Вайсковы эксперт распавёў пра рэальнасць ядравай пагрозы і расейскую «руку з труны»


Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін мяркуе, што нельга недаацэньваць ступені небяспекі ядравага ўдару. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг на падтрыманне ўкраінскага народу. Францыя, Парыж. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: Laure Boyer / Hans Lucas / Forum

«Існуюць ваенныя дактрыны, што прадугледжваюць дакладны ўдар, які абяззбройвае, няядравымі крылатымі ракетамі па месцы з расейскай ядраваю зброяй. Гэты няядравы ўдар можа быць расцэнены Расейскаю Федэрацыяй як пагроза існаванню Расейскай Федэрацыі, бо ён зніштажае яе ядравы патэнцыял», – патлумачыў знаўца.

На думку Алесіна, менавіта гэта можа прывесці да ядравай атакі.

«Што датычыць Беларусі, то неаднаразова заяўлялі: агрэсія супраць тэрыторыі Беларусі будзе расцэньвацца гэтак сама, як агрэсія супраць тэрыторыі самой Расейскай Федэрацыі. Згодна з цяперашнімі пагадненнямі, мы амаль што агульная абаронная прастора. Паводле саюзнай дамовы 1999 года, любы напад на тэрыторыю ад Курыльскіх астравоў і да раёнаў Берасця будзе расцэньвацца як напад на Саюзную дзяржаву», – падкрэсліў Алесін.

Даведка
Вайсковы аглядальнік, эксперт у пытаннях абароны і вайскова-прамысловага комплексу Аляксандр Алесін.
Фота: Ej.by

Эксперт звярнуў увагу на ваенны аспект заявы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, дзе той казаў пра ўдар у адказ:

«З гледзішча вайсковай тэрміналогіі, удар у адказ прадугледжвае запуск ракетаў, калі на цябе таксама запусцілі іншыя ракеты. То бок яны недзе ў паветры сустрэнуцца. Для гэтага існуе сістэма ранняга папярэджання ракетнага нападу. Ніхто не будзе чакаць, пакуль на тваю тэрыторыю прыбудуць ядравыя боегалоўкі. Дастаткова спадарожнікам выведкі і радарам зафіксаваць пуск ракетаў з тэрыторыі твайго патэнцыйнага супраціўніка, як у той жа час праследуе ўдар у адказ. Гэтая заява празмерна небяспечная. Яна падвышае ступень ваеннай небяспекі».

Алесін не згодны з тымі, хто лічыць неабходным нейкае дадатковае рыхтаванне для Расеі, каб запусціць ракеты:

«Узмоцненае баявое дзяжурства – гэта і значыць, што рухомыя ды глебавыя комплексы выведзеныя на маршруты баявога патрулявання, яны састыкаваныя з боегалоўкамі, усё тэхабслугоўванне праведзенае, і яны гатовыя па першым сігнале валізы пусціць ракеты. Тое ж і з падводнымі чаўнамі. Яны часткова ўжо ў раёне баявога патрулявання, яны застаюцца на дальнасці пуску і чакаюць сігналу, каб адкрыць гэты самы сакрэтны пакет, дзе будуць коды запуску. Такім чынам, нельга недаацэньваць узровень той небяспекі, якая цяпер узнікае».

Эксперт патлумачыў і сам прынцып запуску ядравай зброі:

«Славутыя валізкі – гэта тэрміналы. Іх тры: адзін у Пуціна, адзін у Шайгу, адзін у Герасімава, кіраўніка Генеральнага штабу. І толькі ў выпадку адначасовага націскання, прывядзення ў дзеянне ўсіх трох валізак пойдзе сігнал на запуск расейскай трыяды. То бок стратэгічных ракетаў, крылатых ракетаў, бамбавальнікаў і ядравых ракетаў падводных чаўноў.

Але ёсць яшчэ адзін варыянт: у Расеі ёсць сістэма «Перыметр», ці так званая мёртвая рука, ці «рука з труны».

У свой час, калі Злучаныя Штаты мелі вялікую перавагу перад Савецкім Саюзам у ядравых сілах і быў магчымы ядравы ўдар на абяззбройванне па цэнтрах прыняцца рашэнняў у Савецкім Саюзе, стварылі сістэму аўтаматычную. Яна замярае радыяцыю, ударную хвалю, радыёмагнітнае выпраменьванне, і гэта дае ёй падставу меркаваць, што краіна зазнала ядравую атаку. Яна запытвае Пуціна, Шайгу і Герасімава, і калі тыя не адказваюць, то сістэма сама, пры дапамозе тых камандзіраў, якія яшчэ застаюцца ў страі, можа ініцыяваць ядравы ўдар у адказ. Запускаюцца сігнальныя ракеты, падобныя да балістычных, яны ўзлятаюць на сотні кіламетраў, а адтуль ідзе сігнал усім ракетным устаноўкам, што засталіся жывыя. Пуцін можа загінуць, Шайгу можа загінуць, Герасімаў можа загінуць, але ўсё адно будзе адказ на запуск, калі такі будзе ў бок Расейскай Федэрацыі. То бок мы цяпер у вельмі небяспечнай сітуацыі. Варта гэта разумець».

Hавiны
Эканамічныя наступствы вайны: колькі страціла Украіна і як плануе аднаўляць эканоміку
2022.04.29 11:36
  • У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») з мэтай «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне паняцця «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 5,3 млн асобаў.
  • Масавае забойства мірных жыхароў у прадмесцях Кіева заходнія медыі і палітыкі ўжо назвалі генацыдам. Расейскі бок афіцыйна адмаўляе сваю датычнасць да забойства цывільнага насельніцтва.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў