Расейскі суд пакінуў беларуску Яну Пінчук у СІЗА яшчэ на тры месяцы


Васілевостраўскі раённы суд Санкт-Пецярбургу пакінуў беларуску Яну Пінчук у СІЗА да 30 ліпеня. Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Вот Так» з суда. На пасяджэнне не пусцілі журналістаў і слухачоў.

Паводле адвакаткі Марыі Бяляевай, абарона настойвала на змене меры стрымання на хатні арышт.

Яну Пінчук заводзяць у залу пасяджэння. Відэа: «Вот Так»

«У Яны на руках ужо ёсць пастанова аб экстрадыцыі. Мы паралельна з гэтым судом абскардзім пастанову. Цяпер галоўнае – выйграць час і дамагчыся адмены экстрадыцыі. Суд для абскарджання экстрадыцыі яшчэ не прызначаны», — распавяла карэспандэнту «Вот Так» Марыя Бяляева.

Раней Расея ўхваліла выдачу Яны Пінчук у Беларусь.

Яна Пінчук.
Фота: zaks.ru

У Беларусі Яну Пінчук вінавацяць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу за адміністраванне тэлеграм-чату «Віцебск 97 %», прызнанага ўладамі экстрэмісцкім. Паводле версіі беларускага следства, у тэлеграм-канале Яна Пінчук пад нікам Прынцэса Лея размяшчала паведамленні з «негатыўнай ацэнкаю супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады». Акрамя таго, нібыта публікавала «заклікі да прычынення шкоды міліцыянтам» і «экстрэмісцкія матэрыялы». Пра якія канкрэтна матэрыялы ідзецца, невядома, адзначаюць адвакаты дзяўчыны.

Яна Пінчук не адмаўляе адміністравання каналу, але сцвярджае, што ў ім было яшчэ некалькі карыстальнікаў з нікнэймам Прынцэса Лея. Свой акаўнт пасля абвяшчэння ўладамі каналу экстрэмісцкім Пінчук, са словаў абаронцаў, выдаліла. Пасля арышту Яна прасіла палітычнага прытулку ў Расеі.

Hавiны
Беларуска, якую збіраюцца экстрадаваць з Расеі, выйшла замуж у СІЗА
2022.03.15 19:47

У РФ 24-гадовая Яна Пінчук пераехала ў 2018 годзе, з лістапада 2021-га яна застаецца ў ізалятары. Следчы камітэт Беларусі адправіў расейскім сілавікам дакументы на экстрадыцыю. На радзіме дзяўчыне пагражае да 20 гадоў зняволення.

Аляксандр Скрыльнікаў / КВ «Вот Так»

Стужка навінаў