднога ў госці і заставацца начаваць праз каменданцкую гадзіну. Я з часоў студэнцтва столькі не начавала ў сяброў, як цяпер.

Шмат адэсітаў, якія выехалі на пачатку вайны, цяпер вяртаюцца – на мяжы з Малдовай затор на заезд, а не на выезд, як тры месяцы таму. Адэсіты пераважна ехалі ў Кішынэў, бо блізка – усяго 180 кіламетраў.

Вельмі патаннела жытло. У выніку я змагла пераехаць у кватэру з лепшымі ўмовамі і блізка да нашага валанцёрскага штабу.

Пляжы замініраваныя, турыстычнага сезону не будзе

Яўгенія Цюленева.
Фота: Кацярына Красніцкая

– У Адэсе вельмі частыя паветраныя трывогі. Перад нашай размовай літаральна скончылася, доўжылася дзве гадзіны, а цяпер во зноў. У мяне акурат насупраць дому стаіць гэтая сірэна, і яна вельмі гучная. Таму я штоноч прачынаюся. Я не іду ў бамбасховішча, чакаю, пакуль сірэна замаўчыць праз хвілінаў 10-15 ад пачатку, паварочваюся на іншы бок і далей сплю. Хачу купіць заглушкі, каб яна мяне ўвогуле не будзіла.

Я ведаю толькі адну сям’ю, яны, дарэчы, беларусы, якая падчас кожнай паветранай трывогі спускаецца ў падземны паркінг. Больш ніхто з маіх знаёмых не ідзе. Бо не находзішся, асабліва, калі ўсю ноч паветраная трывога.

Гісторыі
«Я ўдзячная беларусам з батальёну Каліноўскага, што яны з намі». Размова з добраахвотніцай тэрабароны
2022.05.21 08:30

Часам бываюць і прылёты, але цяпер часцей у вобласці.

Але я лічу – калі лёс, значыць лёс. Як матэматык з адукацыі (у мяне дзве адукацыі – факультэт прыкладной матэматыкі БДУ і юрыдычны), я паглядзела статыстыку, якая паказвае, што за тры месяцы вайны ў Адэсе загінулі каля 20 мірных жыхароў. Гэта ж не так шмат. Я ўпэўнена, што ад ковіду памерла больш людзей. Таму ты разумееш, што імавернасць загінуць ёсць, але, напрыклад, у ДТЗ яна такая ж, калі не большая.

Я стараюся жыць як і жыла, хоць і бывае страшна падчас прылётаў. Я для Instagram здымала гісторыі пра тое, што робяць адэсіты падчас паветранай трывогі. Дык вось – нічога не змяняецца. Людзі як сядзелі на адкрытых тэрасах у кавярнях – так і сядзяць, аўтобусы як ехалі – так і працягваюць ехаць. Мамы працягваюць гуляць з дзецьмі на пляцоўках.

Яўгенія Цюленева.
Фота: Кацярына Красніцкая

Але ў Адэсе сёлета няма турыстаў. Замініраваныя і закрытыя пляжы, размініраваных мала, купацца нельга. Нядаўна прыбіла міну да берагу. Але і гэта некаторых не спыняе, людзі ходзяць купацца. Але сезону сёлета не будзе. Адэса праз гэта цярпіць, бо незразумела, колькі часу нават пасля вайны зойме размініраванне, асабліва мора.

На бераг мора выкідае мёртвых крэветак, дэльфінаў. Вайна закранае і марскіх жыхароў, відаць, калі ў мора падаюць ракеты, яны і там забіваюць усё жывое.

Беларусы сур’ёзней ставіліся да імавернасці пачатку вайны

– Я рыхтавалася да вайны і сур’ёзна ставілася да папярэджванняў. Я скончыла кафедру матэматычнага мадэлявання і аналізу дадзеных, і акурат аналіз паказваў, што вайна будзе з вялікай імавернасцю. Людзі, якія адмаўлялі такую магчымасць, арыентаваліся толькі на эмоцыі – маўляў, гэтага не можа быць. Мне падаецца, што беларусы ставіліся больш сур’ёзна, бо мы ведаем, што шмат таго, чаго, здавалася б, не можа быць, насамрэч можа быць. Таму беларусы больш рэалістычна ацэньвалі сітуацыю.

Калі я пыталася ва ўкраінцаў: а што вы будзеце рабіць у выпадку вайны – яны адказвалі: дастанем стрэльбы і пойдзем бараніць радзіму. Гэта казалі нават жанчыны, бабулі. Я была ў шоку ад іхнага баявога настрою.

Мы ж з сябрамі разумелі, што ваяваць не пойдзем, таму прадумвалі план эвакуацыі ў Малдову. Задачай аднаго з сябраў было трымаць заўсёды поўны бак, ежу і ваду ў багажніку, каб мы маглі хутка з’ехаць.

Яўгенія Цюленева.
Фота: Кацярына Красніцкая

24 лютага я прачнулася ад званку з Менску. Мне патэлефанавала сяброўка і сказала, што нас бамбяць. Я не чула выбухаў. Патэлефанавала сябру, які жыў недалёка ад вайсковай часткі, і ён пацвердзіў, што так – бамбяць. Ён нават бачыў, як СПА збівае ракету.

Мы з сябрамі пабаяліся выязджаць у першы ж дзень, бо незразумела было, дзе і калі прыляціць. На другі дзень я ўсё ж паехала, бо зачынілася дзяржаўная міграцыйная служба. У мяне сканчаўся тэрмін легальнага побыту ў краіне. Я сабрала дакументы для віду на жыхарства, але падаць іх не паспела. Я разумела, што стаць нелегалам у краіне, дзе ідзе вайна, для грамадзянкі краіны, адкуль пачалася вайна, такая сабе ідэя. Таму я пастанавіла, што лепш усё ж ехаць у Малдову.

«Было адчуванне, што так і буду, як загнаны сабака, бегчы ўвесь час»

– У Малдове мне было горш, чым у Адэсе. Мы з сябрамі адразу сталі дапамагаць тым, хто толькі што прыехаў. Але мяне не пакідала адчуванне, што я ўвесь час раблю недастаткова. Я думала, што ва Украіне ты дапамагаеш краіне нават калі купляеш каву ў кавярні, бо эканоміка мусіць працаваць. Нават калі ты сядзіш каля вакна падчас паветранай трывогі і верыш у ЗСУ і СПА, ты ўжо ў думках дапамагаеш Украіне.

Артыкулы
Беларуска валанцёрыць у Львове: «Супрацоўнік СБУ прасіў тэлефанаваць, калі нехта пакрыўдзіць»
2022.04.19 17:44

Магчыма, у Малдове мяне накрыў сіндром уцекача. Бо я толькі нядаўна з’ехала з Беларусі, набудавала сабе планаў ва Украіне, знайшла сяброў, і тут мне зноў трэба зрывацца і ўцякаць. У мяне было адчуванне, што я буду як той загнаны сабака бегчы ўвесь час па зямным шары. Я зразумела, што больш не хачу ўцякаць, і гэтае разуменне прымусіла мяне вярнуцца. Цяпер мне сябры пішуць: едзь да нас у Польшчу. А я пытаюся ў адказ: а калі Расея прыйдзе ў Польшчу, куды бегчы далей?

Я ўвогуле забараніла мне пісаць панікёрам. Бо немагчыма чытаць паведамленні накшталт «Жэня, бяжы, вам засталіся содні, вас заблакуюць, з Адэсы зробяць Марыупаль».

Яўгенія Цюленева.
Фота: Кацярына Красніцкая

Праз тры дні з пачатку вайны зноў запрацавала ДМС, і я пастанавіла вяртацца ў Адэсу. Але мяне з маім беларускім пашпартам не прапусцілі. Паколькі тады я ўжо валанцёрыла ў Кішынэве – дапамагала адпраўляць «гуманітарку» з Еўропы ва Украіну, рассяляла ўцекачоў, я звязалася з валанцёрскай арганізацыяй у Адэсе, яны дапамаглі мне заехаць ва Украіну.

Пасля вяртання я стала блізка супрацоўнічаць з Адэскім валанцёрскім штабам. Дапамагала з рассяленнем людзей, якія эвакуяваліся з акупаваных тэрыторыяў. Цяпер вяду сацсеткі штабу. Удзельнічаю ў святах для дзяцей, што ладзіць штаб. Мы імкнёмся даць дзецям хоць крыху свята на фоне таго, што даводзіцца перажываць.

Валанцёрскі штаб у Адэсе.
Фота: Ніколь Драмарэцкая

У нашым штабе людзі могуць атрымаць адзенне, бялізну, ручнікі, коўдры, посуд, харчы, ваду, сродкі гігіены, нават дзіцячыя ці інвалідныя вазкі. Да нас прыходзяць да 200 асобаў штодня.

«Я не вярнуся ў Беларусь»

– Я з’ехала з Беларусі, бо адчувала, што там можа быць небяспечна для мяне. З’язджала спантанна, без плану, з адной маленькай валізкай. Візы ў мяне не было, таму я паехала ў Кіеў. Потым у Адэсу – падумаць, што рабіць далей. Але мне так спадабаўся горад, што я захацела застацца.

Графіці ў Адэсе, зробленае з дапамогаю валанцёрскага штабу.
Фота: Аляксандр Зянковіч

Адэса – гэта вельмі мой горад. Мне некаторыя адэсіты кажуць, я добра ўпісваюся ў мясцовае жыццё, маўляў, нават дзіўна, што я не нарадзілася ў Адэсе.

Адэсіты вельмі адкрытыя, больш, чым беларусы. Тут пастаянна ўсе жартуюць. Наш штаб жартуе нон-стоп, у тым ліку падчас паветранай трывогі і абстрэлаў. Я не ведаю, як інакш можна выжыць у цяперашняй сітуацыі. Гумар ратуе адэсітаў.

Рэпартаж
«Мова катоў яднае людзей». Адэскія экскурсаводы – пра турызм падчас вайны
2022.03.31 13:00

У Адэсе роўна ставяцца да ўсіх нацыянальнасцяў. Я не сутыкалася з негатывам да беларусаў. У нашым штабе агулам каля ста асобаў, з іх – тры беларускі, два расейцы, і мы ўсе сябруем.

У Беларусь я не збіраюся вяртацца. Бо не магу назваць гэта вяртаннем, гэта – пераезд у іншую краіну. Калі б у Беларусі адбыліся змяненні, я б пераехала ў гэтую цалкам новую краіну, бо там бы ўжо быў зусім іншы свет, зусім не такі, як цяпер.

Даведка
Яўгенія Цюленева.
Фота: асабісты архіў Яўгеніі Цюленевай

Але калі гэта стане магчымым, я не ведаю. На мае адчуванні, з уварваннем Расеі ва Украіну пачалася трэцяя сусветная вайна, і гэта працягнецца яшчэ доўга.

Таму я думаю, што трэба не чакаць, а проста жыць сваім жыццём, тут і цяпер, што я і стараюся рабіць. Я цяпер атрымліваю столькі задавальнення, колькі да вайны не атрымлівала ад кожнага моманту, асалоду ад смачнай ежы, цёплай вады, ванны ці душу. А асабліва радуюся таму, што ў мяне цяпер тут, у Адэсе, шмат сяброў, і нас аб’ядноўвае супольная валанцёрская праца.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў