Галадала 10 дзён: Дзяўчына, якую затрымалі за маску на Дзень Перамогі ў Віцебску, выйшла на волю

Пасля 20 содняў з ізалятара часовага ўтрымання вызвалілі віцяблянку Ангеліну Туравец.

Віцяблянка Ангеліна Туравец пасля содняў. Фота: Белсат

Дзяўчына была затрыманая 9 траўня на святкаванні Дня Перамогі. Прычынай затрымання сталася маска з выявай роту бела-чырвоных колераў.

Ангеліна Туравец. Фота: Белсат

Суддзя Алена Цыганкова палічыла, што Ангеліна такім чынам правяла адзіночны пікет, і прызначыла ёй 20 содняў адміністратыўнага арышту. У той дзень разам з дзяўчынаю затрымалі і хлопца, але яго адпусці, бо той не меў маскі.

Сябры і знаёмыя, якія чакалі дзяўчыну каля сцен віцебскага СІЗА-2, змаглі яе абняць толькі каля Чыгуначнага РАУС, дзе пасля содняў з Ангелінай правялі прафілактычную размову.

«Матрацаў у нас не было, на дзень іх забіралі, кнігі выдавалі на 30 хвілін. Святло не гасілі ні днём, ні ўначы – спаць немагчыма! Матрац мне выдалі толькі ў гэтую сераду, і толькі таму, што ў мяне паднялася тэмпература», – распавядае дзяўчына пра ўмовы ўтрымання.

Таксама Ангеліне не даходзілі прадуктовыя перадачы, а якасць харчавання ў ізалятары такая, што «лепш не есці». Апошнія 10 содняў дзяўчына галадала, піла толькі гарбату і кісель.

Маці Ангеліны Таццяна Туравец пісала наконт жорсткіх умоваў утрымання ў ІЧУ скаргу ў пракуратуру. Ангеліна расказвае, што праверка сапраўды адбылася, да іх у камеру прыходзіў пракурор. Але, на жаль, зменаў пасля гэтага ніякіх не адбылося.

Напярэдадні сама Таццяна Туравец была прысуджаная да трох гадоў «хіміі».

Жанчыну завочна асудзілі на «хімію» за ўкусы міліцыянтаў пры затрыманні

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны