З Акрэсціна выйшла журналістка Любоў Каспяровіч. Як прайшлі яе 15 содняў


У суботу, 29 траўня, на волю выйшла журналістка TUT.BY Любоў Каспяровіч. Дзяўчына правяла ў ізалятары на Акрэсціна 15 содняў, але нягледзячы на гэта, была ў добрым настроі, распавядаюць калегі журналісткі.

Журналістка Любоў Каспяровіч пасля выхаду з содняў. 29 траўня. Менск.
Фота: Tut.by

Пра тое, што адбылося з парталам TUT.BY журналістка даведалася толькі праз тыдзень ад сакамерніц:

«Мне сказалі ўвечары 24 траўня. Паднеслі так: усё, усё закрылі, усіх пахапалі. «Што, хто, з кім?» – круцілася ў галаве. Я думала, звар’яцею ад гэтых думак. Ноч і дзень я пакутавала, потым стала крыху прыходзіць у сябе», – распавядае Любоў.

Артыкулы
Атака на TUT.by: у офіс і кватэры рэдактараў прыйшлі сілавікі, сайт заблакаваны
2021.05.18 11:29

Затрыманыя на Акрэсціна, па словах журналісткі, па-ранейшаму ўтрымлівацца ў перапоўненых камерах. «Сённяшняя ноч прайшла цікава. К вечару нас у васьмімеснай камеры было 17 чалавек. Новенькія, хто прыходзіў, жахаліся, але, у прынцыпе, усё не так страшна і жудасна», – успамінае журналістка.

Таксама Любоў распавяла, што за гэтыя дні нармальна паспаць ёй не ўдалося: «Ты спіш на падлозе, халодна. Плюс так званыя палітычныя камеры будзяць яшчэ ў два і чатыры гадзіны ночы. Называюць тваё прозвішча, табе трэба падняцца або адказаць».

Пасцельную бялізну ёй і сакамерніцам не выдавалі. У душ таксама не вадзілі.

«Бялізна была ў камеры насупраць. Праз кармушку можна было ўбачыць тапачкі, пакрывальца. У нас жа былі голыя ложкі. На падлозе спаць было зручней, чым на іх. Прагулкі – гэта тры-чатыры тысячы крокаў па камеры, пакуль ты не стамляешся лічыць. Душ – гэта вільготныя сурвэткі і бутэлька вады» – распавядае Любоў.

Перадачы журналістке аддалі толькі на выхадзе з ЦІП. Усё, што было ў дзяўчыны – гэта рэчы, у якіх яе затрымалі. Калегі паспелі праз РУУС аддаць перадачу, у якой былі розныя сродкі гігіены, але пры паступленні ў ІЧУ іх не прапусцілі. З той перадачы аддалі толькі пачку масак.

Журналістка Любоў Каспяровіч пасля выхаду з содняў. 29 траўня. Менск.
Фота: Tut.by

З плюсаў Любоў назвала колькасць добрых людзей, якія былі разам з ёй у камеры: «Такой турботы я не адчувала ніколі».

У адносінах да супрацоўнікаў ізалятара дзяўчына адзначае, што былі моманты, калі парушалі зону камфорту. «Выходзіш, рукі за спіну, пераклічка, з раніцы вылівалі ваду з хлёркай, ня хлёркай. Па адчуваннях, былі розныя пахі. Гэта ўсё прыбіраеш. Увогуле, я не была ў такім становішчы, таму для мяне гэта нязвыкла», – узгадвае Любоў.

На выхадзе з ізалятара журналістку ўжо чакалі родныя і калегі.

Абнаўляецца
Журналістку Любоў Каспяровіч пакаралі 15-цю соднямі арышту
2021.05.17 13:52

АД, belsat.eu

Стужка навінаў