Air France і Lufthansa атрымалі дазвол на палёты ў Расею, абмінаючы паветраную прастору Беларусі

Французская авіякампанія Air France і нямецкая Lufthansa атрымалі адабрэнне ад Расеі на рэйсы, якія пазбягаюць беларускай паветранай прасторы, паведамляе Reuters.

Раней Агенцтва па авіяцыйнай бяспекі Еўрапейскага звязу (EASA) параіла авіякампаніям пазбягаць беларускай паветранай прасторы пасля вымушанай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair.

Еўрапейскае агенцтва авіябяспекі заклікала пазбягаць паветранай прасторы Беларусі

У менскім аэрапорце 24 траўня на дзве гадзіны затрымалі рэйс авіякампаніі Lufthansa, які мусіў выконваць рэйс з Менску ў Франкфурт. Прычынай таму сталася паведамленне аб мінаванні, якое не пацвердзілася. Тады з самалёту высадзілі ўсіх пасажыраў для паўторнага дагляду рэчаў.

На наступны дзень, 25 траўня, кампанія Lufthansa паведаміла, што прыпыняе палёты ў Менск да 3 чэрвеня.

У чацвер, 27 траўня, былі адменены рэйсы аўстрыйскай авіякампаніі Austrian Airlines з Вены ў Маскву, а таксама некалькі дзён запар не змог даляцець да расейскай сталіцы лайнер Air France з Парыжа. Прычынай таму стала тое, што расейскія авіяцыйныя ўлады не ўзгаднілі палёты самалётаў, якія спрабавалі на шляху ў Расею абляцець паветраную прастору Беларусі.

Цяпер жа Расея дазваляе ўзгодненыя рэйсы ў абыход паветранай прасторы Беларусі.

Самалёт «Белавіі» кружляў над Берасцейшчынай. Польшча растлумачыла, што гэта было

АД, belsat.eu

Hавiны