20-гадовага расейца абвінавачваюць у арганізацыі пратэсту

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

Ягора Дуднікава затрымалі 5 траўня ў Менску, пасля ператрусу змясцілі ў СІЗА КДБ, паведамляе «Вясна».

Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванню ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Да Ягора не пускаюць адваката.

Яго маці Юлія перакананая, што спадар пераехаў у Менск праз тое, што закахаўся некалькі гадоў таму ў дзяўчыну. Тут жа ён агучваў мультфільмы, анімэ, гульні, рэкламныя ролікі, таксама апрацоўваў тэксты, падпрацоўваў рэдактарам, а часам і грузчыкам.

«Асноўнай мэтай гэтага было знаходжанне ў Менску, бо ён сустракаўся з дзяўчынай, яны будавалі планы», – распавядае Юлія.

5 траўня Ягор Дуднікаў правёў дзяўчыну да дому, паабяцаў маці, што ператэлефануе, ёй і знік. Спадарыня набірала сына ўсю ноч, але той быў недасяжны. На наступны дзень яна даведалася, што Ягора затрымалі, у ягонай кватэры пры ператрусе знайшлі і канфіскавалі толькі мікрафон.

«Калі шчыра, я не думала, што наяўнасць мікрафона можа быць дастатковай падставай для затрымання. Асабліва, улічваючы, што чалавек займаецца апрацоўкай аўдыё», – кажа маці Ягора.

Некалькі дзён па тэлефонах Юліі ў РУУСах казалі, што ніякіх Дуднікавых у іх няма. Тады спадарыня вырашыла сама ляцець у Менск, знайшла дзяжурнага адваката Ягора, які паведаміў ёй, што яе сына трымаюць у СІЗА КДБ і якое яму прад’яўляюць абвінавачанне.

Цягам двух тыдняў да Ягора не пускаюць адваката, таму маці не ведае ніякіх акалічнсцяў справы. За гэты час яна атрымала толькі адзін ліст ад сына: «Ён піша, як сумуе па нам і як шкадуе, што даставіў нам столькі засмучэння. Таму што ён рэальна разумее, што мы ўсе тут з розуму сходзім ад перажывання за яго. Дзяўчыне ён піша, што сумуе і кахае яе. Ён спадзяецца, што далейшыя планы будуць у іх усё-такі сумесныя… Ён піша, але ўсё прасякнутае нейкім адчаем, нявыкрутка ад таго, што ўсё зруйнавалася на пустым месцы».

Маме Ягора вядома, што за гэты час яго дапытвалі і здымалі на відэакамеру. Яна асцерагаецца, што з-за ціску ў КДБ і пры следчых дзеяннях без адваката, хлопец можа «нагаварыць лішняга» супраць сябе:

«Ён закаханы 20-гадовы хлапчук, але ніяк не арганізатар, не падрыхтовец паўстанняў».

Юлія распавяла, што Ягора затрымліалі летась у кастрычніку, калі ён заступіўся за дзіця, якога хацелі затрымаць. Па словах маці, яе сыну «атрымалася пазбегнуць арышту, бо, калі яго сталі біць [супрацоўнікі], яму стала дрэнна з сэрцам». Тады Ягора адвезлі ў больніцу.

МГМ, belsat.eu

Hавiны