«Мне ўжо паставілі дыягназ». Паліцыя змясціла Ігара Банцэра ў псіхіятрычны шпіталь, ён просіць аб розгаласе


Музыку і былога палітвязня Ігара Банцэра змясцілі ў Варшаве ў псіхіятрычную лякарню. Фотаздымак з геалакацыяй «Псіхіятрычны шпіталь» ён размясціў у сацсетках. У каментары да аднаго з пастоў Банцэр патлумачыў, што гэта было не ягонае рашэнне. «Белсат» дазваніўся да былога палітвязня і спраўдзіў інфармацыю.

Рок-музыка з Горадні Ігар Банцэр, лідар панк-гурта Mister X, былы палітзняволены. 31 кастрычніка 2022 года. Варшава, Польшча. Фота Аліса Ганчар / Белсат

«Так, сапраўды я знаходжуся ў варшаўскай псіхушцы. Мала таго – мне ўжо паставілі дыягназ і пачалі фаршыраваць нейкай наркатой, пігулкамі нейкімі, без маёй згоды. Які дыягназ? Штосьці там нейкая шызафрэнія маніякальная. І я магу пагражаць жыццю і здароўю іншых людзей праз сваю агрэсію. Мяне забралі за беларускі акцэнт, мае чорныя пазногці, мой ружанец і мае татуіроўкі. Нібыта з-за агрэсіўных паводзінаў», – распавёў «Белсату» па тэлефоне Ігар Банцэр.

З ягоных словаў, яго пазаўчора забрала паліцыя і прывезла ў шпіталь у кайданках. Затрымалі Банцэра ў Варшаўскім цэнтры сямейнай дапамогі. Ён сцвярджае, што нікога нават пальцам там не крануў, але некалькі «вульгарных фразаў» сказаў. Кажа, што не быў пад уплывам алкаголю і наркотыкаў, бо ўжо даўно ад іх адмовіўся. Тэст, які зрабілі ў шпіталі, наяўнасць алкаголю ў крыві не выявіў.

Ігар Банцэр знаходзіцца зараз у першым аддзеле псіхіятрычнага шпіталя на вуліцы Новавейскай, 27 (Nowowiejska 27) у Варшаве. Яго можна наведаць.

«Я пайду з гэтым у суд. Адназначна! Я проста так гэтага не адпушчу. І гэта будзе вельмі гучная справа», – абяцае Ігар Банцэр.

Ігар Банцэр просіць аб як мага шырэйшым распаўсюдзе інфармацыі.

Ігар Банцэр – музыка і вакаліст гурту «Mister X». У верасні 2020 года ён станцаваў без штаноў перад міліцэйскім аўтамабілям і быў асуджаны на паўтара года «хіміі». У следчым ізалятары 16 дзён трымаў «сухую» галадоўку. Быў вызвалены 17 снежня 2021 года. У жніўні 2022 года адседзеў 45 сутак паводле адміністрацыйнага артыкулу, пасля чаго з’ехаў з Беларусі.

Гісторыі
Унутры Ігара Банцэра. Былы палітвязень – пра Бога, бой з КДБ, беларускую мову, каханне і секс…
2022.11.06 07:03

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў