Летась беларусы адседзелі за нацыянальныя сімвалы агулам 7 гадоў


Пакараныя за 2021 год правялі за кратамі як мінімум 2589 содняў і былі аштрафаваныя на 53 тысячы еўраў, паведамляе ПЭН-цэнтр.

Беларускі шпацыруюць у белай і чырвонай вопратцы. Менск, Беларусь. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: чытачы / Белсат

«Бел-чырвона-белы сцяг зрабіўся галоўным сімвалам акцыяў пратэсту, якія ўзніклі ў адказ на сфальсіфікаваныя выбары прэзідэнта ў жніўні 2020 года і наступны беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні той часткі грамадства, што выступіла за праўду і перамены. Вулічныя пратэсты жніўня 2020 – пачатку 2021 года былі здушаныя сілавым апаратам, аднак сцяг і спалучэнне белага ды чырвонага колераў застаюцца галоўнымі нацыянальнымі сімваламі, што аб’ядноўваюць жыхароў краіны і беларускія дыяспары па ўсім свеце ў барацьбе за свабоду і перамены.

Усяго за 2021 год у маніторынг трапілі 335 выпадкаў парушэння права на карыстанне бел-чырвона-белай сімволікай у дачыненні 323 чалавек і 3 выпадкі рэпрэсіяў у дачыненні арганізацыяў і супольнасцяў (2 таварыствы жыхароў і 1 рэстаран)», – гаворыцца ў справаздачы.

Формы выкарыстання былі розныя: як уласна бел-чырвона-белыя сімвалы, так і варыяцыі белага ды чырвонага колераў у адзенні, малюнках, налепках і г. д. Геаграфічна рэпрэсіі ахопліваюць усю краіну, але найбольш пацярпелі Менск, Менская і Віцебская вобласці.

У спісе асобаў, пацярпелых ад рэпрэсіяў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, змяшчаецца інфармацыя пра чацвярых жыхароў Беларусі, у дачыненні якіх распачалі не адміністратыўныя, а крымінальныя справы. І ў 2021 годзе іх асудзілі:

  • 4 лютага 2021 года жыхар вёскі Заўшыцы Салігорскага раёну Руслан Акостка быў асуджаны на 3 гады калоніі за тое, што 15 лістапада 2020 года прайшоў амаль увесь горад Салігорск на памяць пра забітага сілавікамі мастака Рамана Бандарэнку. Першапачаткова Руслана пакаралі 15 соднямі, пасля якіх супраць яго распачалі крымінальную справу за супраціў супрацоўнікам РАУС падчас затрымання.
  • 25 кастрычніка 2021 года мянчанка Марыя Каванцава была асуджаная на 2 гады «хіміі» за відэа, знятае ў жніўні 2020 года і размешчанае ў сацыяльных сетках TikTok і Instagram у сакавіку 2021 года, на якім яна пазіруе ля Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Менску з накінутым на плечы бел-чырвона-белым сцягам. Таксама выракам суду быў сканфіскаваны і забраны ў даход дзяржавы мабільны тэлефон Марыі – «iPhone 6».
  • 6 снежня 2021 года жыхар вёскі Куршынавічы Берасцейскай вобласці Аляксандр Плескацэвіч быў асуджаны на 2 гады «хіміі» за нанясенне ў жніўні – верасні 2021 года надпісаў і малюнкаў белага ды чырвонага колераў на апоры электралініяў, электрычны шчыток, прыдарожныя драўляныя крыжы, дамы і будынкі ў сваёй вёсцы, у тым ліку за надпіс на адным са слупоў «Света, я вас люблю», якой ён выказаў сімпатыю да Святланы Ціханоўскай, кандыдаткі на прэзідэнцтва 2020 года.
  • 8 снежня 2021 года жыхар Кішчынай Слабады Менскай вобласці Мікалай Слёз быў асуджаны на 1 год «хіміі» за намаляваныя ў жніўні бел-чырвона-белыя сцягі на сценах закінутага [ёсць рашэнне пра знос] будынку Дому культуры, размаляваныя белай і чырвонай фарбамі два дрэвы і слуп электралініяў у сваім мястэчку.

Як і ў 2020 годзе, у пачатку 2021-га працягвалі паступаць звесткі, што на падлозе на ўваходзе ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Менску ляжаў бел-чырвона-белы сцяг, па якім прымушалі праходзіць затрыманых. У эфіры дзяржаўных тэлеканалаў заклікалі ачысціць краіну ад людзей, якія нясуць недзяржаўны [бел-чырвона-белы] сцяг ці выкрыкваюць лозунг «Жыве Беларусь!», паведамляючы пра іх у міліцыю.

Hавiны
За БЧБ-сцяг на аватарцы ў Viber мужчыну арыштавалі на 10 содняў
2022.02.11 11:41

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў